7 ліпеня па народным календары імяніны ў Антона, Івана, Яна, Мікіты, Якуба, Якава. Купалле (Іван Купальны, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Ян). Працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч. "Учора было Купалле, а сёння Ян...", – спяваецца ў народнай песні. У гэты дзень было прынята пачынаць сенажаць, пакуль трава не абсыпалася.
Былі такія прыкметы: моцная раса на Яна – да ўраджаю агуркоў; калі ўмыцца купальскай расой і пакупацца ў рацэ – прыбавіцца здароўе і прыгажосць; травы, сабраныя ў гэты дзень, лічыліся гаючымі (цалебнымі); калі пераскочыць праз купальскае вогнішча, то ўсе беды і хваробы згараць; а яшчэ людзі ў старыя часы лічылі, што на Купалле сняцца прарочыя сны.