18 студзеня па народным календары імяніны ў Рыгора, Яўгена, Іосіфа, Лук'яна, Мацея, Паліны, Рамана, Сымона, Сяргея, Тацяны. Завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў малявалі крыж. Гаспадар хаты выходзіў на двор і "клікаў мароз" з лыжкаю куцці.
У гэты дзень стараліся наогул не працаваць. Падлогу ў хаце вымяталі вельмі рана, а смецце спальвалі ў печы, "каб нішто не шкодзіла ў хаце". Калі ў гэты дзень няма снегу, гэта лічылася дрэннай прыкметай: летам не будзе ні ягад, ні грыбоў. Калі ў гэты дзень моцныя вятры з поўдня, то будзе лета грознае.