нядзеля, 24.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Паэту Анатолю Прохараву – 70. Вось 10 фактаў з жыцця нашага земляка

21.07.2019 – 16:36 | 715

Сёння 21 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння нашага земляка паэта Анатоля Прохарава. Хоць творца зараз жыве ў Оршы, актыўна ўдзельнічае ў працы Горацкага народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова" і піша вершы ды загадкі для дзяцей.

Нарадзіўся на Горацкай зямлі

Анатоль Прохараў нарадзіўся 21 ліпеня 1949 года ў вёсцы Рудкаўшчына Горацкага раёна ў сям'і калгаснікаў. Скончыў школу-васьмігодку. Потым ГПТВ №18 горада Маркса Саратаўскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі ў ракетных войсках.

Першы верш напісаў яшчэ вучнем

У 1990 годзе горацкая раёнка апублікавала першы верш Анатоля Прохарава. Праз год сябра Саюза журналістаў Беларусі Пётр Дзетліковіч у сваім артыкуле "Сэрца закаханага звонкая струна..." даў такую характарыстыку творам нашага земляка: "Сваёй непасрэднасцю светаўспрымання, лёгкасцю і дакладнасцю рыфмаванага слова, удалым гумарам і пластыкай вобразаў, дзе галоўнымі героям і выступаюць браты нашы меншыя, яны адразу прыцягнулі да сябе ўвагу і дарослых, і маленькіх чытачоў".

Праз цяжкую траўму атрымаў інваліднасць, але яму дапамог Рыгор Барадулін

Пасля арміі працаваў будаўніком-электрыкам на будаўніцтве газаправода Таржок – Мінск – Івацэвічы. На працы атрымаў цяжкую траўму, быў надоўга прыкаваны да бальнічнага ложка – год быў паралізаваны і шэсць месяцаў нічога не бачыў. Анатоль Прохараў успамінае, што ў гэта час яму вельмі дапамог народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Зараз наш зямляк ужо на пенсіі па інваліднасці, жыве ў Оршы, з'яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў з 2007 года.

Пасля траўмы пачаў актыўна пісаць вершы

Яны друкуюцца ў рэспубліканскіх і абласных перыядычных выданнях. Падборкі твораў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ўвайшлі ў раённыя і абласныя літаратурныя альманахі "Галасы з Горацкага Парнаса", "Дзвіна" – 2009 і 2017 гг., друкаваліся ў часопісе "Вожык" і інш.

Удзельнік дзевяці калектыўных зборнікаў. Хаця зараз Анатоль Прохараў жыве ў Оршы, актыўна ўдзельнічае ў працы Горацкага народнага аматарскага аб'яднання "Роднае слова", што працуе пры нашым гісторыка-этнаграфічным музеі.

Аўтар чатырох кніг для маленькіх чытачоў

У 1983 годзе ў выдавецтве "Юнацтва" выйшла першая кніжка паэта "Буркаток", а ў 1988 годзе, калі была адкрыта новая серыя "Дэбют", наш зямляк парадаваў маленькіх чытачоў зборнікам вершаў "Птушыны гарадок" (1988). Потым былі кнігі "Чарадзейка" (1994) і "Вясёлы карагод" (2005).

Яго вершы вывучалі ў школе

У розны час вершы Анатоля Прохарава былі ў падручніках па беларускай мове для малодшых класаў.

На творчасць натхняюць успаміны пра маленства

"Відаць, з маленства, ад мацярынскай калыскі ды ад казак бабулі Ульяны, – лічыць паэт, бярэ ён тэмы для сваіх вершаў і загадак. – I вось праз гады ажылі яны, бабуліны казкі, і захацелася мне перадаць іх дзецям".

А калі ў сям'і з'явілася першая дачушка Алеся, Анатоль Прохараў пачаў складаць дзіцячыя вершы.

Так, ад матчынай калыскі ўвабраў ён хараство, прыгажосць і тонкае адчуванне роднага слова, а талент і любоў да дзяцей, працавітасць спрыялі стварэнню добрых вершаў.

Яго творчасць прызнана ў Беларусі

Ён дыпламант рэспубліканскіх фестываляў творчасці людзей з інваліднасцю "Шлях да сябе" і "Глядзі на мяне, як на роўню".

Не забываецца пра родныя мясціны

Ніколі не забываўся пра родныя мясціны і прыгадваў іх у сваіх творах. Вось адзін прыклад:

Рудкаўшчына. 3 краю вёскі хата.

Тут першы крок зрабіў я ў жыццё.

I жнівеньскія зоркі – як зярняты.

I сэрца закаханага біццё...

3 буслом не раз абмерваў сенажаці

Удалеч плыў па сіняй хвалі льну.

I з кожнай кветкі бачыў погляд маці,

Кранаў ён сэрца звонкую струну.

Ягоныя вершы і загадкі для дзяцей простыя і запамінальныя

Качар Шарыка спытаў:

Хто табе ашыйнік даў?

За якія ты правіны быць на прывязі павінны?

Шарык качару ў адказ:

Памыляешся якраз.

Гэту стужку мне далі,

Каб насіў я медалі.

***

Не бычок, а рожкі мае,

Уцякай, бо забадае.

Ярка свецяць

Вочкі-фары.

Груз вязе... (Электракара)

Зычым нашаму земляку добрага здароў'я і новых творчых здабыткаў!

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email