7 жніўня па народным календары імяніны ў Аляксандра, Ганны, Іраіды, Макара, Мікалая. Дзень Ганны, ідучы следам за Барысавым днём, нічым не адрозніваўся ў сялянскіх занятках: "Барыс з Ганнай не гуляюць, святому Іллі дапамагаюць". Раней у Беларусі сустракаліся мясціны, дзе на Ганну працаваць можна было толькі на талацэ ці па найме.
Па гэтым дні прадказвалі надвор'е ўзімку: светлае і цёплае надвор'е сёння абяцае халодную зіму; калі ідзе дождж – зіма снежная і цёплая будзе; калі ноч з 7 на 8 жніўня будзе халодная, то зіма будзе ранняй і доўгай; калі сёння ідзе дождж, то прыйшоў час збіраць моркву.