Якія кнігі і аўтары самыя папулярныя сярод беларусаў? Адказ на гэта пытанне даў намеснік генеральнага дырэктара, дырэктар па навуцы і інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Бабук, перадае БЕЛТА.
"Прадстаўнікі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі кожны год праводзяць даследаванні па сацыялогіі чытання, дзе спрабуюць зразумець: ці чытаюць беларусы кнігі, калі так, то якія і якія ў іх чытацкія перавагі.
Калі параўноўваць з савецкім часам, то зараз людзі чытаюць менш і радзей наведваюць бібліятэкі.
Самым чытанымі пісьменнікам з'яўляецца Уладзімір Караткевіч, на другім месцы Васіль Быкаў.
Большасць беларусаў аддае перавагу мастацкай літаратуры, на другім месцы навукова-папулярная і навучальная літаратура. Зыходзячы з гэтых даследаванняў, Беларусь застаецца чытаючай краінай. Так, чытаюць менш, чым 40-50 гадоў таму, але ўсё ж чытаюць", – сказаў Аляксандр Бабук.
Ён падкрэсліў, што калі дзіця бачыць свайго бацьку з кнігай у руках, то хутчэй за ўсё яно таксама будзе захапляцца чытаннем.
Па словах эксперта, 82% сярод апытаных чытае друкаваныя кнігі, электронныя кнігі выбіраюць радзей, хаця і імі актыўна карыстаюцца.
Ён таксама апісаў партрэт тыповага чытача бібліятэкі. Гэта студэнт або аспірант-магістрант, суіскальнік вучонай ступені, якому трэба напісаць нейкую навуковую працу. Другі варыянт – гэта студэнт, які рыхтуецца да здачы іспыту і шукае патрэбную літаратуру. Ёсць і тыя, хто прыходзіць у бібліятэку, каб прачытаць кнігу тут, а не дома. У асяроддзі зацікаўленых людзей яны могуць абмеркаваць прачытанае.
Літаратурныя перавагі залежаць і ад узросту. Пажылыя людзі аддаюць перавагу чытанню мемуарнай літаратуры, а маладыя – наадварот, чытаюць вельмі вялікую разнастайнасць жанраў.