нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Скажут потомки: "Живет Беларусь!" Паэту з Горак Сяргею Лоцманаву сёлета споўнілася б 50 гадоў

29.05.2020 – 13:24 | 556

Сёлета нашаму земляку Сяргею Іванавіч Лоцманаву споўнілася б 50 гадоў. Ягонае жыццё абарвалася нечакана, але творца не знік бясследна, бо паспеў пакінуць чытачам цікавую паэтычную спадчыну.

Быў настаўнікам года

Сяргей Лоцманаў нарадзіўся 4 мая 1970 года ў Леніна Горацкага раёна ў сям'і настаўнікаў. З дзяцінства цікавіўся гісторыяй, таму пасля школы паступіў на гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута, які скончыў у 1993 годзе.

З 1993 па 1997 працаваў настаўнікам гісторыі ў Копцеўскай школе Горацкага раёна і Андронаўскай школе Мсціслаўскага раёна. У 1997-1998 гг. – настаўнікам гісторыі ў Гімназіі №1 горада Горкі. З 1998 года працаваў на радзіме ў Ленінскай школе. Працаваў творча: у 2009 на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства быў прызнаны "Настаўнікам года". Займаўся і краязнаўствам, вывучаў гісторыю вёскі, зараз аграгарадка Леніна.

Кожны ягоны верш – гімн роднай зямлі

Вершы пачаў пісаць з 17 гадоў. Некаторыя з іх друкаваліся ў раённым друку. А ў 1998 годзе выйшла яго першая кніжка "Истоки".

Для яго вершаў характэрна абвостраная грамадзянскасць аўтарскай пазіцыі, філасофскі роздум аб сэнсе жыцця, аб месцы паэта ў грамадстве. На гэтыя тэмы Сяргей Лоцманаў піша ў вершах-разважаннях аб сабе, аб часе, аб сваім прызванні, аб сваім паэтычным лёсе:

Я не знаю, какой я поэт,

Свои строки березам читаю,

Ветру шлю за куплетом куплет

И привет в журавлиную стаю.

Сяргей Іванавіч нарадзіўся пасля вайны, але, як прафесійны гісторык, ведаў, якія цяжкасці выпалі людзі на акупаванай фашыстамі Беларусі.

Меняли платья на картошку,

На соль – платочек кружевной,

На хлеб – отцовскую гармошку,

На крупы – перстень дорогой…

 

И кто-то в этом разговоре

Сказал всем мудрецам под стать:

"Кто пережил такое горе,

Не станет хлеб святой топтать".

Паэт шчыры са сваімі чытачамі, таму прызнаецца, што "в поэзию с детства влюблен" і што "лира – мой вишневый сад". Не хавае ён і сваё творчае крэда:

В душе моей – Любовь и Добродетель,

Наполню каждый новый стих.

Многія вершы паэта прысвечаны Радзіме – Беларусі, дзе нарадзіўся і жыве, а таксама Расіі, дзе пахаваны яго продкі.

Кожны верш паэта – гімн роднай зямлі. У кожным радку гучыць трапяткая любоў да таго, што навокал: духмяны бэз і бярозавы гай, узаранае поле і пунсовы захад сонца. Гэтыя вершы насычаны лірызмам, цеплынёй, прасякнуты аптымізмам і верай у наступны дзень. Любоў да сваёй зямлі паэт выказвае у такіх радках:

Где еще есть край богатый,

И хлебов бескрайние моря? 

Где еще так травы пахнут мятой, 

Живописна алая заря… 

І яшчэ:

Под святыми небесами

Ждет родная сторона,

Там звенит колоколами

Разудалая весна.

 

Там озера зеркалами

Отражают гроздья звезд

И, расправившись с делами,

Не смолкает певчий дрозд.

Паэт упэўнены ў шчаслівай будучыні Беларусі:

Черным крылом не затмит лихолетье,

Скажут потомки: "Живет Беларусь!"

Сяргей Іванавіч – паэт-лірык. Ён імкнуўся разабрацца ў сваіх пачуццях, у пачуццях свайго лірычнага героя. Таму шмат піша аб каханні: узаемным і без адказу, шчаслівым і трагічным, але ва ўсiх выпадках у яго знаходзяцца незвычайныя параўнанні і вобразы, адчуваецца шчырасць перажыванняў. Сваёй гераіне і наогул жанчынам паэт прысвячае самыя цёплыя, самыя шчырыя радкі:

Ты поспи, поспи еще немножко,

Лишний сон вреда не причинит,

Пусть сияет лунная дорожка –

Путь мой к женщине, что сладко спит.

Другая кніга атрымала шмат станоўчых водгукаў

У 2000 годзе паэт выдаў другую кнігу "Песня души". Ён нездарма даў ёй такую назву – там новыя вершы, у якіх творца раскрывае перад чытачамі сваю душу. Яна смуткуе і радуецца, пяе і плача, кахае і ненавідзіць. Але нягледзячы на ўсе непрыемнасці зямнога быцця, паэт жадае ўсім міру, шчасця і дабра:

О плохом я думать не желаю,

Никому я не желаю зла…

Гэта кніга вершаў атрымала станоўчыя рэцэнзіі, якія былі надрукаваны ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная змена" і "Магілёўская праўда".

Сяргей Іванавіч шмат гадоў быў актыўным сябрам народнага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова" пры Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі. У 2011 годзе стаў лаўрэатам абласнога конкурсу памяці Сіманава, быў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені.

Вершы паэта вызначаюцца лірызмам, душэўнасцю і напеўнасцю. Гэта заўважылі мясцовыя кампазітары і напісалі некалькі песень. Адна з іх – "Побег из города" (музыка В.Макеевай).

Загінуў трагічна

Сяргей Лоцманаў сябраваў з Нінай Кавалёвай. Аб іх сустрэчах паэтка ўспамінала: "…я скована своей памятью о нем. Его я знала. Знала хорошо. Каждый человек входит в нашу жизнь не случайно. Один на своих ошибках учит нас, как не надо поступать. Другой указывает тот путь, по которому можно смело идти вперед, не боясь потом оглянуться на прожитую жизнь. Таким человеком стал для меня Сергей Лоцманов". (Уплывающий в вечность // У сб.: На крылах натхнення: да 30-годдзя народнага аматарскага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова" / уклад. Л.М.Дзеружкова – Мн.: 2016. С.43).

На вялікі жаль, 15 верасня 2012 года Сяргей Лоцманаў трагічна загінуў. Відавочцы бачылі, як ён паплыў праз акадэмічнае возера, але да другога берага не дабраўся… Паэту было ўсяго 42 гады.

Для нас жа засталіся жывымі яго вершы, яго песні.

Уладзімір Ліўшыц, фота: pixabay.com

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email