сер, 9.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Уладзімір Караткевіч некалькі разоў быў у Горках. Калі і да каго ён прыязджаў?

26.11.2020 – 14:09 | 875

У лістападзе 1995 года, калі ў выставачнай зале аб'яднання дзяржаўных літаратурных музеяў Беларусі адкрылася  выстава "Быў. Ёсць. Буду", прысвечаная 65-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, пашчасціла пазнаёміцца з роднай сястрой пісьменніка Наталляй Сямёнаўнай. І калі зайшла размова пра тое, што з цягам часу выстава будзе экспанавацца ў Горацкім гістарычна-этнаграфічным музеі, то Наталля Сямёнаўна сказала, што на яе адкрыццё абавязкова трэба запрасіць стрыечную сястру Караткевіча – Ксенію Шарснёву, якая жыве ў Горках.

"Сестричке от брата, которого она никогда не видела"

Кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Ксенія Канстанцінаўна і яе муж, кандыдат сельскагаспадарчых навук, прафесар, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР Пётр Меркур'евіч Шарснёў – былі добра вядомыя выкладчыкі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

І ў час адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай Караткевічу, у выставачнай зале Горацкага гістарычна-этнаграфічнага музея прысутныя пачулі шмат цікавага пра літаратара, пра ягоныя візіты ў Горкі, пра сустрэчы сваякоў у Оршы і Мінску.

Ксенія Канстанцінаўна і Уладзімір Сямёнавіч – родныя па лініі маці. Надзея Васільеўна, маці Караткевіча, і Ніна Васільеўна, маці Ксеніі Шарснёвай, былі роднымі сёстрамі.

Са сваім стрыечным братам Ксенія Канстанцінаўна амаль што аднагодкі. Яна нарадзілася ў маі 1931 года ў гарадскім пасёлку Карма Гомельскай вобласці. Яе бацька – Канстанцін Міхайлавіч – працаваў ветэрынарам і, калі дачцэ было ўсяго шэсць год, быў рэпрэсаваны. Цяжка прыйшлося сям'і. "Аднак, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – маці паслала некалькі лістоў у абарону бацькі ў Гомель, Мінск і Маскву. І адбыўся цуд – праз тры гады тата вярнуўся з лагераў".

Пасля вайны Ксенія Канстанцінаўна скончыла Краснабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1951 годзе паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля заканчэння якой працавала асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры лугаводства. Скончыла завочна аспірантуру навукова-даследчага інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі.

Пра свайго стрыечнага брата Уладзіміра яна ведала з ранняга дзяцінства. Але родныя з іх сям'ёй "ворага народу" да 1950 года амаль што не перапісваліся. І толькі ў 1950-ым, калі вучылася ў тэхнікуме, атрымала ліст ад брата Уладзіміра з Оршы, куды ён прыехаў у час навучання ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце. Да ліста пісьменнік прыклаў фотаздымак, на адваротным баку якога быў надпіс: "Сестричке от брата, которого она никогда не видела. 29.VIII.1950 г. Орша".

Любоў да гісторыі – ад дзеда і дзядзькі

Прайшло два гады. У гэты час ішла перапіска. І ў адным з лістоў Уладзімір даслаў фота, на адваротным баку якога быў надпіс: "Дорогой сестричке Ксане – до тех пор, пока не сфотографируюсь и не пришлю лучшего подобия себя. Владимир". Гэты здымак аматарскі, не вельмі добрай якасці. Ксенія Канстанцінаўна лічыць, што ён быў дасланы недзе ў канцы 1952-га.

Да гэтага часу Ксенія і Уладзімір ужо сустракаліся асабіста, калі яна гасцявала ў іх доме ў Оршы. Ведала яна і аб тым, што брат піша вершы.

У 1957 годзе ў Горкі да дачкі прыехала маці. Сустрэчы паміж роднымі сёстрамі – маці Уладзіміра і маці Ксеніі – сталі больш частымі. Яны амаль штогод бачыліся, перапісваліся.

У той час Уладзімір Сямёнавіч ужо даволі часта друкаваўся. Ведала Ксенія Канстанцінаўна і аб тым, што брат рыхтуе для публікацыі сваю першую кнігу. І зараз як вялікую каштоўнасць захоўвае гэты першы паэтычны зборнік "Матчына душа", на якім ёсць даравальны надпіс: "Дарагім Ксане і Пятру ад Уладзіміра. 9.XI.1958". На той час Ксенія Канстанцінаўна і Пётр Меркур'евіч пабраліся шлюбам, таму даравальны надпіс быў ужо прысвечаны ім абодвум.

Як вядома, у творчасці Караткевіча значнае месца займае тэма гісторыі Беларусі. Ксенія Канстанцінаўна лічыць, што гэта не выпадкова. Вялікім знаўцам летапісу роднага краю быў іх дзед, Васіль Ульянавіч Грынкевіч, з якім у дзяцінстве сустракаўся Уладзімір Сямёнавіч у Рагачове. Добры расказчык, стары вельмі цікава апавядаў унуку пра падзеі і легенды з гісторыі Беларусі. Дзед памёр 12 чэрвеня 1945 года ў гарадскім пасёлку Карма, куды прыехаў да сваёй дачкі Ніны, маці Ксеніі Канстанцінаўны.

Таксама на Уладзіміра Караткевіча вялікі ўплыў аказаў і родны дзядзька Ігар Васільевіч, настаўнік і добры знаўца гісторыі, аматар рыбнай лоўлі ды палявання.

Як вядома, у 1958-1961 гадах Уладзімір Сямёнавіч вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. З Масквы даслаў сястры сваю кнігу "Вячэрнія ветразі". На ёй даравальны надпіс: "Дарагім Ксане і Пятру. Дару ад сэрца. 16.III.1961".

Асабліва цікавіўся паўстаннем у Горках

У красавіку 1962 года адбылася першая сустрэча на горацкай зямлі. Уладзімір Сямёнавіч прыехаў да Шарснёвых з маці. Загадзя яны не тэлефанавалі, таму дабіраліся пешшу з аўтастанцыі да пасёлка вучгаса сельскагаспадарчай акадэміі, дзе жыла сям'я Ксеніі Канстанцінаўны. У гэты час яе муж, Пётр Меркур'евіч, працаваў галоўным аграномам гэтай гаспадаркі.

Ксенія Канстанцінаўна ўспамінае, што "…прыйшлі яны ў кватэру ўсе перапэцканыя ў гразі. Якраз у гэты час рамантавалі грэблю праз акадэмічнае возера. І Уладзімір з гумарам апавядаў, як ён знайшоў некалькі дошак і імі масціў дарогу, каб магла прайсці маці.

Гасцявалі яны некалькі дзён. І, калі мы ішлі на працу, Уладзімір даставаў свае рукапісы і працаваў.

Увечары, калі ўсе збіраліся, мой муж вёў з Уладзімірам гутаркі пра стан сельскай гаспадаркі, яе праблемах. Запрашаў Караткевіча прыехаць увосень, калі па полі пойдуць збожжавыя камбайны. Раіў яму напісаць пра гэта.

Але я ведала, што брата больш хвалюе мінулае нашай краіны. Некалькі разоў мы гулялі з ім на тэрыторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, па дэндралагічным парку. Ён цікавіўся гісторыяй гэтай навучальнай установы. Некалькі разоў праглядаў кнігу С.Г.Цітовіча "Горыгорецкий земледельческий институт", якая была надрукавана ў Горках у 1960 годзе. Асабліва ўважліва вывучаў раздзел з гэтай кнігі аб падзеях, прысвечаных удзелу студэнтаў інстытута ў паўстанні 1863 года.

Цікава адзначыць, што Горыгорацкі земляробчы інстытут некалькі разоў узгадваецца ў ягоным творы "Каласы пад сярпом тваім". А кіраўнік горацкіх паўстанцаў Людвік Звяждоўскі стаў адным з персанажаў гэтага твора.

Помніцца, што ў той прыезд хадзілі мы ўсе ў кіно ў клуб акадэміі, дзе ішоў фільм "Богатая невеста". Фільм яму не спадабаўся. Запомніліся яго словы: "Не кіно, а нейкая схема".

"Каб яму трохі падвучыцца, то выйшаў бы з яго толк"

У лістападзе 1962 года адбыўся другі прыезд Уладзіміра Караткевіча ў Горкі. Ён прыехаў з маці на кастрычніцкія святы. Якраз з гэтай нагоды для спецыялістаў і кіраўнікоў вучгаса сельскагаспадарчай акадэміі быў наладжаны ў сталовай святочны вечар. "Запрасілі мы з сабой, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – майго брата. Ён згадзіўся, але параіў, каб не казалі нікому, што ён Караткевіч. І так сталася, што ў час вячэры насупраць Уладзіміра сядзеў дырэктар вучгаса Леанід Барысавіч Наймарк (пазней – доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар кафедры раслінаводства – У.Л.). Яны шмат гутарылі за сталом і ў час перапынку на розныя тэмы, у тым ліку і літаратурныя. Чамусьці прыгадалі дзеда Шчукара з "Поднятой целины" Шолахава.

А на другі дзень Наймарк спытаў у майго мужа:

– Хто ж гэта за чалавек, што быў учора з вамі?

Стрыечны брат Ксаны, – адказаў Пётр Меркур'евіч.

Вельмі здольны і разумны чалавек. Каб яму трохі падвучыцца, то выйшаў бы з яго толк.

Прыйшлося Пятру Меркур'евічу сказаць, што гэта быў пісьменнік Уладзімір Караткевіч.

Наймарку стала няёмка, і ён потым доўга дакараў мужа, што той не пазнаёміў яго з вядомым пісьменнікам. Аказалася, што ён чытаў амаль усе яго творы і яму яны вельмі падабаліся.

На другі дзень свята мы ўсе разам хадзілі на вечар адпачынку ў акадэмію. Пабылі трошкі ў гідракорпусе, потым у корпусе №1. Запомнілася, што Уладзімір добра танцаваў".

Вельмі хутка маляваў жартаўлівыя шаржы

Наступная сустрэча адбылася ў Мінску ў жніўні 1963 года. Цэлы тыдзень Ксенія Канстанцінаўна была ў камандзіроўцы. Уладзімір пазнаёміў яе са сваім сябрам – выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута У.Ф.Краўцом.

Яна ўспамінае, што вечарам яны разам хадзілі на спектаклі ў тэатр ім.Я.Купалы, Рускі драматычны тэатр. Аднойчы зайшлі ў рэстаран, што быў у гасцініцы "Мінск". Якраз побач з імі за сталом аказалася актрыса Людміла Чурсіна, якую Уладзімір запрашаў на танцы. Запомнілася Ксеніі Канстанцінаўне і тое, што Караткевіч вельмі хутка маляваў на папяровых сурвэтках жартаўлівыя шаржы.

У гэты прыезд Уладзімір Караткевіч запрасіў сваю сястру на паляванне. "Але ў лесе, – успамінае Ксенія Канстанцінаўна, – нечакана знайшлі сабаку, прывязанага да дрэва. Відаць, нехта такім чынам хацеў пазбавіцца ад яго. Адразу планы паляўнічых змяніліся. Уладзімір пачаў карміць жывёлу, пабег па ваду. І тут жа вырашыў, што трэба везці яе ў Мінск. Нехта з сяброў выказаў меркаванне, што, можа, сабака хворы на шаленства. Таму, калі прыехалі ў Мінск, пісьменнік павёз жывёлу адразу ў ветэрынарную паліклініку і потым на другі дзень доўга тэлефанаваў сябрам, каб нехта забраў яе сабе.

Вельмі шанаваў і любіў мой брат сяброў нашых меншых.

А ў мяне ад гэтай сустрэчы ў Мінску засталася кніга "Чазенія". На ёй даравальны надпіс: "Ксане і Пятру ад усёй глыбіні шчодрага сяброўскага сэрца. 23.08.1963 г.".

Захоўваецца ў Ксеніі Канстанцінаўны і фотаздымак: яна, брат Уладзімір і яго сябра У.Ф.Кравец, знятыя на прывакзальнай плошчы Мінска.

У 1965-1969 гадах Ксенія Канстанцінаўна вучылася ў завочнай аспірантуры Інстытута меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі і шмат разоў прыязджала ў Мінск, сустракалася з братам і са сваёй цёткай – Надзеяй Васільеўнай (яна ў пачатку 1963 года пераехала з Оршы да сына ў Мінск).

На ўспамін аб адной з сустрэч застаўся фотаздымак з даравальным надпісам: "Ксане от Володи. 1965 г."

Былі сустрэчы і ў іншыя гады. І самая трагічная, калі прыйшлося развітацца з братам назаўсёды ў ліпені 1984 года.

Прыязджаючы ў Мінск, Ксенія Канстанцінаўна абавязкова заходзіла на Усходнія могілкі, каб пакласці кветкі да велічнага палявога каменя, аздобленага бронзавым аўтографам брата і калоссем. Дарэчы, Ксенія Шарснёва да сёння жыве ў Горках.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email