14 ліпеня па народным календары імяніны ў Аляксея, Ангеліны, Аркадзя, Васіля, Івана, Канстанціна, Дзям'яна, Кузьмы, Ільва, Нікана, Паўла, Пятра, Ціхана. Летнія Кузьмінкі – так называлі гэты дзень у старыя часы. Свята кавалёў, а таксама жаночае і дзявоцкае свята. У гэты дзень у гародах палолі грады, вырывалі каранёвую гародніну, была сенажаць. Сельскія жанчыны паспявалі не толькі папрацаваць, але і адзначыць сваё свята. На пакос прыносілі крупы, пасля працы ссыпалі іх у агульны кацёл і варылі кашу, каб усёй талакой паесці з адзінага чыгуна, а значыць, падзяліцца сілай.
Былі такія прыкметы: калі вецер дзьме з захаду, то будзе дождж; калі ў месяца чырванаватае адценне, то будзе моцны вецер; калі на дрэвах ужо з'явілася жоўтае лісце, то восень будзе ранняй.