пят, 13.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Некалі там быў шыкоўны палац і вельмі багатая княская бібліятэка. Гэтаму мястэчку ў Горацкім раёне сёлета споўнілася 500 гадоў

29.12.2023 – 09:14 | 1737

Сённяшні аграгарадок Леніна першапачаткова называўся Раманаў і вядомы з XVI стагоддзя. Але людзі тут жылі нашмат раней. Пацвярджае гэта, напрыклад, гарадзішча першага тысячагоддзя нашай эры, якое знаходзіцца за 1,2 км на паўднёвы захад ад мясцовага музея на правым беразе ракі Людка. Яно ўключана ў дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Першая пісьмовая згадка пра Раманаў была ў Дагаворнай грамаце 1523 года аб перамір'і паміж царом Маскоўскай дзяржавы Васілём III і Каралём Вялікага княства Літоўскага Жыгімонтам. Так што сёлета споўнілася якраз 500 гадоў гэтаму мястэчку.

Раманаў на карце 1781 года.

Фрагмент карты 1781 года з пазначэннем мястэчка Раманаў.

Тут стаяў драўляны замак

У 1529 годзе маёнтак Раманаў купіў князь, мецэнат, ваенны і дзяржаўны дзеяч Канстанцін Астрожскі і аддаў яго ў пасаг дачцэ Кацярыне. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-1566 гадоў Раманаў увайшоў у склад Аршанскага павета Віцебскага ваяводства.

Канстанцін Астрожскі.

З 1647 года гэты населены пункт ужо вядомы як мястэчка. У ім было 56 двароў, бровар, млын, сукнавальня, карчма і царква.

У 1741 годзе ўладальнікам быў Карл Радзівіл, а ў мястэчку ўжо было 470 двароў.

У 1759 годзе ў Раманаве стаяў драўляны замак. Цэнтрам мястэчка быў рынак, злучаны з замкам, забудаваным з трох бакоў жылымі хатамі. Тут знаходзілася царква з парафіяльным домам, стайняй і іншымі пабудовамі. Ад плошчы разыходзіліся чатыры вуліцы.

Камень з таямнічым надпісам

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе мястэчка Раманаў увайшло ў склад Аршанскай правінцыі Расійскай імперыі, потым – Аршанскага павета, а з 1802 года – Магілёўскай губерні.

У 1773 годзе тагачасны ўладальнік маёнтка Астрожскі адмовіўся прысягаць на вернасць Кацярыне II, і мястэчка з 34 вёскамі было канфіскавана і перададзена ў казённае кіраванне. У 1774 годзе Кацярына II перадала Раманаў князям Аляксею і Іоне Дандуковым. Іхны род вёў паходжанне ад калмыцкага хана Дандука-Амбо.

У князя Іоны была адзіная дачка Вера. Яна выйшла замуж у 1801 годзе за палкоўніка Мікіту Іванавіча Карсакава, афіцэра, аматара музыкі і паэзіі. Па хадайніцтве княгіні Дандуковай 15 ліпеня 1802 года яе зяць атрымаў дазвол называцца князем Дандуковым-Карсакавым і ў падарунак ад цешчы атрымаў маёнтак Раманаў. Пры Мікіце Іванавічы ў мястэчку быў уладкаваны конны завод, а гаспадар пачаў збіраць бібліятэку, карціны і іншыя музейныя прадметы.

У 1812 годзе мястэчка і маёнтак захапілі войскі Напалеона і разрабавалі. А пры іх адступленні 8 лістапада 1812 года тут кватараваў Кутузава.

У 1880 годзе мястэчка Раманаў было цэнтрам воласці, тут жыло 728 чалавек. Па веравызнанні – 340 праваслаўных, 5 каталікоў і 383 юдэі.

У 1870-1880 гадах мясцовым маёнткам валодаў правадзейны стацкі саветнік князь Аляксей Міхайлавіч Дандукоў-Карсакаў. Ён працягваў сямейныя традыцыі: збіраў жывапіс, прадметы мастацтва, а таксама займаўся краязнаўствам. У 1865-1870 гадах быў маршалкам шляхты Горацкага павета.

Пры ім у мястэчку пачалі будаваць мураваную царку. Адзін з сялян для ейнага фундамента прывёз камень з дзіўнымі старажытнымі надпісамі, які знайшоў ля вёскі Пнеўшчына. Спрабуючы іх расшыфраваць, у трэцім томе зборніка "Полацка-Віцебская даўніна" Дандукоў-Карсакаў апублікаваў артыкул "Старажытны помнік "Воўчага хваста" ў краіне радзімічаў".

Палац Дандукова-Карсакава ў Раманаве.

5 жніўня 1877 года Раманаў наведаў вядомы беларускі мастак і этнограф Наполеон Орда, дзякуючы якому мы сёння можам пабачыць, як у той час выглядала гэта мястэчка.

Пажарная дружына ХІХ стагоддзя

Па выніках перашага ў Расійскай імперыі перапісу насельніцтва 1897 года ў мястэчку Раманаў жыло ўжо 958 чалавек, дзейнічала царква, дзве сінагогі, гарбарны і клеяварны заводы, сем кузняў, царкоўна-прыходская школа і прыватнае народнае вучылішча, фельчарскі пункт і пошта.

З 1898 працавала тут пажарная дружына з 38 чалавек. Яны выкарыстоўвалі дзве помпы, чатыры бочкі і дзве лесвіцы. Дружына была створана на сродкі апошніх уладальнікаў маёнтка – княгіні Марыі Аляксандраўны і князёўны Марыі Уладзіміраўны Дандуковых-Карсакавых.

Марк Залманавіч Фрэйдзін, прафесар БДСГА, заслужаны эканаміст Беларусі, успамінаў, што ягоны бацька скончыў у Раманаве хедар – яўрэйскую рэлігійную школу. "Ён добра ведаў рускую мову і быў актыўным членам раманаўскай пажарнай добраахвотнай дружыны, якую княгіня стварыла і фінансавала набыццё ўсяго абсталявання. Гэта дружына ўдзельнічала ў спаборніцтвах сельскіх пажарных дружын Расіі. У нас у сям'і доўгі час захоўваўся дазвол, выдадзены бацьку паліцыяй. Там было напісана, што ён можа два тыдні пражываць ў Санкт-Пецярбургу і ўдзельнічаць у Міжнародным кангрэсе пажарных дружын. Як актыўнага члена дружыны княгіня паслала майго бацьку на бухгалтарскія курсы ў Кіеў, якія ён скончыў у 1917 годзе. І ўсё жыццё потым працаваў па спецыяльнасці".

Як вядома, пры цары яўрэі маглі жыць толькі ў рысе аселасці, а выязджаць за яе можна было на пэўны тэрмін і з дазволу паліцыі. Гэтыя абмежаванні былі адменены Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 года.

Як Раманаў стаў Леніна?

У кастрычніку 1917 года быў створаны Раманаўскі валасны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. Вядома прозвішча ягонага першага старшыні – Філіпаў.

 Хоць назва мястэчка Раманаў не мела ніякага дачынення да дынастыі цароў Раманавых, аднак у 1918 годзе яго перайменавалі ў Леніна.

У 1918 годзе мясцовы маёнтак быў нацыяналізаваны, на ягонай базе стварылі калгас. Лёс апошніх уладальнікаў Раманава невядомы, хутчэй за ўсё, яны з'ехалі за мяжу. Іх маёмасць перавезлі ў Горкі.

Царква Раства Багародзіцы ў Раманаве 1911 год.

Кнігі з княскай бібліятэкі перадалі ва ўезную бібліятэку. Наш знакаміты зямляк, пісьменнік Леў Разгон пра гэта ўспамінаў: "Горацкая гарадская бібліятэка была вялікай і багатай, якой рэдка бывае бібліятэка ў такім маленькім горадзе. І гэта не дзіўна: у асноўным яна складалася з кніг князеў Дундуковых-Карсакавых. Непадалёк ад Горак, у 18 кіламетрах, знаходзіўся вялікі радавы маёнтак гэтай княскай фаміліі – Раманаў. Я туды аднойчы ездзіў і ўпершыню ўбачыў сапраўдны палац – раскошны вялікі будынак у вялікім парку. Аднак палац быў пусты. Усё ўбранне, мэбля і кнігі былі вывезены. На маё шчасце, уся княская бібліятэка разам з шыкоўнымі шафамі чырвонага дрэва, бюстамі пісьменнікаў і разнымі лацінскімі афарызмамі апынуліся ў Горацкай гарадской бібліятэцы. Дундуковы-Карсакавы здаўна прэтэндавалі на ўплывовае становішча ў рускай навуцы і літаратуры. Гэта пра аднаго з іх напісаў сваю знакамітую эпіграму Пушкін: "У акадэміі навук засядае князь Дундук..." У бібліятэцы князёў былі сабраны ўсе кнігі рускіх пісьменнікаў і амаль усіх замежных пісьменнікаў у рускіх перакладах".

Карціны і ўнікальныя рэчы склалі аснову Горацкага краязнаўчага музея. У 1925 годзе асноўную калекцыю карцін Горацкага музея перадалі ў Смаленскі губернскі музей, а вырабы з фарфору Японіі, Кітая і іншыя рэчы – у Дзяржаўны музей БССР. У нас час гэтыя экспанаты захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Пра тое, што, на жаль, не дасталася Горкам і цяперашняму Горацкаму гісторыка-этнаграфічнаму музею, мы апублікуем асобны артыкул.

Расстралялі ўсіх мясцовых яўрэяў

У 20-ыя гады мінулага стагоддзя ў Леніна працягвалі жыць яўрэі, там актыўна працавала мастацкая самадзейнасць. У Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі захоўваецца ўнікальны здымак, на якім можна ўбачыць удзельнікаў яўрэйскага драматычнага кружка.

У гады калектывізацыі больш за 70 жыхароў вёсак, якія зараз уваходзяць у Ленінскі сельсавет, былі рэпрэсаваны, пяцёра з іх былі расстраляны, у тым ліку старшыня мясцовага калгаса Капяльчук. Усіх іх рэабілітавалі ў 1956-1990 гады.

У 1937 годзе ў Леніна была арганізавана машына-трактарная станцыя. У 1940 годзе тут працавала кузня, ветраны і механічны млын, маслазавод, майстэрня рамонту сельскагаспадарчага інвентару, шавецкая майстэрня. 

У даваенныя гады тут нарадзіліся і вучыліся ў мясцовай сярэдняй школе вядомыя мастакі Якаў Сімкін і Фелікс Яўмененка. Апошні падарыў роднай школе калекцыю карцін.

Удзельнікі яўрэйскага драматычнага кружка ў Леніна.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхары Леніна і сельскага Савета прызыўнога ўзросту пайшлі на фронт. Па звестках кнігі "Памяць. Горацкі раён" і музея Яд Вашэм (Іерусалім) у гады вайны ў баях загінула больш за 300 мясцовых жыхароў. 

У першыя дні нямецкай акупацыі вёсцы Леніна вярнулі дарэвалюцыйную назву. Акупанты ўтварылі тут цэнтр воласці, якой кіраваў нямецкі афіцэр. З мясцовых жыхароў прызначылі бургамістра і старасту. У будынку школы размясцілі паліцэйскі ўчастак, куды запісалася некалькі мясцовых жыхароў. 

У канцы ліпеня 1941 года ўсіх яўрэяў Леніна, якія не паспелі эвакуавацца, перасялілі ў гета – на вуліцу, што вядзе да могілак. Гэта месца было акружана з аднаго боку калючым дротам, а з другога – ракой і балотам. Яго ахоўвала мясцовая паліцыя. Фашысты прымусілі яўрэяў нашыць на вопратку жоўтыя зоркі і забаранілі сыходзіць з Раманава. Яўрэяў прымушалі працаваць на землях мясцовага калгаса.

Гета існавала да 12 чэрвеня 1942 года, калі фашысты і мясцовая паліцыя расстралялі ўсіх мясцовых яўрэяў, целы забітых кінулі ў яму, падрыхтаваную за 2 кіламетры на ўсход ад вёскі. Імёны жыхароў Леніна і сельскага Савета, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія ўдалося ўстанавіць на 1 студзеня 1995 года, змешчаны ў кнізе "Памяць. Горацкі раён" і выбіты на мемарыяльных плітах ля помніка "Журботная маці" ў Горках.

Эксперыментальная забудова і статус аграгарадка

12-13 кастрычніка 1943 года пад Леніна адбылася бітва, якая ўвайшла ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, калі разам з войскамі Чырвонай Арміі ў баях супраць фашыстаў упершыню ўдзельнічалі Першая польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі і Першы танкавы полк імя Герояў Вестэрплатэ, сфармаваныя ў СССР.

Схема Бітвы пад Леніна.

У гонар гэтай падзеі ў 1968 годзе Дзяржаўны Савет Польскай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіў пасёлак Леніна ордэнам "Крыж Грунвальда" ІІ класа. У 1968 годзе на месцы баёў быў адкрыты музей савецка-польскай баявой садружнасці.

Музей савецка-польскай баявой садружнасці ў Леніна.

Падчас вайны Леніна было амаль цалкам разбурана. У 1960-х у пасёлку пачалася эксперыментальная комплексная забудова, праект якой распрацавалі заслужаныя архітэктары БССР Бяганская і Калніньш. У забудову цэнтра пасёлка ўвайшлі: будынак Дома культуры з глядзельнай залай на 400 месцаў, фае, бібліятэкай і памяшканнямі для гуртковых заняткаў, сумешчанае з адміністрацыйнымі памяшканнямі дырэкцыі саўгаса, сельскага савета і пошты; гандлёвы цэнтр з прамтаварнай крамай, сталовай з банкетнай залай; сярэдняя школа на 480 навучэнцаў; гасцініца з камбінатам бытавога абслугоўвання і аптэкай.

Да сярэдзіны 1970-х быў рэканструяваны фасад мясцовай школы і ўзведзены будынак педагагічнага вучылішча, цяпер гэта – Горацкі педагагічны каледж Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

Многія мясцовыя жыхары працуюць у ААТ "Племзавод Леніна". У 2000 годзе Леніна атрымала статус аграгарадка.

Так у кароткім выкладзе выглядаюць асноўныя перыяды гісторыі Раманава-Леніна, якое сёлета адзначае свой 500-гадовы юбілей.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email