аўт, 10.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Тут была школа авіятараў, бальніца лічылася найлепшай у Магілёўскай вобласці, а на сцэне акадэміі ставілі оперу. Расказваем пра Горацкі раён у даваенны час

18.07.2024 – 12:27 | 1552

На horki.info мы ўжо ўспаміналі першыя гады пасля стварэння Горацкага раёна, калі Горкі маглі апынуцца ў іншай дзяржаве, а акадэмію хацелі перанесці ў Мінск. А што адбывалася далей у даваенны перыяд? Тут быў устаноўлены рэспубліканскі рэкорд, мясцовы настаўнік стаў чэмпіёнам БССР па шашках, а навукоўцы акадэміі давалі рэкамендацыі дзяржаўным органам. На жаль, не абышлі наш край прымусовая калектывізацыя і рэпрэсіі супраць нявінных людзей.

Клуб у Горках.

Электрастанцыя, тарфяны завод і швейная арцель

У 1931 годзе ў Горацкім раёне жыло 94 752 чалавекі, нацыянальны склад быў такі: беларусы – 94,4%, яўрэі – 2,2%, рускія – 1,2%, палякі – 1,1%, астатнія – літоўцы, латышы ды iншыя нацыянальнасцi.

Па тытульным спісе 1931 года ў горадзе і раёне налічвалася 54 прадпрыемствы, дзе працавала 748 рабочых. Сярод буйнейшых былі электрастанцыя (23 рабочыя), тарфяны завод у вёсцы Чапялінка (64 рабочыя), два цагельныя заводы (119 рабочых), лесазавод "Зорька" (25 рабочых), майстэрні пры Горацкай машына-трактарнай станцыі (43 рабочыя), ваўначоска (48 рабочых), швейная арцель "Прагрэс" (56 рабочых), абутковая арцель "Камінтэрн" (38 рабочых) і друкарня (16 рабочых).

Але самым буйным прадпрыемствам быў ільнозавод.

У пачатку 30-х гадоў у БССР вырашылі пабудаваць 78 новых ільнозаводаў, у тым ліку адзін у Горках. І не выпадкова, бо з даўна ў нас вырошчвалі добры лён. Пра гэта сведчаць экспанаты Горацкага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Улічылі і тое, што ўсе калгасы раёна вырошчвалі лён. З матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі бачна, што ў раёне яго вырошчвалі на 6 000 гектараў, а валавы збор складаў 12 000 тон валакна. Важным было і тое, што ў сельскагаспадарчай акадэміі на агранамічным факультэце меліся спецыялісты ў вырошчванні і перапрацоўцы ільну.

Месца пад будаўніцтва ільнозавода выбралі каля чыгуначнай станцыі, бо сюды было зручна падвозіць будаўнічыя матэрыялы, а калі завод пачне працаваць – вывозіць гатовую прадукцыю. Планавалі скончыць да 1 снежня 1931 года 10 аб'ектаў: вытворчыя карпусы, склады, лазню і жылыя дамы. У канцы снежня 1931 года завод пачаў працаваць. Яму прысвоілі нумар 22.

Горацкiя камсамольцы.

З прызначэннем у 1935 годзе дырэктарам Рыгора Маскалёва ў гісторыі завода пачаўся новы перыяд. У 1936 годзе было скончана будаўніцтва інтэрната на 100 чалавек, лазні, клуба, некалькіх падсобных памяшканняў. Сярод працоўных разгарнуўся стаханаўскі рух (спаборніцтва – заўвага horki.info). У 1938 годзе калектыў узнагародзілі пераходным чырвоным сцягам. У гады Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства было разбурана, адноўлена ў 1946 годзе.

У гады першай пяцігодкі ў Горках пабудавалі новы цагельны завод. Гарадская электрастанцыя дала ток прамысловым прадпрыемствам. Да 1934 года ў раёне дзейнічала 8 заводаў, раённы прамкамбінат, хлебазавод і 6 прамысловых арцеляў, дзе працавала 5 700 чалавек. У 1940 годзе гэтыя прадпрыемствы вырабілі 2,5 мільёна штук цэглы, 27 тон торфу, 7 130 пар абутку, а таксама 53,9 тон хлебабулачнай прадукцыі.

Значную ролю ў развіцці эканомікі горада адыграла сацыялістычнае спаборніцтва за датэрміновае выкананне пяцігадовых планаў. Яно ахапіла ўсе прадпрыемствы, прамысловыя арцелі і ўстановы. Раённая газета "Ленінскі шлях" у кожным нумары друкавала імёны ўдарнікаў працы. Увесь раён ведаў І.А. Вярбіцкага – рабочага буравой вышкі, Н.Ф. Зеляноўскага – рабочага фармовачнага цэха цагельнага завода, А.В. Котава – лесаруба, М.Н. Кунцакову – работніцу швейнай арцелі, Н.В. Бальцава – рабочага хлебазавода.

Вучнi сямiгадовай школы ў Горках.

Мясцовая жанчына ўстанавіла рэспубліканскі рэкорд

У гэты час пачалася калектывізацыі сельскай гаспадаркі (яна хутка стала прымусовай і суправаджалася рэпрэсіямі супраць сялян. Спіс рэпрэсаваных, а пазней пасмертна апраўданых нявінных ахвяр апублікаваны ў кнізе "Памяць. Горацкі раён" – заўвага horki.info). Але яшчэ раней у Горацкім раёне былі створаны першыя таварыствы сумеснай апрацоўкі зямлі. Напрыклад, такое таварыства ў 1924 годзе з'явілася ў вёсцы Горы. Кіраваў ім спачатку Л. Гурэвіч, а потым Н. Альтшулер. У 1928 годзе з гэтага таварыства быў створаны яўрэйскі калгас на чале з Н. Альтшулерам. Потым ён аб'яднаўся з другім калгасам.

На жаль, у час раскулачвання сялян, пад якое часта траплялі сераднякі і нават беднякі, да калгасаў адыходзіла маёмасць, жыллё і вытворчыя пабудовы.

Да мая 1931 года ў раёне налічвалася 106 калгасаў, а ў 1934 годзе колькасць складала ўжо 250. Фактычна калгас быў арганізаваны ў кожнай вёсцы.

Разам з калектывізацыяй на горацкія палі прыйшлі трактары. У лістападзе 1930 года ў Горках была створана машына-трактарная станцыя – прадпрыемства, якое давала сельскагаспадарчую тэхніку ў карыстанне калгасам. Да лютага 1931 года там было 40 трактараў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. На курсах маладых рулявых вучылася 114 калгаснікаў, 16% складалі жанчыны. Пры станцыі працавалі таксама курсы падрыхтоўкі брыгадзіраў. Палітаддзел станцыі выпускаў газету "За бальшавіцкія калгасы". У наступныя гады такія станцыі былі створаны ў вёсках Леніна, Горы і Палёнка.

10 чэрвеня 1933 года адбыўся першы раённы злёт калгаснікаў-ударнікаў, які падвёў вынікі сацыялістычнага спаборніцтва і намеціў шляхі далейшага развіцця. Пасланцы Горацкага раёна бралі ўдзел у рэспубліканскім з'ездзе калгаснікаў-ударнікаў у Мінску.

У той час на ўвесь раён грымела імя Д.С. Каравосавай, якая ўстанавіла ў 1934 годзе рэспубліканскі рэкорд па церабленню ільну ў калгасе імя Горкага. У 1936 годзе на з'ездзе калгаснікаў БССР ордэн "Знак Пашаны" ёй уручыў Усесаюзны стараста М.I. Калінін.

Домна Каравосава.

Горацкая моладзь была наперадзе многіх працэсаў: 20 сябраў камсамола сталі старшынямі калгасаў, 96 – брыгадзірамі, 46 – загадчыкамі малочнатаварных ферм. У сакавіку 1929 года Аршанскі акружкам камсамола правёў у Горках канферэнцыю сельскай інтэлігенцыі.

Вясной 1931 года ў горадзе была адкрыта маладзёжная доследная сельскагаспадарчая станцыя. Яна садзейнічала прыцягненню моладзі да арганізацыі калгасаў, асваенню новых зямель і пашырэнню пасяўных плошчаў, павышэнню ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці палёў. У 1931 годзе станцыя заклала ў калгасах 8 доследных участкаў пад яравыя культуры.

Камсамолец з Горацкага раёна Максім Путнікаў адным з першых у Беларусі арганізаваў вучняў абараняць ураджай і збіраць каласы. За гэта яго ўзнагародзілі бібліятэчкай і радыёпрыёмнікам.

Замест рынкавай плошчы – сквер, замест турмы – бальніца

У гэты час аблічча Горак значна змянілася. На месцы рынкавай плошчы стварылі гарадскі сквер (цяпер там Дзіцячы парк). Добрыя пабудовы паўсталі на месцы старых хатак. Гораду стала цесна ў былых межах і ён пачаў разрастацца ў бок чыгуначнай станцыі.

Амаль ва ўсіх дамах з'явілася электрычнасць і радыё.

Працавалі дзве сярэднія школы, тры бібліятэкі, Дом культуры, Дом калгасніка. Адкрыліся дзіцячыя амбулаторыя, яслі і садкі.

Былую гарадскую турму пераабсталявалі ў раённую бальніцу. Побач у драўляным доме размяшчалася паліклініка. Наша бальніца лічылася ў той час адной з найлепшых у Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе галоўнаму ўрачу раёна Г.І. Татарскай адной з першых у Беларусі прысвоілі ганаровае званне "Заслужаны ўрач БССР".

Г. Татарская.

У гэты перыяд у Горках і раёне актыўна развіваўся спорт. Каманды горацкіх спартсменаў па валейболе, футболе, гімнастыцы, шашках і шахматах паспяхова выступалі на спаборніцтвах. А настаўнік з Горак М. Школьнік у 1933 годзе стаў чэмпіёнам БССР па рускіх шашках. У 1934 годзе каманда юнакоў Горацкага раёна па спартыўнай гімнастыцы пад кiраўнiцтвам трэнера Ф. Красільшчыкавай заняла трэцяе месца на першынстве БССР. Адным са спартсменаў у гэтай камандзе быў Міхаіл Цэйцін (на здымку ў першым шэрагу ў цэнтры), які потым стаў заслужаным трэнерам СССР і БССР, дацэнтам педагагічных навук, суддзёй міжнароднай катэгорыі. Ён удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне і быў узнагароджаны 17 ордэнамі і медалямі.

Праекты гэтых карпусоў рабіў той самы архітэктар, што і БДУ

У пачатку 30-х гадоў значныя змены адбылiся ў Беларускiм сельскaгаспадарчым інстытуце (так у той час называлася наша акадэмія – заўвага horki.info). У СССР была праведзена рэформа вышэйшай адукацыі. ВНУ станавіліся ўстановамі з вузкім профілем падрыхтоўкі спецыялістаў. Лічылася, што дзякуючы гэтаму можна будзе скараціць тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў.

У сувязі з гэтым у 1930 г. на базе ляснога факультэта Беларускага сельскaгаспадарчага iнcтытута (БСГІ) быў створаны і пераведзены ў Гомель лесатэхнічны інстытут. Праз год было створана яшчэ 10 асобных інстытутаў. Асноўныя з іх (аграхіміі і глебазнаўства, буйной рагатай жывёлы, меліярацыі, прадзільных культур, аэрафотагеадэзічны камбінат, кармавых культур) засталіся ў Горках. Іншыя перавялі ў Мінск, Віцебск і Лошыцу (зараз частка Мінска – заўвага horki.info).

Раздзяленне БСГI прывяло да ліквідацыі адзінага выкладчыцкага калектыву. Былі раздроблены вучэбная і вытворчая базы акадэміі. У яе памяшканнях размясціліся 7 навучальных устаноў, якія не мелі неабходнай матэрыяльнай базы. Частка абсталявання і літаратуры была вывезена новымі інстытутамі ў іншыя гарады. З Горак выехала ў іншыя навучальныя ўстановы значная доля прафесарска-выкладчыцкага складу, у тым ліку прафесары В.В. Далініна-Іванскі, В.М. Лубяка, К.К. Кісялёў і інш. Пасля рэарганізацыі ў Горках засталіся прафесары Ю.А. Вейс, А.К. Кедраў-Зіхман, І.І. Красікаў, Ц.М. Годнеў.

Такая рэарганізацыя, як выявілася ў хуткім часе, знізіла ўзровень вучэбнай работы. У жніўні 1933 г. СНК БССР прыняў пастанову аб'яднаць усе Горацкія інстытуты ў адзін – Беларускі сельскагаспадарчы інстытут.

У гэтыя часы ў інстытуце пачалося актыўнае будаўніцтва. У пачатку 1930-х з'явіліся новыя мураваныя будынкі вучэбных карпусоў №1 і гідрамеліярацыйнага факультэта (зараз корпус №5), электрастанцыі, друкарні, інтэрната №1, жылыя дамы ў характэрным для таго часу стылі канструктывізму (геаметрычнасць аб'ёмаў, кантраст глyxix паверхняў сцен з вялікімі шклянымі плошчамі, плоскія дахі).

Праекты інтэрната i вучэбных карпусоў распрацаваў архітэктар Г. Лаўроў у 1929-1933 гг. Будынкі маюць блізкае падабенства з iншымі работамі Г. Лаўрова, асабліва з карпусамі БДУ i гарадка медыцынскага інстытута ў Мінску.

Фасады будынкаў пазбаўлены архітэктурнага дэкору, гладкія сцены раздзелены прамавугольнымі рознавялікімі аконнымі праёмамі. Жылыя дамы для выкладчыкаў па вул. Мічурына, 3 і 11 таксама мелі рысы канструктывізму.

Рысы канструктывізму надалі і будынку акадэмічнай бібліятэкі, у якой налічвалася болей за 134 000 кніг (першапачаткова гэта была Свята-Мікалаеўская царква, яе зачынілі, а будынак перарабілі ў бібліятэку – заўвага horki.info).

Адмоўна адбілася на дзейнасці інстытута частая змена кіраўніцтва. З 1933 па 1941 г. памянялася пяць рэктараў. Трое былі прызначаны выконваць гэтыя абавязкі часова. На пасадзе рэктара працавалі Г.З. Пелікан, П.С. Шастапал, С.І. Цішкоў ды іншыя.

У 1933 годзе ў БСГІ было створана пяць асноўных факультэтаў: раслінаводства (пазней стаў называцца агранамічным), заатэхнічны, арганізацыі тэрыторыі (землеўпарадкавальны), аграхіміі і глебазнаўства, эканамічнай палітыкі і планавання (эканамічны). У снежні 1933 г. дэканамі факультэтаў былі прызначаны прафесары Ц.М. Годнеў, Ю.З. Уман, У.У. Папоў, І.І. Красікаў.

У 1934 годзе з Лошыцы ў Горкі зноў перавялі садоўніцка-агародніцкі інстытут. Ён стаў аддзяленнем, а потым пладова-агароднінным факультэтам нашага ВНУ.

Да канца 1933/34 навучальнага года ў прафесарска-выкладчыцкім калектыве было каля 100 чалавек, у тым ліку 20 прафесараў і 29 дацэнтаў. Вучыліся ў інстытуце 745 студэнтаў, сярод іх рабочыя і сяляне складалі 69%. У гэты час працавалі 24 кафедры, пры іх 67 лабараторый і вучэбных кабінетаў. У 1934-36 гг. БСГІ выпусціў 576 спецыялістаў.

Галоўны ўваход у акадэмію.

У 1938/39 навучальным годзе інстытут па паспяховасці заняў першае месца сярод сельскагаспадарчых ВНУ краіны.

Па выніках навуковых даследаванняў кафедры БСГІ давалі рэкамендацыі вытворчасці і дзяржаўным органам БССР. Навуковыя супрацоўнікі інстытута пастаянна ўдзельнічалі ў рабоце Дзяржплана, наркамата земляробства, АН БССР, рыхтавалі даклады і даведкі па пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі ў ЦК КП(б)Б і іншыя ўстановы.

З 1931 па 1941 гады было выдадзена больш за 20 тамоў навуковых прац і запісак інстытута, апублікавана каля 600 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. Навуковыя супрацоўнікі БСГІ сканструявалі 20 і выпрабавалі 89 розных сельскагаспадарчых машын і прылад працы, склалі 613 глебавых карт для калгасаў, саўгасаў і раёнаў БССР.

У інстытуце вялася ваенная падрыхтоўка студэнтаў. Жадаючым было дазволена паступаць у ваенныя вучылішчы. Былі арганізаваны курсы падрыхтоўкі медсясцёр (70 чалавек). У сакавіку 1941 года курсы скончылі 32 дзяўчыны, а з адзнакай – Д. Бярозкіна, Н. Бондарава, Г. Гульбіс, Л. Зуева, А. Канавалава, Т. Кісялёва, А. Савянкова, Н. Лазарэнка, М. Лядава, В. Семяненка. Усе яны пайшлі на фронт у першыя дні вайны.

Каманда юнакоў Горацкага раёна па спартыўнай гімнастыцы.

Працавала школа падрыхтоўкі авіятараў, а на сцэне інстытута ставілі оперу

Працавала школа падрыхтоўкі авіятараў. У першым корпусе быў устаноўлены вучэбны самалёт, была неабходная літаратура. Заняткі вялі лётчыкі-інструктары Аршанскага аэраклуба. Школу наведвалі 45 чалавек. У 1940 г. яе скончылі 20 студэнтаў. У інстытуце ішла актыўная падрыхтоўка планерыстаў, вадзіцеляў аўтамашын і матацыклістаў.

Мастацкую самадзейнасць інстытута ўзначальваў артыст К.Я. Рэкала, якому ўдалося паставіць на сцэне інстытута оперу "Запорожец за Дунаем". Тры дні гэта опера была на сцэне рускага тэатра ў Мінску. Вялікім поспехам карысталася камедыя "Хто смяецца апошнiм" Кандрата Крапівы, у цэнтры сюжэта якой былі прайдзісветы і падхалімы, што пракраліся ў навуковыя ўстановы. Працаваў сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам А. М. Шапіры.

У 1939 годзе мастацкі ансамбль нашага iнстытута на чале з С.Г. Скрапанавым выязджаў у раёны Заходняй Беларусi.

Студэнцкі інтэрнат.

У снежні 1940 года інстытут адзначыў 100-гадовы юбілей. Гісторыя ягонага развіцця і дзейнасці была паказана на юбілейнай выставе ў чатырох залах бібліятэкі. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР узнагародзіў 14 работнікаў інстытута Ганаровымі граматамі, 17 – граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Быў выраблены юбілейны значок інстытута. На святкаванні прысутнічала больш за 100 гасцей.

За перадваенны час БСГІ даў краіне больш за 2 тысячы спецыялістаў. Сярод іх партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, вядомыя вучоныя, вядучыя спецыялісты сельскай гаспадаркі Беларусі: Ф.А. Сурганаў, У.Е. Лабанок, П.П. Кабека, С.Г. Скарапанаў, С.Н. Іваноў, М.Дз. Мухін, П.Я. Пракопаў, Я.К. Дубоўскі, І.А. Лебедзеў, А.Т. Цяглоў, С.Р. Хомчанка і інш. Сельскагаспадарчы інстытут у гэты час быў шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

У 30-я гады, з аднаго боку, былі поспехі ў эканоміцы і культуры, з іншага, на жаль, – бюракратызацыя грамадска-палітычнага жыцця і масавыя рэпрэсіі. Пад іх колы трапілі многія жыхары Горак і Горацкага раёна. Сярод іх былы рэвалюцыянер Р. Муравін, рабочы М. Гладкі, пісьменнік В. Каваль, прафесар Я. Афанасьеў, студэнтка М. Некрашэвіч, святар Ф. Глінскі, калгаснік М. Цельпухоўскі і інш.

…Ішоў 1941 год. Матэрыялы раённай газеты "Ленінскі шлях" ад 22 чэрвеня адлюстроўвалі мірную стваральную працу калгаснікаў і служачых. Перадавы артыкул заклікаў арганізавана і своечасова правесці падрыхтоўку да новага навучальнага года ў школах. Газета расказвала пра поспехі меліяратараў, пра калгас "Шлях сацыялізму"... А ў дзень 22 чэрвеня людзі даведаліся, што пачалася вайна.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email