пят, 29.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пяць вершаў на беларускай мове да Дня маці

14.10.2022 – 00:40 | 8557

14 кастрычніка ў Беларусі – Дзень маці. У беларускай літаратуры шмат твораў прысвечаны мамам. Але сёння мы адмыслова падабралі пяць вельмі чуллівых вершаў. Не забудзьцеся павіншаваць сваіх матуль!

Чыя мама лепшая

Адвячоркам мы гулялі

І аб мамах размаўлялі.

– У мяне, – прамовіў Пеця, –

Мама лепшая на свеце!

Усміхнуўся Толя: – Не!

Мама лепшая ў мяне!

– У мяне! – сказала Поля. –

Бо яна працуе ў школе!

– Ну дык што з таго, што ў школе! –

Запярэчыў Полі Коля. –

А мая кіруе крамай!

– А мая працуе... мамай

І цяпер з сястрычкай дома, –

Прашаптала ціха Тома.

– А мая, – сказала Ната, –

І за маму, і за тату!

Пэўна ж, мамачка мая

Лепей вашых удвая!..

Не згадзіўся з гэтым Пеця.

Пачалі спрачацца дзеці:

Коля з Поляй,

Пеця з Натай...

Ну а я

Пайшоў дахаты.

З імі я не стаў спрачацца.

І без спрэчкі ведаў я:

Калі шчыра разабрацца,

Мама лепшая – мая!

Генадзь Аўласенка

Рукі маці

Іх цалавала зямля

Сваімі пясчанымі вуснамі

I каласамі;

Неба спякотай, вятрамі, дажджамі

Іх цалавала.

Пража нямала

З іх выпіла ў ночы бяссонныя

Свежасці ранняй.

Колькі яны запалілі світанняў,

Зораў над намі.

Колькі сягоння на іх

Віднеецца чорных, глыбокіх

Шрамоў і маршчынаў,

Гэта сляды, што навекі пакінуў

Шлях наш суровы.

Толькі заўсёды,

Як мы зберымося дамоў

I на стол пакладзе рукі маці,

Быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце

I ў сэрцы.

Максім Танк

Я слаўлю маму

Я слаўлю мамы светлае імя –

Пяшчотнае, нібыта яблынь квецень.

Матулінага сэрца цеплыня

Нас сагравае лепш за ўсё на свеце.

Я слаўлю мамы светлую душу,

Якая разумее нас з паўслова.

Я толькі маму памагчы прашу,

Калі жыццё паставіцца сурова.

Я слаўлю позірк маміных вачэй,

Якія бачаць, што нам невядома.

Даруйце боль праплаканых начэй,

Калі нас доўга не бывае дома.

Я слаўлю маму, бо яна – як Бог –

Усім прабачыць і усё даруе,

Яна для нас сабою ахвяруе,

Як аніхто пакуль яшчэ не змог.

Мікола Ляшчун

Мама

О дзяўчаткі і жанчын суквецці!

Вам сваю душу адкрыю я:

Самая прыгожая у свеце

Мама незабыўная мая.

Хоць яе не стала – я штодзённа

Размаўляю з мамай, як з жывой.

Для мяне яна – мая ікона,

Сонейка жыцця над галавой.

Для мяне яна – мая калыска,

Мой шчаслівы, непаўторны час

О, як жа далёка ўсё і блізка –

Ўсё, што назаўжды яднае нас.

Я без мамы ні адной хвілінкі

Не пражыў, не помнячы яе.

Вы прабачце, мілыя жанчынкі,

Мне за думкі шчырыя мае.

Сяргей Давідовіч

Сынок і Маці

Пакуль яшчэ зялёная зямля

Трымае нас па міласці закона,

Сынок і Маці – зерне і ралля.

Сынок і Маці – мудрая ікона.

I спеюць хай удзячныя гады,

Бяжыць удаль дарога палявая.

Ён для яе маленькі назаўжды,

Нявопытны, пакуль яна жывая.

Крывавы час, адкінь свой грозны меч,

Прыслухайся да сцішанага слова.

З кароткіх, як само жыццё, сустрэч

Саткана іх нявечная размова.

Яўгенія Янішчыц

Глядзіце па тэме:

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email