пят, 13.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У Саве з'явіўся помнік расстралянаму пісьменніку – фота

30.10.2019 – 19:19 | 1202

30 кастрычніка ў вёсцы Сава Горацкага раёна адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар нашага земляка – пісьменніка Васіля Каваля. Яго жыццё абарвалі сталінскія рэпрэсіі. На памятную імпрэзу прыехалі родныя пісьменніка – дачка Аліна Васільеўна, унукі і праўнукі.

Памятны знак у Саве з'явіўся дзякуючы актыўнай працы мясцовай жыхаркі Алены Бірчанкі.

Імем Васіля Каваля названа вуліца ў Магілёве і Саве. У сельскай бібліятэцы ў Саве зрабілі мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці гэтага пісьменніка.

Васіль Каваль нарадзіўся 17 жніўня 1907 года ў вёсцы Сава Горацкага павета. Вучыўся ў вясковай школе, а пасля – у Шышаўскай другой ступенi i ў Горацкай, дзе скончыў у 1924 годзе восем груп. У 1925 годзе быў залiчаны студэнтам першага курса Магiлёўскага педтэхнiкума. Але хутка пакінуў вучобу, бо захварэла маці.

У магілёўскую філію літаратурнага аб'яднання "Маладняк" быў прыняты 18 кастрычнiка 1925 года кандыдатам, але неўзабаве стаў сябрам.

Не адступаючы ад паэзii, пачаў пiсаць i празаiчныя творы. Спачатку гэта былi кароткiя або разгорнутыя абразкi, лiрычныя замалёўкi, стылiзаваныя пад фальклорныя творы.

Максім Гарэцкі ў кнiзе "Маладняк" за пяць гадоў" прысвяцiў творчасцi Васіля Каваля некалькi старонак. 

 У 1927 годзе творы Васіля можна было сустрэць у часопiсах "Полымя", "Маладняк", газетах "Звязда", "Савецкая Беларусь", "Чырвоная змена", "Чырвоны сейбiт" i iншых. Выйшла i першая кнiга пiсьменнiка "Як вясну гукалi".

У 1928 годзе ён быў абраны сябрам Цэнтральнага бюро арганізацыi "Маладняк". У 1929 годзе выйшла чарговая кнiга пiсьменнiка – "Крынiца", у якую ўвайшло некалькi апавяданняў. 

Па матэрыялах армейскага жыцця (быў прызваны ў 1931 годзе) пiсьменнiк стварыў аповесць "Дзень палымнее" i аповесць для дзяцей "Санька-сiгналiст" (выйшла асобнай кнiгай у 1936 годзе).

Асобнымi творамi ў 1930-1936 гг. у часопiсах i кнiгамi выйшлi яго пераклады М.Горкага, А.Барбюса, Б.Лаўрынёва, А.Чэхава, В.Боргенса, М.Канапацкай i iншых пiсьменнiкаў.

У пачатку вясны 1933 года Каваль зноў жыве ў Мiнску. Шмат працуе ў розных жанрах. У 1933-1936 гадах друкуецца ў газетах i часопісах.

У ноч на 2 лiстапада 1936 года нашага земляка арыштавалі. Ілжывае абвінавачанне гучала так: "...з'яўляецца актыўным удзельнiкам контррэвалюцыйнай арганiзацыi, якая ставiла сваёй мэтай адарванне Беларусi ад Савецкага Саюза i ўтварэнне буржуазна-дэмакратычнай рэспублiкi..."

28 кастрычнiка 1937 года бязвiннага чалавека прыгаварылi да расстрэлу. Забілі нашага земляка 29 кастрычніка.

24 верасня 1957 года Ваенная калегiя Вярхоўнага суда СССР пастанавiла: "Прыгавор адмянiць i справу аб iм спынiць за адсутнасцю складу злачынства".

Фота: Ігар Станкевіч

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email