сер, 11.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Горкі маглі апынуцца ў іншай дзяржаве, а акадэмію хацелі перанесці ў Мінск. Успамінаем першыя гады пасля стварэння Горацкага раёна

12.07.2024 – 08:20 | 3411

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Горацкі павет уваходзіў у склад БССР. Але 26.04.1919 павет быў перададзены ў Гомельскую, а 27.07.1922 – у Смаленскую губерню РСФСР.

Як Горкі вярнуліся ў Беларусь

У выніку адміністрацыйнай рэформы, якая распачалася ў 1923 годзе ў РСФСР, паветы як адміністрацыйныя адзінкi, скасавалі. Замест іх стварылі акругі (яны існавалі да 1930 года), якія былі падзелены на дробныя адміністрацыйныя адзінкi – раёны.

У снежні 1923 года палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦБ КП(б)Б аб далучэнні да БССР "роднасных ёй у бытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах" тэрыторый, некалькiх паветаў, у тым лiку – Горацкага Смаленскай губерні. 

I з сакавіка 1924 года на аснове дэкрэта УЦВК Горацкi пaвет вярнуўся ў склад Беларусі. У гэты час большасць насельніцтва горада і павета складалі беларусы.

Так быў створаны Горацкi раён, якi быў адносна невялікі, а вось Горацкі павет – адзін з самых буйных у Беларусі. Плошча яго складала 2487 квадратных вёрст, насельніцтва – 153 000 жыхароў. Па выніках жа Першага ўсесаюзнага перапісу насельніцтва 1926 года ў раёне жыло 56 829 чалавек, у Горках – 8 527.

Пасля ўвядзення новага адміністрацыйнага падзелу Горацкі раён увайшоў у склад Аршанскай акругі i дзяліўся на 12 сельскіх Саветаў: Горацкі, Гарадзецкі, Горскі, Кацялеўскі, Красулінскі, Ленінскі, Любіжскі, Палёнкаўскі, Панкратаўскі, Паршынскі, Сенькаўскі ды Чашніцкі.

Паўсюдна нашы людзі

Пасля 1917 года насельнiцтва горада і раёна скарацiлася, бо ў гэтыя гады многія маладыя жыхары, якія не хацелі вучыцца ў сельскагаспадарчым інстытуце, паехалі атрымліваць адукацыю ў Мінск, Маскву, Ленінград ды іншыя буйныя гарады.

Некаторыя з іх сталі вядомымі навукоўцамі, партыйнымі і гаспадарчымі дзеячамі. Напрыклад, Якаў Гугель быў прызначаны дырэктарам Марыупальскага металургічнага завода. З 1931 года працаваў начальнікам будаўніцтва Магнітагорскага металургічнага камбінату, потым працаваў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення Наркамата металургічнай прамысловасці СССР. У яго гонар названа вуліца ў Марыупалі. Леў Разгон стаў вядомым пісьменнікам, ягоны родны брат Ізраіль – вучоным, доктарам гiстарычных навук, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii СССР. Лаўрэнцій Абецэдарскі – доктарам гістарычных навук, прафесарам, член-карэспандэнтам АПН СССР. Міхаіл Булахаў – доктарам філалагічных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі БССР. Азалій Вільнер – доктарам ветэрынарных навук, прафесарам. Саламон Кантар – вядомым жывапісцам і графікам. Васіль Лубяка – доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі БССР, акадэмікам АН БССР. Леанід Наймарк – доктарам сельскaгаспадарчых навук, прафесарам. Гэты спіс можна працягваць доўга.

Электрастанцыя, цагельны завод, чыгунка і не толькі

У гэты час у Горках вырасла колькасць рамесных прадпрыемстваў, праўда, у асноўным яны былі дробнымі, бо там працавала па 1-2 рабочых.

У кнізе "Апісанне Горацкага раёна..." ёсць даведка, што ў 1925 годзе ў павеце працавала 2 998 рабочых. З іх: краўцоў – 27, металістаў – 77, работнікаў харчавання – 107, будаўнікоў – 174, дрэваапрацоўшчыкаў – 60, скурнікаў – 24, камунальных рабочых – 48, сувязістаў – 33, харчавікоў – 87, транспартнікаў – 13, работнікаў культуры – 13, работнікаў адукацыі – 174 і чыгуначнікаў – 77.

У 1924-1925 гады працоўныя Горак дабіліся поспехаў у аднаўленні народнай гаспадаркі. Стала даваць ток пабудаваная электрастанцыя. Уступіў у строй цагельны завод, прадукцыя якога была вельмі патрэбна гораду. Па пуцёўцы камсамола на гэты завод прыйшоў працаваць Іван Якубоўскі – будучы маршал, двойчы Герой Савецкага Саюза. Аб гэтым перыядзе свайго жыцця ён успамінаў у кнізе "Земля в огне".

Паступова выцясняўся прыватны гандаль. У горадзе і павеце было створана больш за 100 гандлёвых кааператываў. Кожную нядзелю працавалі базары ў Горках, мястэчках Леніна і Горы, а 5 разоў на год тут адбываліся кірмашы.

Развіццю эканомікі Горак садзейнічала заканчэнне будаўніцтва чыгуначнай лініі Орша – Унеча. У трох кіламетрах ад горада была пабудавана чыгуначная станцыя Беларускія Горкі, якой потым прысвоілі імя С.Д. Пагодзіна.

У 1925 годзе ў Горках быў арганізаваны камбінат, які аб'яднаў электрастанцыю, жывёлабойню і млын. Працавалі таксама 2 лесапільныя і адзін гарбарны завод. На тэрыторыі раёна дзейнічала суконная фабрыка, тады адзіная ў БССР.

У горадзе адраджалі традыцыйныя промыслы: шавецкі, сталярны і ганчарны. У 1925 годзе тут працавала ўжо 83 прадпрыемствы. Вырабы горацкіх рамеснікаў экспанаваліся на Усебеларускай саматужнай сельскагаспадарчай выставе 1925 года, у якой бралі ўдзел саюзы саматужнікаў і 435 сялянскіх гаспадарак Беларусі.

Тысячы кніг і тысячы чытачоў

У павеце працавала 236 школ першай ступені і 13 – другой (усяго навучалася каля 17 тысяч вучняў), тры дзіцячыя садкі на 150 месц і пяць дзіцячых дамоў на 127 чалавек.

У Горках было чатыры школы першай ступені (у адной з іх вяліся заняткі на яўрэйскай мове iдыш), і дзве школы другой ступені, тры дзіцячыя дамы, адзін садок, адна прафшкола. Для дарослых былі адкрыты дзве вячэрнія школы (адна была ў Леніна), два пункты па ліквідацыі непісьменнасці, дзве бібліятэкі, у якіх налічвалася 52 000 кніг і было запісана 2 845 чытачоў.

Леў Разгон пра гарадскую бібліятэку пісаў: "Горецкая городская библиотека была большой и богатой, какой редко бывает библиотека в таком маленьком городе. Да это и не удивительно: в основном она состояла из книг князей Дондуковых-Корсаковых… Вся княжеская библиотека вместе с роскошными шкафами красного дерева, бюстами писателей и резными латинскими афоризмами очутилась в горецкой городской библиотеке… В библиотеке князей были собраны все книги русских писателей и почти всех иностранных писателей в русских переводах".

Як успамінае Разгон, у гэты час быў створаны i першы ў павеце музей. Яго экспанаты – гэта рэчы з калекцыі князя Дандукова-Карсакава. Пасля таго як Горацкі павет далучылі да Беларусі, частку карцін перавезлі ў Смаленскі губернскі музей, частку – у Мінскі абласны музей, а затым – у Беларускі дзяржаўны музей. Туды трапілі экспанаты з фарфору, карціны і мэбля Расійскай імперыі, Заходняй Еўропы, Кітая і Японіі.

Стварэнню музея садзейнічала раённае краязнаўчае таварыства, устаноўчы сход якога адбыўся 7 снежня 1924 года.

Горацкую ахову здароўя ў той час узначальваў Аляксей Лебедзеў – дэлегат 1 Усерасійскага з'езда ўрачоў і 1 Усебеларускага з'езда па сельскай медыцыне, які адбыўся ў красавіку 1925 года.

Вясной 1925 стары будынак раённай бальніцы згарэў. І па хадайніцтве Лебедзева рашэннем ураду Беларусі былы будынак турмы перадалі раённаму аддзелу аховы здароўя.

Горкі маглі застацца без акадэміі

7 красавіка 1919 года ў Горках быў адноўлены сельскагаспадарчы інстытут шляхам аб'яднання Горацкіх сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Там у 1922-23 навучальным годзе працавала два факультэты: сельскагаспадарчы з аддзяленнямі раслінаводства і прамысловых культур ды лясной гаспадаркі, а таксама інжынерна-агранамічны з аддзяленнямі сельскагаспадарчай меліярацыі і сельскагаспадарчага машынабудавання. Для тых, каму не хапала ведаў для паступлення, адкрылі працоўны факультэт.

Калі Горацкі раён вярнуўся ў склад БССР, атрымалася, што ў Рэспубліцы дзве сельскагаспадарчыя ВНУ. Паўстала пытанне, каб была адна ўстанова, але дзе – Горках ці ў Мiнску? Некаторыя выкладчыкі Горацкага інстытута, работнікі Савета народных камісараў лічылі, што ВНУ трэба арганізаваць у Мінску, а ў Горках пакінуць сярэднія сельскагаспадарчыя ўстановы.

За тое, каб ВНУ была ў Горках, публічна выступіў былы выхаванца Горацкага каморніцка-земляробчага вучылішча Гаўрылы Гарэцкага, родны брат пісьменніка Максіма Гарэцкага. Ён апублікаваў у газеце "Савецкая Беларусь" артыкул пад назвай "Дзе быць Беларускай Сел.-Гас. Акадэміі?" 5 жніўня 1925 г. СНК БССР прыняў пастанову аб зліцці Беларускага інстытута сельскай гаспадаркі і Горацкага сельскагаспадарчага інстытута і ўтварэнні ў Горках Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Двойчы Колас, і двойчы Купала

На ўрачыстасцях з гэтай нагоды прысутнічалі народныя паэты Беларусі Янка Купала і Якуб Колас, якія выступілі перад будучымі спецыялістамі сельскай гаспадаркі. "Няхай закрасуецца акадэмія багатым, пышным лугам, садам, – гаварыў Якуб Колас. – Няхай гаспадары гэтай зямлі высока нясуць Чырвоны сцяг працы і культуры… Няхай жыве акадэмія з яе традыцыямі, якія склаліся ў Горках!"

Праз два гады, 24 красавiка 1927 г., Колас зноў прыязджаў у Горкi. Пра гэтую падзею сведчаць два лісты, што ён прыслаў сюды. Яны былi адрасаваны Леанiле Чарняўскай, жонцы Максіма Гарэцкага.

Першы ліст Колас даслаў 17 красавiка 1927 года і паведамляў, што прыедзе ў Горкi. Ён адзначаў, што хацеў бы прыехаць якраз тады, калi распусцяцца бярозавыя лiсточкi. Вiдаць, вельмi любiў горацкiя гаi ды сады. У сваім допісе вядомы пісьменнік таксама перадаваў прывітанне i дзядзьку Максiму Гарэцкаму.

– Калi мы пераехалi ў Горкi, – расказвала Галiна Максiмаўна Гарэцкая, дачка пiсьменнiка, – бацька часам бываў у Мiнску i ў адну з сустрэч з Якубам Коласам запрасiў яго да сябе ў госцi. У клубе сельскагаспадарчай акадэмii яму была наладжана цёплая сустрэча, а вечарам ён гасцяваў у выкладчыка М. Ганчарыка (потым члена-карэспандэнта АН Беларусi).

Ад гэтай сустрэчы застаўся цiкавы здымак: Якуб Колас сярод жанчын у беларускiх нацыянальных касцюмах.

Другi лiст у Горкi да Чарняўскай датуецца 9 лiстапада 1927 года. У iм Якуб Колас пiша: "Я не знаходжу адпаведных слоў, каб выказаць Вам, мiлыя жанчыны-беларускi, маю радасць i маю падзяку за вiншаванне, а таксама не магу звярнуцца да Вас, як бы гэта трэба было. Назаву хiба Вас гэтак: "Цвет i краса жанчын беларускай зямлi!"

Так пiсьменнiк выказаў падзяку сваiм знаёмым за вiншаванне, дасланае з Горак да 45-годдзя з днём нараджэння. Пiсаў ён там і пра свае лiтаратурныя планы: "...з новага году засяду за сваю паэму" (маецца на ўвазе "На шляхах волi"). Паведамляў таксама i пра тое, што чакае выхаду з друку кнiгi "У глыбi Палесся". "Тады кожнай з Вас прышлю па кнiзе, бо Вы такiя мiлыя, слаўныя, што калi толькi пачнеш аб Вас думаць, дык весялей i святлей робiцца на сэрцы..."

У чэрвені 1925 года ў Горкі зноў прыязджаў Янка Купала. У газеце "Савецкая Беларусь" за 17 чэрвеня надрукавана была пра гэта нататка: "Днi 6 i 7 чэрвеня былi святам для Горацкiх школ. 6 чэрвеня прыехалi ў Горы-Горкi Янка Купала i таварышы з Аршанскага акруговага камiтэта партыi. Перш-наперш госцi з'явiлiся на ўрачысты сход, прысвечаны выпуску студэнтаў Горацкага рабфака. Сход горача вiтаў пачэсных гасцей.

Пасля ўрачыстай часткi госцi прысутнiчалi на вечары рабфакаўцаў, дзе Янка Купала чытаў свае вершы. 7 чэрвеня амаль цэлы дзень госцi знаёмiлiся са славутасцямi iнстытута: наведалi батанiчны сад, разам з рабфакаўцамi гулялi па старым парку, прымалi ўдзел у гульнях. Сюды у парк вiтаць Янку Купалу з'явiлiся ўдзельнiкi канферэнцыi настаўнiкаў Горацкага раёна, якая праходзiла ў гэтыя днi. Прыйшлi i вучнi горацкiх сямiгодак – беларускай i яўрэйскай. Дзяўчынкi ў нацыянальных касцюмах паднеслi Я. Купалу два прыгожых букеты руж i румянку (эмблема творчасцi Я.Купалы). Хутка з'явiлiся i пiянеры з чырвонымi сцягамi. Усе размясцiлiся на ўзгорку каля гары "Парнас", сярод зялёных дубоў i ліп. Прывiтальныя прамовы, беларускiя народныя песнi, вершы выконвалiся з нейкiм дзiўным натхненнем.

Увечары 7 чэрвеня ў прысутнасцi гасцей адбылося паседжанне таварыства па вывучэнню Беларусi i секцый навуковых супрацоўнiкаў сельскагаспадарчага iнстытута. Госцi азнаёмiлiся з працамi гэтага таварыства i выказалi свае думкi. Таварышы Луцэвiч (Янка Купала), Стасевiч i Акулiч залiчаны ганаровымi сябрамi таварыства".

Ва ўтворанай акадэміі спачатку было чатыры факультэты: агранамічны з трыма аддзяленнямі раслінаводчым, эканамічным і жывёлагадоўчым; землеўпарадкавальны, льняны і меліярацыйны.

Новае жыццё наладжвалася і ў вёсцы. Працавала 28 камун і арцеляў, 10 саўгасаў. Адным з першых у павеце арганізаваўся саўгас "Ленино".

Для сялян адкрыліся аграпункты з шасцю доследнымі ўчасткамі і 14 пракатных станцый.

Пасля Кастрычніка 1917 года i ў яўрэйскага насельніцтва з'явілася магчымасць займацца земляробствам. Гэтым скарысталіся яўрэі з горада Горкі, вёсак Леніна, Гор, Верашчак, Рудкаўшчыны ды Пічаўкі.

Так выглядалі першыя гады жыцця Горацкага раёна.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email