пят, 29.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У Добрай былі вячоркі з танцамі, майстар-класамі і "пампушкамі ад Валюшкі"

30.11.2022 – 11:45 | 2046

25 лістапада ў Добраўскім сельскім Доме культуры культарганізатар Вольга Георгіеўна Осіпава з навучэнцамі і педагогамі школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў правяла рэканструкцыю вячорак, традыцыйных для пярэдадня Піліпаўскага паста – паведамляе mogomc.by.

Як праходзілі вячоркі ў яе дзяцінстве, распавяла адна з першых удзельніц ансамбля народнай песні "Дабраначка" Тамара Васільеўна Шупілава. З сабой яна прынесла 100-гадовую хустку-камашырку, якая дасталася ад свякроўкі, і ручнік, вышыты рукамі яе матулі. Валянціна Андрэеўна Галухіна, настаўніца пачатковых класаў з вялікім стажам, пачаставала прысутных знакамітымі на ўвесь раён "пампушкамі ад Валюшкі", якія яна гатуе па асаблівым рэцэпце. Традыцыйнымі "чараўнікамі", тушанай фасоляй і блінамі з печы накарміла ўдзельнікаў імпрэзы знатная кулінарка Вольга Валер'еўна Шынкарова.

Педагогі школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў правялі майстар-класы па разьбе па дрэве, ручной вышыўцы і абрадавай ляльцы-мотанцы. Навучэнцы харэаграфічнага аддзялення пад кіраўніцтвам педагога Галіны Васільеўны Сідарэнкі выконвалі народныя бытавыя танцы, а калі музыка зайграў "падыспань", на сваіх месцах не ўсядзелі і гледачы.

Удзельнікі гуртка "Добраўскія лыжкары" прадэманстравалі віртуозную ігру на драўляных лыжках і трашчотках.

Прысутныя азнаёміліся з экспанатамі народнага побыту ў імправізаванай хаце-музеі: калаўрот, сукала, верацяно, прасніца, маслабойка, кубелец, сіта, керамічны і драўляны посуд, вугальны прас, а таксама куфар з саматканымі рэчамі. Увесь гэты скарб некалькі гадоў збірала Вольга Осіпава. Яна памятае гісторыю кожнай рэчы, калі і кім яна была падаравана, ці дзе знойдзена. Вось і ў гэты дзень калекцыя экспанатаў папоўнілася – жыхар Добрай Аляксандр Еліферавіч Еўдакімаў, неабыякавы да ўсяго чалавек, перадаў у музейны куток серп, рубанак і нажніцы для стрыжкі авечак.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email