суб, 21.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У Горках прайшла сустрэча з пісьменнікам, які напісаў гімн БДСГА

26.04.2024 – 17:41 | 417

У бібліятэцы БДСГА прайшла сустрэча са Змітраком Марозавым – выпускніком акадэміі, аўтарам некалькіх дзясяткаў кніг і гімна нашага ВНУ – паведамляе baa.by.

Змітрок Марозаў нарадзіўся ў вёсцы Язбы Крупскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў агранамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджае ў Горкі, дзе прайшлі яго дзіцячыя (в. Балбечына Горацкага раёна) і студэнцкія гады. 

Ён аўтар 36 кніг вершаў і прозы для дарослых і дзяцей, у тым ліку першага ў еўрапейскай літаратуры вянка вянкоў санетаў "Апакаліпсіс душы" (1991). Таксама ён напісаў словы да гімна БДСГА

На сустрэчу са Змітраком Марозавым прыйшлі ўдзельнікі народных літаратурных аб'яднанняў "Роднае слова" і "Парнас"", супрацоўнікі акадэмічнай бібліятэкі і цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага, сябры аўтара, студэнты агратэхналагічнага факультэта.

Аўтар чытаў прысутным пранікнёныя вершы аб роднай Беларусі, і шчырыя філасофскія разважанні аб нашым часе, і лірычныя радкі пра жанчыну і каханне. У сваім выступе Дзмітрый Дзмітрыевіч успамінаў сваю вучобу ў акадэміі, сур'ёзныя заняткі лёгкай атлетыкай, сваю працу аграномам у гаспадарках Магілёўскай вобласці, на розных пасадах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання і Міністэрстве гандлю.

У выкананні ўдзельнікаў студэнцкага тэатра-студыі "Парадокс" Цэнтра студэнцкай мастацкай творчасці Русланы Дуброўскай і Веранікі Харковай прагучалі вершы "Мне Богам дадзена Радзіма…" і "Зіма. Мароз. Снягі. Завеі…". На мерапрыемстве прагучалі песні на словы Змітрака Марозава "Сіні-сіні сон асін…" (музыка Алега Чыркуна) і "Акадэмія – песня матчына…" (гімн акадэміі) на музыку Генадзя Багамолава.

Асаблівую эмацыянальнасць сустрэчы надалі выступленні тых людзей, з якімі Змітрок Марозаў сябраваў у гады вучобы, – Мікалая Пятровіча Рашэцкага і Міхаіла Мікалаевіча Старавойтава.

На памяць аб гэтай цёплай сустрэчы Змітрок Марозаў падараваў чытачам цэнтральнай і акадэмічнай бібліятэк і прыхільнікам яго творчасці кнігу "Радзіма, радзіна, рабіна мая" (эсэ) – шчымлівы аповед паэта пра свой радавод, пра сваіх блізкіх і родных, якія ішлі і ідуць поруч з ім з самае калыскі і дзякуючы якім ён сфарміраваўся як асоба і грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email