Доўгі час была невядомая дакладная дата першага летапіснага прыгадвання Горак. І вось, дзякуючы архіўным знаходкам гісторыка В.Насевіча, было ўстаноўлена, што Горкі ўпершыню ўзгадваюцца ў дакументах у 1544 годзе.
А калі казаць больш дакладна, то ў Літоўскай метрыцы ў тастаменце Васіля Талачынскага (сына Юрыя Шышаўскага), дзе ён землі маёнтка Шышава пакідае сваёй жонцы Марыі. У гэтым дакуменце можна знайсці назвы населеных пунктаў Юркава, Сялец, ну і вядома – Горкі.
Звярніце ўвагу, што звалі Юрыя – Шышаўскі, бо ў той час Шышава было горадам, цэнтрам маёнтка.
Выходзіць, сёлета нашаму гораду – 470 гадоў, калі лічыць ад дня першага ўпамінання ў архіўных дакументах.
Аб гісторыі Горак шмат матэрыялаў друкавалася ў газеце “УзГорак” і на сайце horki.info. А вось аб назвах месцаў горада, рэчак, на якіх ён стаіць, ці, як кажуць навукоўцы – тапонімах, гідратапонімах і мікратапонімах – мы ведаем менш.
Аб гэтым наш матэрыял.
Чаму Горкі?
Адкуль пайшла назва нашага горада? Чаму так названы рэкі, на якіх ён знаходзіцца?
На гэтыя пытанні доўгі час даводзілася шукаць адказы ў літаратуры. Так, прафесар В.Жучкевіч лічыць, што назва нашага горада звязана з гарыстай мясцовасцю.
Пісьменнік У.Юрэвіч у кнізе “Слова жывое, роднае, гаваркое...” піша, што назва Горкі – ад слова Горы, некалі дало назву паселішчу, размешчанаму на некалькіх горках, ўзвышшах. Яно гэтак і звалася – Горы-Горкі.
Больш цікавую версію ў свой час выказаў археолаг Ш.Бікцінееў, які рабіў археалагічныя раскопкі ў вёсцы Горы. Ён лічыў, што ў пачатку 16 стагоддзя частка жыхароў старажытнага горада Горы перасялілася на месца цяперашняга горада Горкі, бо тут было перасячэнне двух гандлёвых шляхоў: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава і далей на Смаленск.
Спачатку новае паселішча мела назву – Горы Малыя, а старое паселішча – Горы Вялікія. З цягам часу Горы Малыя сталі Горкамі, а Горы Вялікія – проста Горы.
На жаль, не даводзілася чуць ад жыхароў нашага раёна легендаў ды паданняў пра паходжанне назвы Горак, не сустракалася такое і ў літаратуры.
Але вось у 2002 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выйшла кніга “Магілёўшчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў”. Яе склаў і запісаў доктар філалагічных навук А.М.Недаўца. Ёсць там легенда і пра ўзнікненне горада Горкі, рэк Проня і Парасіца, а таксама вёсак Горацкага раёна – Буда, Копцеўка, Пнеўшчына, Студзянец і Ходараўка.
Легенда пра Горкі займае сем старонак. А коратка яе змест такі. На тэрыторыі Горацкай зямлі жыў князь Гардзей, які меў вельмі прыгожую жонку і двух дачок – Проню і Парасіцу.
Жылі вельмі шчасліва і добра, пакуль не здарылася бяда. Жонка князя дужа спадабалася валадару падземнага і падводнага царства.
І вось аднойчы, калі князя Гардзея не было дома, валадар захапіў княгіню і яе дачок.
– Будзеш маёй жонкай, – сказаў ён жанчыне-прыгажуне.
Тая адказала коратка:
– Я маю мужа і не здраджу яму.
Раззлаваўся валадар і шабляй парубіў і княгіню, і яе дачок.
І там, дзе ўпалі пасечаныя грудзі прыгажуні, выбіліся з зямлі дзве крынічкі, і пабеглі з іх рэчкі. Іх людзі назвалі – Проня і Парасіца.
А князь Гардзей адпомсціў за жонку і дачок. Ён пачаў кідаць у раку вялізныя камяні і забіў валадара. З цягам часу тыя камяні абраслі зямлёй, і сталі на іх сяліцца людзі, а паселішча назвалі – Горы-Горкі... Вось такая легенда.
Аднак неаднаразова ў архіўных дакументах, што датычаць нашага краю, апроч саміх Горак упамінаюцца два прадмесці – Слабада і Зарэчча.
Слабада
Прадмесце з такой назвай можна сустрэць амаль у кожным горадзе. Як сведчыць Беларуская гістарычная энцыклапедыя, назва гэта звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары Слабодаў карысталіся часовым вызваленнем ад аплаты падаткаў.
Ужо ў першым інвентары Горак 1683 года ўпамінаецца Казіміраўская Слабада. Чаму Казіміраўская? Гэта дакладна нам невядома. Ёсць меркаванне некаторых навукоўцаў, што ў Слабадзе стаялі войскі Казіміра IV у 1480 годзе. Адсюль і назва. На жаль, дакументальнага пацверджання гэтай версіі пакуль не знойдзена.
Хутчэй за ўсё такая назва звязана з імем Казіміра, бо такія назвы як Казіміраўка ёсць яшчэ на Беларусі.
Цікава, што ў “Рэвізскіх казках” напісана не Слабада, а Казіміраўскі фарштат. Гэта слова нямецкае i азначае – прадмесце, слабада, уласна мясцовасць за гарадской мяжой. Аднак назва фарштат, відаць, не прыжылася, і потым ужо ва ўсіх дакументах, што датычаць гэтага прадмесця, указана, што гэта Слабада.
У 1848 годзе тут было адчынена народнае вучылішча.
У канцы 19 стагоддзя на Слабадзе была пабудавана царква з цэглы. Яна атрымала назву Ушэсця і зараз з’яўляецца помнікам архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай.
За савецкім часам тут знаходзіўся цэнтр Казіміраўскага сельсавета. І толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны назва “Казіміраўская” зусім знікла. Засталася толькі Слабада як частка нашага горада.
Зарэчча
Сама назва гаворыць аб тым, што знаходзіцца гэта частка Горак за ракой. Згодна з Вiкiпедыяй, амаль у кожнай вобласцi Беларусi, Расii i Украiны сустракаюцца такія назвы.
У Горках так завецца тэрыторыя за Капылкай. Зараз гэта рака выглядае як ручай, але калісьці была паўнаводнай.
Пра Зарэчча ўпамінаецца ў інвентары 1583 года.
А калі ў Горках ў 1708 годзе былі войскі пад камандаваннем Пятра I, то яны займалі ўсё Зарэчча. Аб гэтым сведчыць карта-схема, што была знойдзена ў Ваенна-гістарычным архіве Расіі.
У 1924 годзе ў Зарэччы было 208 двароў і жыло 1611 жыхароў. У час калектывізацыі быў створаны калгас “Чырвоны ўсход”, у які уваходзіла 124 гаспадаркі і 652 чалавекі.
У 60-я гады ХХ стагоддзя праз раку Капылка быў пабудаваны новы мост, які прадоўжыў цэнтральную вуліцу імя Якубоўскага да вуліцы Вакзальнай. Быў перанесены кірмаш, а на ягоным месцы ўзнік новы адміністрацыйны цэнтр горада і раёна. Вакол гэтага цэнтра пачалося будаўніцтва жылых дамоў.
Працяг будзе.