пан, 30.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Горкі: даты і падзеі

Адкуль пайшла назва? Па адной з версій у пачатку XVI стагоддзя частка жыхароў старажытнага горада Горы перасялілася на месца цяперашняга горада Горкі, бо тут было перасячэнне двух гандлёвых шляхоў: Орша – Мсціслаў і Магілёў – Раманава (далей на Смаленск). Спачатку новае паселішча мела назву Горы Малыя, а старое – Горы Вялікія. З цягам часу Горы Малыя сталі Горкамі, а Горы Вялікія проста Гарамі.

Па звестках гісторыкаў, першыя людзі з'явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна ў эпоху мезаліту (X-VII стагоддзе да нашай эры). Пра гэта сведчаць знойдзеныя рэшткі тагачасных стаянак ля вёсак Вялікія Шарыпы і Пнеўшчына. Напачатку Нашай эры тут жылі плямёны балтаў. Са старажытных гарадзішчаў таго часу найбольш буйныя і вядомыя тыя, што знаходзяцца ля вёсак Горы і Мікадзімава.

У другой палове I тысячагоддзя ў вярхоўях ракі Проня з'явіліся крывічы. На тэрыторыі Горацкага раёна ёсць помнікі іх пахавання – гэта паўсферычныя курганы ля вёсак Лугіны, Маслакі, Нежкава, Паршына, Светлая, Студзянец. Па звестках за 1873 г., курганоў было значна больш, у тым ліку каля вёсак Анікавічы, Асіповічы, Нівішчы.

Першыя людзі з’явіліся на тэрыторыі сучаснага Горацкага раёна ў эпоху мезаліту. Фота Аляксандры Пералайкі з экспазіцыі Горацкага музея.

У X-XI стагоддзях сучасныя Горацкія землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а з адасабленнем у XI стагоддзі былі часткай Полацкага княства.

1136 год – першыя пісьмовыя звесткі, якія тычацца сучаснай тэрыторыі Горацкага раёна. Смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч вызначыў з падпарадкаваных яму валасцей дзесяціну на карысць новазаснаванага смаленскага епіскапства. У ліку валасцей, частка даніны з якіх павінна была ісці ў склад дзесяціны, названа і воласць Басея. Гісторыкі і археолагі лакалізуюць яе ў вярхоўях нашай ракі Басі. У той жа грамаце прыгадваецца воласць Мярэцічы, якая займала вадазбор ракі Мярэі.

XII - XIII ст. – Археалагічныя раскопкі сведчаць пра добра ўмацаваны замак ля сучаснай вёскі Горы.

Пазней Басейская і Горская воласці перайшлі ва ўласнасць да князя Івана Сямёнавіча Пуцяты з роду князёў Друцкіх. Апошні раз у пісьмовых крыніцах ён упамінаецца ў 1440 г.

Не пазней за сярэдзіну XV ст. маёнтак Раманаў (зараз Леніна) перайшоў да князя Юрыя Сямёнавіча Галыпанскага (памёр каля 1457 г.) ці яшчэ яго бацькі Сямёна Лютага.

Фота Аляксандры Пералайкі з экспазіцыі Горацкага музея.

У верасні 1497 года ў "Літоўскай метрыцы" (так называўся збор дакументаў вялікакняскай канцылярыі) упершыню з'явіўся запіс пра сучасную вёску Горы. Горкі ўпершыню ўзгаданыя там жа ў 1544 годзе, як сяло князя Друцкага-Горскага.

Ёсць некалькі версій паходжання гэтага княжага роду, усе яны звязаны з Беларуссю. Па адной версіі Друцкія – нашчадкі полацкага адгалінавання дынастыі Рурыкавічаў або паходзяць ад знакамітага полацкага князя Рагвалода. Па другой версіі, род гэты паходзіць ад галіцка-валынскіх князёў. Па трэцяй – князь Дзмітры Друцкі быў сынам вялікага літоўскага князя Альгерда. Маёткам Горы валодаў Васіль Пуцяціч з роду Друцкіх-Горскіх (каля 1430 – да 1495)Найбольш вядомы і бліжэйшы да нашых мясцін прадстаўнік гэтага роду – Рыгор Друцкі-Горскі, мсціслаўскі ваявода з 1650 па 1659 гады, які быў гаспадаром Лошыцы (зараз гэта частка Мінска).

На мяжы ХIII-XIV стст. Горацкая зямля ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага.

У 1522 г. было заключана перамір'е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, паводле якога новая мяжа між гэтымі краінамі прайшла прыкладна так, як і зараз праходзіць між Беларуссю і Расіяй. Замкі ў Горах і Раманаве сталі памежнымі і набылі важнае абарончае значэнне. Яны неаднаразова прыгадваюцца ў дыпламатычнай перапісцы і перамовах ВКЛ з Масквой.

У верасні 1544 г. у пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца Горкі ў тэстаменце (завяшчанні) Васіля Талачынскі, які валодаў часткай Друцкага княства вакол Талачына, а таксама маёнткамі Шышава, Юркава, Горкі і часткай Басейскай воласці.

У 1565 годзе княгіня Масальская з Друі напісала ліст да княгіні Друцкай-Гарской, жонкі гаспадара Горы-Горацкага маёнтка, у якім запрасіла на вяселле дачкі і папрасіла прывезці з Горак каштоўны вэлюм, таму што ў Друі такога вясельнага ўбору для нявесты няма. Гэта сведчыць пра тое, што Горкі ў той час былі значным гандлёвым цэнтрам.

Ад 1584 года Горкі належалі магутнаму шляхецкаму роду Сапегаў, заснавальнікам якога лічыцца Сямёна Сапіга (Сапега). Ягонае імя сустракаецца ў актах і хроніках 1440-ых гадоў. Ён быў пісарам (па тых часах вялікая пасада, якую мог займаць добра адукаваны чалавек) пры вялікім князі Казіміры Ягайлавічы. У той час маёнткі гэтага роду знаходзіліся ў Смаленскіх землях.

У 1590-х гадах Леў Сапега ажыццявіў шэраг абменаў і купляў, у выніку якіх Горская воласць, а хутка яе пачалі называць Горы-Горацкае графства, цалкам апынулася ў ягоных руках і стала адным з буйнейшых у ВКЛ.

У 1619 г. Горкі атрымалі ад канцлера Вялікага княства Ільва Сапегі "Статут аб вольнасцях" (малое магдэбургскае права). Горад вызваляўся ад большасці феадальных павіннасцяў, меў ільготы. Тут дазвалялі гандляваць, наладжваць кірмашы. На рынку было адведзена спецыяльнае месца (склад), куды прыезджыя купцы і гандляры маглі здаваць свае тавары. У мястэчку з'явіліся самакіраванне і суд.

У канцы XVI стагоддзя Леў Сапега пабудаваў новы Горскі замак. Вось як яго апісваў беларускі гісторык з Мсціслава Міхась Ткачоў: вышыня валоў была большай за 20 метраў. У замку былі ўзведзены сем бастыёнаў, злучаных паміж сабой валамі-курцінамі. Верагодна, у Гарах была спецыяльная двух'ярусная брама ў тоўшчы землянога вала. Уваход у Горскі замак быў пад абаронай двух бастыёнаў, з якіх можна было фланкіраваць скрыжаваным агнём подступы да брамы. Дарога да замка праходзіла ля падножжа валоў, пачынаючы з паўднёвага рагавога бастыёна, а потым ішла па дне рова. Такім чынам, у выпадку вайны яна добра кантралявалася абаронцамі замка. З заходняга боку глыбіня рова сягала 12 метраў. Апроч гэтага, тут быў дадаткова ніжні вал.

1643 г. – у горадзе ўзнiкла яўрэйская абшчына.

Інвентар 1666 г. сведчыць, што Горы-Горацкі маёнтак складаўся з двух войтаўстваў: Горацкага з 37 вёскамі і Горскага з 39 вёскамі. Цэнтрам першага было мястэчка Горкі, у якім мелася 470 мяшчанскіх пляцаў і болей за 35 валок ворыўнай зямлі. Цэнтрам другога – мястэчка Горы з 210 пляцамі і 33 валокамі. Буйнейшымі сёламі ў маёнтку былі Масалыкі, Клядневічы, Андрухі, Мядзведзева, Вялікія Шарыпы.

Синагога в городе Горки.

Летам 1654 г. маскоўскія войскі занялі Горскі замак. Спачатку насельніцтва даволі прыязна сустрэла войскі расійскага цара, які абвясціў сябе абаронцам праваслаўных ад каталіцкага засілля. Хутка, аднак, стала відавочна, што маскоўцы вядуць сябе як звычайныя захопнікі, якіх цікавіць толькі нажыва. Шмат народу яны захапілі ў палон, каб пазней прадаць ці ператварыць у халопаў. Нямала горскіх мяшчан было пераселена ў Маскву – напісана ў кнізе "Памяць. Горацкі раён".

1654-1667 гг. – падчас "Невядомай вайны" мясцовыя жыхары, як і многія тысячы жыхароў іншых беларускіх земляў, прымусова пераганяліся на ўсход, перадаваліся ў прыгон маскоўскім служылым людзям, прадаваліся ў рабства.

Фота Аляксандры Пералайкі з экспазіцыі Горацкага музея.

Сакавік 1659 – горацкія жыхары, які ўзняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі, доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах атрад маскоўскіх салдатаў.

1665 г. ВКЛ і Маскоўская дзяржава ізноў заключылі мір, мяжа паміж імі вярнулася да стану 1522 г. – па ўсходняй мяжы сучаснага Горацкага раёна.

Паводле інвентара 1683 г. у Горках было 510 дамоў, 2 прадмесці – Зарэчча і Казіміраўская Слабада. У гэты час у горадзе працавалі рамеснікі 28 спецыяльнасцей, сярод іх ткачы, ганчары, ружэйнікі, вінакуры, гандаль праходзіў на трох рынках. Прыязджалі сюды купцы са Смаленска, Мсціслава, Магілёва, Шклова, Оршы. Горацкія купцы гандлявалі ў гэтых гарадах сукном, палатном і рыбай.

У 1676 г. у Горках было заснавана праваслаўнае брацтва, а пры ім – школа.

У 1695 годзе Ежы Сапега даў яўрэям горада прывілеі на права будаваць сінагогі і займацца гандлем.

Пасля 1704 года Сапегі страцілі Горы-Горацкае графства, яно перайшло да Людвіга Пацея, а затым да расійскага князя Аляксандра Меншыкава.

Падчас Паўночнай вайны ў 1709 г. тут спыняўся Пётр І. Пагорак, дзе стаяў ягоны шацёр, зараз завецца Пятровай горкай. Існуе карта-схема "Лагер расійскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра І з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на рацэ Проні", а таксама карціна А.Ціткова "Агляд рускіх войск у Горках".

Каля 1740 г. Горы-Горацкае графства набыў віцебскі ваявода Ян Міхал Салагуб, пасля смерці ў 1748 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі паміж ягонымі сынамі – Горкі і Горы.

Пасля канчатковага пераходу пад уладу Расіі ў 1772 г. Горацкая зямля была падзелена паміж Аршанскім, Чавускім, Мсціслаўскім і Копыскім уездамі. Замест павалочнага падатку насельніцтва пачало плаціць больш цяжкі – падушны. Акрамя гэтага плацілі яшчэ земскі збор. 3 горацкіх вёсак пачалі браць рэкрутаў на службу ў царскую армію.

1799 г. – у Горках і навакольных вёсках быў расійскі паэт Г.Дзяржавін і напісаў тут вершы "Горки", "Мельник", "Виша" і інш.

Канец XVIII ст. – з "Эканамічных заўвагаў" да планаў Магілёўскай губерні гэтага часу вядома, што жыхары Горак у асноўным займаліся шавецкім, кравецкім, сталярным, слясарным і гарбарным рамёствамі.

На працягу першай паловы XIX ст. у Горках працуюць прадпрыемствы суконнай, парусінавай, палатнянай, гарбарнай, чыгуна-ліцейнай галін, гарэлачны і піваварны заводы, крупадзёрня, тры маслабойні, вадзяны млын.

Улица Большая Оршанская в Горках начала ХХ века.

У 1809 г. у маёнтку заснавана суконная мануфактура з фарбавальняй, дзе чатыры станкі абслугоўвалі 34 рабочыя.

У 1811 г. у Гарах адкрылася найбуйнейшая ў Беларусі палатняна-парусінавая фабрыка (150 станкоў, 200 рабочых).

14 ліпеня французскія войскі Напалеона Банапарта захапілі Горкі. У горадзе з ліпеня па лістапад знаходзіўся французскі вайсковы магазін для збору харчавання і фуражу.

У 1828 г. за невыкананне абавязальніцтваў па забеспячэнні арміі Кутузава харчаваннем у 1812 г. расійскі ўрад вырашыў канфіскаваць Горы-Горацкі маёнтак (ён уключаў на той час 15 фальваркаў, 2770 прыгонных і 1760 дзесяцін зямлі) у графа Л. Салагуба.

1829 г. – прыгонныя музыкі з аркестра графа Салагуба перавезены ў Санкт-Пецярбург. Дзесяць чалавек, што гралі на скрыпках, віяланчэлях, альтах і кантрабасах, былі прызначаны ў тэатральную Дырэкцыю. Астатнія 19, якія гралі на духавых інструментах – у палкі лейб-гвардыі.

Ад 1837 па 1848 гг. – пры праваслаўных цэрквах створаны вучылішчы ў Горках і Расне.

15 жніўня 1840 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Горы-Горацкай земляробчай школы, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут. У 1859 г. былі адчынены каморніцка-таксатарскія курсы.

Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Малюнак Напалеона Орды (2-я пал. XIX ст.).

Школа мела 2 разрады: 1-ы (ніжэйшы) і 2-і (вышэйшы). Тэрмін навучання ў кожным – 3 гады. У 1848 г. ніжэйшы разрад быў пераўтвораны ў земляробчае вучылішча з 4-гадовым тэрмінам навучання, а Вышэйшая сельскагаспадарчая школа – у Горы-Горацкі земляробчы інстытут.

Інстытут існаваў у 1848-1864 і 1919-1925 гг. Гэта першая ВНУ сельскагаспадарчага профілю ў Беларусі. У розныя гады ў інстытуце навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863-1864 гг. інстытут у 1864 годзе быў пераведзены ў Санкт-Пецярбург. У 1919 г. адноўлены ў Горках.

У 1840 годзе ў Горках з'явіўся першы ў Беларусі яблыневы гадавальнік. Саджанцы паступалі з усёй Расійскай імперыі – ад Рыгі да Пензы.

У Горацкім гісторыка-этнаграфічным музеі знаходзяцца фотакопіі пісем Тараса Шаўчэнкі, якія ён дасылаў прафесару Ф.М.Каралёву. Ёсць версія, што аўтарам беларускай паэмы "Тарас на Парнасе" з’яўляецца студэнт нашага ВНУ Канстанцін Вераніцын. З 1851 па 1853 год тут вучыўся П.А.Бахмецьеў, прататып галоўнага героя рамана М.Г.Чарнышэўскага "Что делать?" Рахмецьева.

Сярод выпускнікоў інстытута вядомыя вучоныя А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў і інш.

Канец XIX ст. – дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафесара батанікі, па праекце італьянскага архітэктара А.Кампіёні на тэрыторыі Горацкага інстытута быў закладзены дэндрарый.

1840 г. – адчынілася паштовая станцыя і аптэка.

У 1841 пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя.

У 1846 у мястэчку, а ў 1847 у Казіміраўскай Слабадзе адкрыліся пачатковыя народныя школы.

1 лістапада 1848 г. у Горках нарадзіўся Дзмітрый Іванавіч Азарэвіч – вучоны ў галіне юрыспрудэнцыі, доктар грамадзянскага права, прафесар Наварасійскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў. Займаўся даследаваннямі гісторыі Старажытнага Рыма і Рымскага права.

1852 г. выйшаў першы том "Записок Горы-горецкого земледельческого института" – першага ў Расійскай імперыі перыядычнага сельскагаспадарчага навуковага выдання. У ім размяшчаліся матэрыялы па працы вучэбнай фермы, адлюстроўваліся дасягненні сельскагаспадарчай навукі таго часу. 

У 1856 г. у Горках было жыло 3 830 чалавек. Было 496 драўляных дамоў і адзін мураваны, дзве мураваныя і чатыры драўляныя царквы, адзін драўляны касцёл, чатыры драўляныя яўрэйскія малітоўныя дамы.

У 1859 г. пры Горы-Горацкім земляробчым інстытуце працаваць чыгуна-ліцейны завод.

1853 г. у Горках адбылася сельскагаспадарчая выстава, у якой прымалі ўдзел агароднікі Магілёўскай і сумежнай Смаленскай губерняў. Выстаўляліся гарбузы вагою па два пуды, кавуны, іспанская кукуруза, амерыканскі, турэцкі і гавайскі тытунь, кітайскі рэвень.

1857 г. – у горадзе ўтвораны легальны прафесарска-студэнцкі клуб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытанні і будучую сялянскую рэформу па адмене прыгоннага права.

Да 1860 г. у Горках з'явілася металаапрацоўчая фабрыка.

26 снежня 1861 г. мястэчка Горкі пераведзена ў стан павятовага горада, утвораны Горацкі павет. Існаваў да 1924 г. У Горках была заснавана гарадская дума. У наступным годзе ў наш горад з Копысі перавялі павятовы суд з дваранскай апекай, павятовае казначэйства, паштовую кантору, гарадскую бальніцу, інвалідную каманду, канцылярыю, маршалка дваранства і страпчага, іншыя ўстановы.

У канцы ХIX ст. уключаў 12 валасцей: Баеўскую, Гарадзішчанскую, Горацкую, Дубровенскую, Любініцкую, Маслакоўскую, Нічыпаравіцкую, Пугляеўскую, Раманаўскую (з кастр. 1918 г. Ленінская), Саўскую, Святошыцкую, Хаўбнянскую. Была заснавана гарадcкая дума.

У 1862 г. сфарміравалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстанні К.Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С.Віскоўскі, В.Дамарацкі, В.Антановіч, Р.Чарвінскі, З.Міткевіч, С.Дымкевіч і інш. Яны разам са студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, у якой выкладалі на беларускай мове.

21 красавіка 1862 г. паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, падчас якой спявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песні.

24 красавіка 1863 г. паўстанцы на чале з Людвігам Звяждоўскім, паплечнікам Кастуся Каліноўскага, вызвалілі Горкі ад царызму і прызначылі Станіслава Віскоўскага начальнікам горада. Але паўстанне было задушана. Існуе карціна Б.Первунскіх "Выступленне Л.Звяждоўскага на базарнай плошчы 24 красавіка 1863 года".

На тэрыторыі дэндрапарку інстытута з воінскімі ўшанаваннямі быў пахаваны загінулы паўстанец Войцех Дамарацкі.

1864 г. – за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні Каліноўскага інстытут у Горках зачынены і пераведзены ў Санкт-Пецярбург.

27 жніўня 1867 г. – урадам Расійскай імперыі зацверджана Палажэнне аб гербе горада "ў залатым полі тры чорныя горкі, з іх вырастае па адным зялёным коласе".

У 1868 г. у горадзе было 4 908 жыхароў. Працавалі хлебапёкі, булачнікі, маслабойнікі, краўцы, шаўцы, башмачнікі, мадзісткі, пальчатачнікі, шапачнікі, кушняры, печнікі, сталяры, меднікі, шорнікі, бондары, кавалі, шкляры, цырульнікі, фарбавалынчыкі золатасярэбранікі, цесляры, музыкі, чорнарабочыя, прыказчыкі.

1873 г. – каля вёскі Пнёўшчына на правым беразе ракі Лядня на складзеным з камянёў кургане быў знойдзены гранітны валун пірамідальнай формы з рунічнымі ці фінікійскімі надпісамі: "Помнік Ваала. Тут мы яго выдзеўбалі (высеклі)".

1881 г. – на земскія сродкі ў горадзе былі пракладзены два масты праз Парасіцу і Проню. Адчынілася тэлеграфная станцыя. Было пабудавана каля 100 прыватных дамоў, у тым ліку і тыя, дзе крыху пазней размясціліся гарадская паліцыя і турма.

У 1888 г. дзейнічала 7 паўкустарных прадпрыемстваў, у 1900 – 29, а ў 1904 – 34.

У 1900 г. у майстэрні пры аптэцы, якая належала Падзерскаму, быў вынайдзены крэм "Метамарфоза", які дазваляў выводзіць вяснушкі. Уладальнік аптэкі за гэты крэм у 1900 г. на сусветнай выставе ў Парыжы атрымаў залаты медаль.

Напачатку 1902 г. у Горках была арганізавана першая сацыял-дэмакратычная група, а ў 1903-04 гг. – арганізацыі сацыял-дэмакратаў і Бунда.

22 чэрвеня 1903 г. у Горках адбылася першая палітычная дэманстрацыя.

У 1904 г. у горадзе было 10 гасцініц і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэўняў і чайных. Вуліцы асвятлялі 45 ліхтароў.

19 лютага 1904 у Горках нарадзіўся Іцхак (Ісаак) Барысавіч (Каган) Каганаў, яўрэйскі паэт і мысляр. Выданне кніг на іўрыце было забаронена савецкімі ўладамі, Каган вымушаны быў хаваць сваю літаратурную дзейнасць. У 1949 г. быў арыштаваны і 6 гадоў правёў у турмах і лагерах, дзе сачыніў і запомніў 480 вершаў і кнігу Торат ха-Таміру "Вучэнне аб патаемным".

16 студзеня 1905 г. на дэманстрацыі ў Горках паліцыя забіла навучэнца рамеснага вучылішча Фаму Ерафееў і земляробчага вучылішча Пятра Бруцэра. Існуе карціна Ф.Кісялёва "Палітычная дэманстрацыя ў Горках 16 студзеня 1905 года".

1 красавіка 1908 г. у Горках нарадзіўся Леў Эмануілавіч Разгон, пісьменнік, крытык і праваабаронца. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Сахарава "За грамадзянскую мужнасць пісьменніка". У 1988 ён разам з А. Сахаравым і А. Адамовічам стаў адным з заснавальнікаў гісторыка-асветніцкага і праваабарончага таварыства «Мемарыял». Да апошніх дзён ён дапамагаў ствараць музей і архіў таварыства. Узнагароджаны Ордэнам "За заслуги перед Отечеством" IV ступені за асабісты ўклад у літаратуру, актыўны ўдзел у дэмакратычных пераўтварэннях у Расіі і ў сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння.

1914 г. – Магілёўскую губерню напаткала засушлівае надвор'е, якое стаяла з 20-х дзён мая да сярэдзіны ліпеня. Былі пашкоджаны ўсе расліны, у тым ліку і агародныя, прайшоў моцны град, які на некаторых палях ляжаў суткі.

12 ліпеня 1916 г. у Горках нарадзіўся Лаўрэнцій Сямёнавіч Абецэбарскі (Абецэдарскі) – беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АПН СССР.

1917 г. – узнікла Секцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэннем беларускай мовы, пашырэннем цікавасці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.

Ад 1917 да 1918 гг. выдавалася газета "Горацкі веснік".

1919 г. – у складзе Гомельскай, з 1922 – Смаленскай губерні РСФСР.

7 красавіка 1919 г. Горацкія сярэднія сельгасустановы рэарганізаваныя ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут.

Знакаміты выкладчык горацкага ВНУ, вучоны-аграном Міхаіл Рытаў разам са студэнтамі. Фота horki.info з экспазіцыі Горацкага музея.

10 кастрычніка 1919 г. пачала працаваць Беларуская секцыя студэнтаў інстытута. Яна мела на мэце пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху.

9 чэрвеня 1920 г. у Горках нарадзіўся Міхаіл Ільіч Цэйцін, беларускі майстар спорту па акрабатыцы, заслужаны трэнер СССР і Рэспублікі Беларусь, суддзя міжнароднай катэгорыі, дацэнт кафедры гімнастыкі Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры.

1921 г. – пачаў працаваць участак чыгункі Орша-Крычаў, які праходзіў праз Горкі. Пабудаваны будынак чыгуначнай станцыі "Беларускія Горкі" (з 1930 г. – "Пагодзіна").

17 ліпеня 1924 г. утворана Аршанская акруга, у склад якой увайшоў Горацкі павет. Горкі вярнуліся ў склад Беларусі.

5 жніўня 1925 г. утворана Беларуская акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

28 лістапада 1925 г. горад наведалі народныя пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас.

З ліпеня 1925 па снежань 1929 гг. у Горках дацэнтам БДСГА працаваў Ян Серада, першы старшыня Рады БНР.

У 1926 г. у Горках адкрыты двухгадовы ўніверсітэт для сялян (з 1930 г. – калгасны ўніверсітэт).

У Горках жыў і выкладаў класік айчыннай літаратуры Максім Гарэцкі. Фота Аляксандры Пералайкі з экспазіцыі Горацкага музея.

Ад 1926 да 1928 гг. у Горках жыў і працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі.

З восені 1927 года асістэнтам на кафедры беларусазнаўства сельскагаспадарчай акадэмii працавала Паўліна Мядзёлка, беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка.

У 1927 годзе амаль 60% прафесараў і дацэнтаў і 90% асістэнтаў нашага ВНУ вялі заняткі па-беларуску. На беларускую мову было пераведзена ўсё справаводства.

Летам 1928 г. у Горках свае вершы чытаў народны паэт Беларусі Янка Купала. На гэтым месцы ўстаноўлены мемарыяльны знак з выявай літаратара.

Янка Купала ў Горках. Фота horki.info з экспазіцыі Горацкага музея.

15 снежня 1928 г. у Горках нарадзіўся Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка беларускі археолаг, які вывучаў дняпроўска-данецкую, нёманскую, свідэрскую і іншыя культуры, гісторыю першабытна-абшчыннага ладу. Адкрыў на тэрыторыі Палесся больш за 300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў.

22 кастрычніка 1930 г. выйшаў першы нумар раённай газеты "Ленінскі шлях" (цяпер – "Горацкі веснік").

У 1930-я камуністычныя ўлады знішчылі мясцовыя старадаўнія драўляныя цэрквы. Свята-Мікалаеўскую царкву перабудавалі ў акадэмічную бібліятэку, а слабадская Спаса-Узнясенскую перарабілі ў склад.

30 лістапада 1933 г. у Горках нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі – беларускі гістолаг і эмбрыёлаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Увёў у практыку даследавання эмбрыялагічных эндакрынных залоз чалавека гістахімічныя метады, электронную мікраскапію, колькасны аналіз.

Пад рэпрэсіі 30-х патрапілі многія жыхары Горак і Горацкага раёна: рэвалюцыянер А. Фабрыстаў, рабочы М. Гладкі, пісьменнік В. Каваль, калгаснік М. Цельпухоўскі, святар Ф. Глінскі, студэнтка БСГА М. Прэс, выкладчык БСГА В. Аксельрод і сотні іншых. Спіс нявінных ахвяр рэпрэсій апублікаваны ў кнізе "Памяць. Горацкі раён".

Вясной 1935 г. былі арыштаваны шэсць студэнтаў аграхімфака нашага ВНУ, іх абвінавачвалі, у прыватнасці, у пераказе палітычных анекдотаў.

Летам 1937 г. была раскрыта "контррэвалюцыйная трацкістская арганізацыя", у якую ўваходзілі восем жыхароў Горацкага раёна. У віну ім ставілася тое, што яны ў размове паміж сабой шкадавалі аб расстрэле Маршала Савецкга Саюза Тухачэўскага і камандуючага Беларускай ваеннай акругай Убарэвіча. Траім гэта размова каштавала жыцця, пяцёра былі пазбаўлены волі на 10 гадоў кожны. Пазней было прызнана, што Тухачэўскі і Убарэвіч былі расстраляны па хлуслівым абвінавачванні.

12 ліпеня 1941 г. раён быў захоплены фашыстамі. За гады акупацыі было спалена 110 вёсак, загінула каля 8 тыс. жыхароў.

7 кастрычнiка 1941 г. фашысты расстралялi больш за 2 500 вязняў гета ў Горках.

Ліпень 1942 г. – гітлераўцы арыштавалі 75 удзельнікаў падпольнага супраціву ў горадзе.

У кастрычніку 1943 г. была вызвалена ўсходняя частка Горацкага раёна, а 26 чэрвеня 1944 г. падчас аперацыі "Баграціён" – раён цалкам.

12 кастрычніка 1943 г. пад вёскай Леніна (Рамава) бой фашыстам дала 1-я польская дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі.

У 1948 г. сельскагаспадарчы інстытут рэарганізаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

У 1953 г. у Горках была заснавана музычная школа, а ў 1957 – адкрыты Дом піянераў.

5 жніўня 1959 г. адкрыта паветраная лінія Горкі-Мінск. Пачаў працаваць аэрапорт, які зараз не функцыянуе.

У красавіку і лістападзе 1962 года ў Горках бываў пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

У 1967 г. пабудавана штучнае возера на р.Парасіца. На яго беразе закладзены парк імя 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

12 кастрычніка 1968 г. у вёсцы Леніна адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла савецка-польскай баявой садружнасці.

1974 г. – у вёсцы Леніна пачало працу Горацкае педагагічнае вучылішча. Адчынены будынак аўтавакзала.

1975 г. – пабудаваны мемарыял "Тужлівая маці". Ля яго запалены Вечны агонь.

Ад 1976 г. у Горках пачала працу дзіцяча-юнацкая конна-спартыўная школа.

1984 г. – заснаваны раённы гісторыка-этнаграфічны музей.

1987 г. – пачаў працаваць гарадскі стадыён.

1992 г. – адкрыта Гімназія № 1 (першы дырэктар – М.А.Добышаў).

Якуб Колас са студэнткамі Горацкага інстытута. Фота horki.info з экспазіцыі Горацкага музея.

1989 г. – частка тэрыторыі раёна перададзена ў склад новаўтворанага Дрыбінскага раёна.

Канец 1980-х – арганізаваны незалежны "Клуб выбаршчыкаў" начале з Яўгенам Мажугіным.

1999 г. – пачала выдавацца першая ў Горках прыватная газета "Региональные ведомости" (больш не выдаецца).

1998 г. – адбылося аб’яднанне Горацкага раёна і горада Горкі ў адну адміністрацыйную адзінку, гарадскі выканкам быў скасаваны.

2001 г. – заснавана першае прыватнае прадпрыемства з замежным капіталам ТАА "Скайфораст". Вядзе перапрацоўку драўніны ўсохлых ельнікаў.

2004 г. – у Горках у БДСГА пачалася падрыхтоўка магістраў.

2004 г. – у Горках адбыўся рэспубліканскі экалагічны форум.

2007 г. – пачаў працу сайт horki.info.

У 2008 г. горацкі малочны завод перайменаваны ў "Малочныя горкі" – цяпер гэта вядомы брэнд.

24 красавіка 2009 г. – у Горках пачала выходзіць абласная агульнапалітычная газета "УзГорак".

У кастрычніку 2012 г. у Горках адбыўся рэспубліканскі фестываль-ярмарка "Дажынкі". Да свята ў горадзе з’явіўся новы інтэрнат БДСГА і хірургічны корпус раённай бальніцы, адрамантавана гасцініца "Проня", кінатэатр "Крыніца", чыгуначны і аўтавакзал. Пабудавана Лядовая арэна і моладзевы забаўляльны цэнтр і многае іншае.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email