аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Болей за 40 вершаў гэтай паэткі з Горак пакладзена на музыку

27.08.2024 – 14:21 | 838

Як вядома, кожны паэт, пісьменнік мае свой шлях на Парнас. Адны – праз філалагічныя ці журналісцкія факультэты ўніверсітэтаў, а потым рэдакцыі газет, часопісаў. Другія, не маючы адпаведнай адукацыі, доўгімі гадамі, праз цяжкія выпрабаванні пракладваюць свой шлях у вялікую літаратуру. Да такіх адносіцца паэтка Ніна Дзмітрыеўна Кавалёва, жыхарка нашага горада Горкі.

Перамагла хваробу

Яна нарадзілася 28 ліпеня 1949 года ў сям'і Дзмітрыя Андрыянавіча і Ганны Ягораўны. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, выхавалі дзвюх дачок і сына. У 1964 годзе Ніна скончыла Еськаўскую васьмігодку, а ў 1965-м – Дрыбінскую сярэднюю школу. Потым паступіла на вучобу ў Аршанскае прафтэхвучылішча. Скончыўшы яго, працавала ткачыхай на льнокамбінаце.

Але аднойчы зімой, яна паслізнулася на лесвіцы, што вядзе на чыгуначны вакзал, і спіной упала на прыступкі з металічнымі вугламі. Спачатку не прыдала гэтаму ўвагі, але ўжо праз кароткі час адчула моцны боль у пазваночніку.

"Да 21 года жыла нармальным чалавечым жыццём, – піша ў аўтабіяграфіі паэтэса, – і раптам усё скончылася: надзеі, мары. Цяжкая хвароба прыкавала мяне да ложка. І я вярнулася ў вёску. Але не гэта было страшным, а тое, што я не магла працаваць і з кожным годам усё больш слабела... Вось тут я ацаніла прымаўку: "Сябры пазнаюцца ў бядзе". Мае сяброўкі забыліся пра мяне. Я разумела, што ў здаровых людзей іншае жыццё, іншыя інтарэсы, і як магла супакойвала сябе і вырашыла жыць па прымаўцы: "І адзін у полі воін".

3 гэтага часу для Ніны пачаліся цяжкія выпрабаванні. Усё было: і хвіліны роспачы, і дні бязвыхаднасці, і першая радасць перамогі. Над сабой, над лёсам, над цяжкай хваробай.

Літаратурная творчасць

Ва ўзросце 28 год Ніна Кавалёва пачала складаць вершы. Першыя яе творы былі надрукаваны ў раённай газеце "Ленінскі шлях". А ў 1979 годзе ёй пашчасціла пазнаёміцца з загадчыкам аддзела культуры газеты "Советская Белоруссия" Раманам Ярохіным, які дапамог удасканаліць майстэрства пачынаючай паэткі. Ніна Дзмітрыеўна ўспамінае, як па некалькі разоў ён вяртаў ёй вершы, перакрэсленыя чырвоным алоўкам. Яна дапрацоўвала, і зноў яны вярталіся з заўвагамі. У яе станаўленні дапамагалі таксама Любоў Філімонава, Вольга Янчанка і многія іншыя.

З гадамі яе вершы пачалі з'яўляцца ў абласным і рэспубліканскім друку. Яны былі ўключаны ў калектыўныя зборнікі "Первая встреча", "Надежда", "Петя Зяблик и его кораблик", "У кого какие сны", якія выйшлі ў Мінску. Яе вершы друкаваліся таксама ў часопісах "Нёман", "Рабочая смена", штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" і інш.

У 1986 годзе Ніна Дзмітрыеўна атрымала кватэру ў Горках і пераехала сюды жыць разам з бацькамі. І тут пачаўся новы этап у яе жыцці, нягледзячы на хваробу.

У 1993 годзе яна склала сваю першую кнігу – зборнік вершаў "Напиток певчих птиц". Узнікла пытанне: як яе надрукаваць? Ведаючы, што на дзяржаўныя выдавецтвы разлічваць не прыходзіцца, я звярнуўся да міністра інфармацыі Беларусі з просьбай даць дазвол на аднаразовае выданне кнігі ў друкарні акадэміі. Дазвол ён даў і прапанаваў атрымаць ліцэнзію на друкаванне кніг у Горках, што і было зроблена.

Пачатак быў добры, і паступова на рахунку Ніны Кавалёвай сабралася 24 зборнікі вершаў. У 1997 годзе яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Білет члена Саюза ўручаў кіраўнік секцыі літаратуразнаўства, доктар філалагічных навук, прафесар Міхась Мушынскі.

Ніна Кавалёва – член народнага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова", якое працуе пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі.

Ніна Дзмітрыеўна актыўна ўдзельнічае ў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых літаратурных конкурсах, узнагароджана дыпломамі 1-й і 2-й ступені міжнародных літаратурных конкурсаў памяці К. Сіманава і памяці А. Пушкіна; дыпломам 1-й ступені абласнога конкурсу на лепшую песню аб магілёўскай міліцыі ў намінацыі "Сучасная эстрадная песня"; дыпломам 1-й ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 20-годдзю грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства інвалідаў" за высокае літаратурнае майстэрства і глыбокае асэнсаванне конкурснай тэматыкі; дыпломам 1-й ступені ўдзельніка абласнога агляду-конкурсу творчасці інвалідаў. Яна – лаўрэат літаратурнай прэміі імя В. Хомчанкі Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, суіскальнік Міжнароднай прэміі "Філантроп".

Больш за 40 вершаў паэткі пакладзена на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі (а таксама ёю самою), і гучаць яны не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Музыку пісалі кампазітары Аляксандр Кажурын (г. Магілёў), Барыс Магаліф, Валянціна Макеева, Ганна Калікінская (г. Горкі). А з кампазітарам Сяргеем Ганаболевым з г. Петразаводска (Расія) яны і зараз супрацоўнічаюць, і вельмі плённа.

"Калі вершы для мяне – гэта зямля, то песня – гэта неба, а каму не хочацца ўзляцець над зямлёй", – прызнаецца Ніна Дзмітрыеўна.

Як кожны паэт-лірык, яна не можа абысці самога чалавека і шматграннасць яго пачуццяў, самае багатае з якіх – каханне. Яна піша пра каханне шчаслівае і няшчаснае і не стамляецца паўтараць, што галоўнае, чым трымаецца чалавек у жыцці, – гэта каханне і дабрыня. Не рабіць людзям дрэнна – вось дэвіз жыцця і паэзіі Ніны Кавалёвай.

Самыя цёплыя радкі паэтэса прысвяціла сваёй малой радзіме – вёсцы Еськаўка, дзе яна нарадзілася, і Цемналескай акрузе, дзе раскіданы вёскі з такімі паэтычнымі назвамі, як Каратышкі, Пакуцце, Вярба.

3 імі ў аўтара асацыіруецца мноства ўспамінаў аб летніх досвітках, залатой вясковай цішыні, зорных росах:

Я знаю, чем пахнет трава –

Росою и солнечным маем.

Я знаю, что шепчет листва,

Одним с ней живу я дыханьем.

У апошнія гады Н. Кавалёва робіць спробу асэнсавання векавых праблем чалавецтва: узаемаадносін чалавека і свету, чалавека і грамадства, чалавека і Бога. І гэта не даніна модзе. Для паэткі Бог – гэта любоў, міласэрнасць, дабрыня, прыгажосць, гэта ўсё светлае і чыстае.

Яе кнігі "Моей души колокола", "Строится храм", "Кветкі Багародзіцы" і іншыя напамінаюць аб вечных ісцінах, аб любві да Бога і яго тварэння – чалавека.

"Любовь и жизнь, за вас творю молитву" – гэта паэтычнае крэда Ніны Кавалёвай:

Возьму и сердце своё отдам

Глухим – для песни,

Слепым – для света,

Для сна – бездомным,

Больным – для сил.

Цікава, што зборнік вершаў "Божья заповедь", які блаславіў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, прысвечаны дзецям, і гэтыя вершы дапамагаюць ім адшукаць у сваім сэрцы месца для Бога.

Што датычыць яе духоўнай лірыкі, то яна, як адзначае кіраўнік народнага літаратурнага аб'яднання "Роднае слова" Людміла Дзеружкова, "іскрыцца радасцю, жыццём, разуменнем мудрасці яго і сэнсам, жаданнем данесці да чытачоў гэтую светлую радасць і мудрасць. Калі чалавек не ведае, што яна інвалід першай групы і ўжо 40 гадоў прыкаваная да ложка, ён здзівіцца. Гэта ўсё таму, што яна ў сваім горы ўмее быць шчаслівай. Яна навучылася прымаць усё ў жыцці як належнае, без нараканняў і з пакорлівасцю волі Божай. У гэтым найвялікшая мудрасць і сіла духу, і гэтаму вельмі хочацца ў яе павучыцца". Ніна Кавалёва рэдка скардзіцца ў вершах на свой лёс. Яна разумее, што чалавек, чытаючы яе радкі, павінен адпачыць ад маркоты і клопатаў, адчуць, што, нягледзячы ні на што, свет цудоўны, а жыццё – найвялікшы цуд, дадзены людзям. І яна дзякуе за гэта лёсу:

Судьба счастливая моя!

Дано твоею властью,

На жизнь обиды не тая,

Воспеть чужое счастье.

У гэтым і бачыць сэнс сваёй паэзіі Ніна Дзмітрыеўна: зрабіць хоць крышачку багацейшым і цяплейшым жыццё тых, хто дакранецца да яе вершаў.

Пришли ответы ясные,

Что жизнь – такая разная:

Одним венки прекрасные,

Другим – шипы от роз.

Мабыць, ёй і дасталіся б букеты з руж, але жыццё ўнесла свае карэктывы.

Ніна Дзітрыеўна нарадзілася пасля вайны, але ведае з успамінаў бацькі і маці аб тых жудасных днях і аб тых, хто выратаваў нас ад фашызму. Яна аўтар кнігі вершаў "Мы стали обелисками".

Як лічыць член Беларускага саюза журналістаў Мікалай Панкратаў, галоўныя героі вершаў "… помнікі і абеліскі ў горадзе і на тэрыторыі нашага раёна. З канкрэтнымі імёнамі і ў імя іх памяці".

А паэтэса пра гэты зборнік сказала так: "Кожны верш прайшоў праз маё сэрца ў поўным сэнсе гэтага слова: я была і салдатам, і сястрой міласэрнасці, і тымі дзецьмі, якія побач з дарослымі падалі на акрываўлены снег і ўмярзалі ў лёд, і тымі жанчынамі, якія стаялі на дарогах, як маякі, чакаючы сваіх каханых".

Я – памятник, я – обелиск,

Лишь память вечно будет с вами,

Как я, идя на смертный риск,

Передавал Победы Знамя

Тому, кто дальше будет жить

И встретит радостную дату.

И никому не очернить

Святого подвига солдата.

Шмат вершаў Ніна Кавалёва прысвяціла дзецям. Героі яе вершаў любяць сваіх родных і сяброў, разумеюць навакольны свет. Цікавыя і вершаваныя загадкі паэтэсы аб прыродзе, яе з'явах, аб усім, што акружае чалавека.

З вышэйсказанага мы бачым, што перад намі чалавек добры, міласэрны, са сваімі жаночымі слабасцямі, але мужны, стойкі, які ніколі не падвядзе на дарозе жыцця і можа павесці нас да святла і веры.

І далучымся да слоў паэта Васіля Макарэвіча:

На рызыку забыўшы

І на страх,

Плыве наш век

Лавінаю сталёвай,

Нам асвятляючы ўдалеч шлях

Сузор'ем песні Ніны Кавалёвай.

І многія з нас былі гатовы пайсці за ёй. На жаль, яна памёрла 16 сакавіка 2020 года, але памяць аб ёй жыве сярод нас. Яна ганаровы сябра клуба народнага аб'яднаня "Роднае слова", што працуе пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, пры Цемналескай бібліятэцы-філіяле Дрыбінскай раённай бібліятэкі створаны музейны пакой "Паэтычная зорка маленькай радзімы", на сайце "Дрыбінскай бібліятэчнай сеткi" створана асабістая старонка паэтэсы, дзе змешчана інфармацыя аб жыцці і творчасці знакамітай зямлячкі і рабоце музейнага пакоя.

26 ліпеня 2024 года супрацоўнікі Горацкай раённай бібліятэкі і Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея арганізавалі творчы вечар у гонар паэтэсы. На ім сабраўшыяся ўспомнілі біяграфію таленавітай паэтэсы і галоўнае – гучалі яе вершы.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email