Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве будзе перададзены парафіяльнай супольнасці ў бязвыплатнае карыстанне тэрмінам на пяць гадоў – паведамляе catholic.by. Зараз у гэтай старадаўняй святыні, якая мае выключную гістарычную каштоўнасць, намаганнямі парафіяльнай супольнасці вядуцца сур'ёзныя рамонтныя працы па захаванні і аднаўленні касцёла.
Гэты будынак мае статус сукафедральнага сабора Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з'яўляецца помнікам архітэктуры ў стылі барока, пабудаваны ў 1738-1752 гадах.
У інтэр'еры вылучаюцца фрэскі на біблейскія тэмы на скляпеннях храма.
З 1993 года сабор служыць адным з цэнтрам штогадовага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа", які праводзіцца ў Магілёве. 15 жніўня 2018 года, у дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у касцёле быў урачыста прэзентаваны і асвячоны новы арган, створаны ў гатычным стылі ў 1928 годзе вядомым нідэрландскім майстрам Леанам Вершурэнам.