сер, 4.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Стацкі саветнік Вераніцын: абараніў дысертацыю ў Горках і напісаў нечуваны для XIX стагоддзя твор на беларускай мове

01.09.2023 – 17:28 | 2579

Фантастычная, вясёлая і загадкавая, бо аўтара яе вельмі доўга не маглі адшукаць. Усё гэта – паэма "Тарас на парнасе", якую з вялікай верагоднасцю напісаў выпускнік горацкага ВНУ Канстанцін Вераніцын.

Ілюстрацыі Мікалая Малевіча да паэмы "Тарас на Парнасе", 1939 год.

За два гады скончыў Горацкі інстытут і абараніў дысертацыю

Канстанцін Вераніцын нарадзіўся 13 чэрвеня 1834 года ў Астраўлянах. На той час гэта Віцебскі павет Віцебскай губерні. Ён быў прыгонным селянінам, але атрымаў вольную ад памешчыка, і дзякуючы гэтаму стаў мешчанінам – а гэта ўжо гарадское саслоўе.

Вучыўся ў Гарадку ў парафіяльнай школе, потым у Віцебскай гімназіі (1845-1852), а пасля два гады ў Пецярбургу ў медыка-хірургічнай акадэміі.

Для нас, безумоўна, цікавы іншы перыяд ягонага жыцця. Вераніцын у 1857 паступіў у Горы-Горацкі інстытут – і адразу на трэці курс. Ужо праз два гады скончыў яго ў ліку найлепшых студэнтаў. Атрымаў званне агранома. Абараніў дысертацыю на тэму "О белорусском хозяйстве".

Пэўны час працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносінаў. У 1900 выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.

У часы пецярбургскага ды горацкага побыту склаў сатырычна-гумарыстычную паэму "Тарас на Парнасе", якую можна лічыць для таго часу нечуванай.

Валун з мемарыяльнай дошкай, прысвечаны паэме "Тарас на Парнасе" ў Гарадку.

Загадкавая і дзёрзкая паэма

У 1889 годзе ў прыватнай газеце "Минский листок" выйшла паэма на беларускай мове пра прыгоды лесніка Тараса, які выпадкова патрапіў на Парнас да старажытных багоў. Твор быў напісаны чатырохстопным ямбам з шырокім ужываннем фальклору. Пазней акадэмік Яўхім Карскі ўкажа на характэрную магілёўскую гаворку гэтага твора і нашы дыялектызмы.

Таксама важны і той факт, што паблізу нашай акадэмічнай бібліятэкі ёсць узгорак, які з даўніх часоў мясцовыя жыхары называлі Парнасам.

"Тарас на Парнасе" выйшаў у газеце без подпісу аўтара, што нарадзіла шматгадовыя дыскусіі. І толькі ў 1970-ыя літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў адкрыў імя Канстанціна Вераніцына і дату напісання твору – 1855 год. Большасць навукоўцаў зараз з гэтым згодна.

Чаму "Тарас" такі для нас значны?

Да сёння гэта адзін з самых жыццярадасных і камічных твораў беларускай літаратуры XIX стагоддзя. Радкі паэмы на жывой беларускай мове хутка разнесліся на цытаты. Твор пашыраўся сярод людзей тысячнымі накладамі. Этнограф Еўдакім Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў гэтай паэмы, сцвярджаў, што "Тараса" "ва ўсякай хаце знайсці можна".

У 1940 годзе малады літаратуразнаўца Барыс Іофе, які нарадзіўся ў Горках і скончыў тут першую школу, адзначаў, што вобраз Тараса ў паэме – першы рэалістычны вобраз беларуса ў нашай літаратуры.

Літаратуразнаўца Эдуард Садаўнічы параўноўваў пачатак паэмы з "Боскай камедыяй" Дантэ: "Героя твору італьянскага паэта ў дрымучым лесе пераследуюць звяры – алегарычнае ўвасабленне асноўных тыпаў чалавечых грахоў, – і ён [як і Тарас, уцякаючы] трапляе на той свет..."

Тэкст твора – гэта прыклад таго, якой у XIX стагоддзі была жывая беларуская мова.

"Тарас на Парнасе" быў перакладзены на многія замежныя мовы, ёсць некалькі багата ілюстраваных выданняў, а на сцэне твор ставяць да нашага часу.

Што яшчэ засталося ад Вераніцына ў Беларусі?

Канстанцін Вераніцын памёр 13 (26) жніўня 1903 года ў Лясным пад Пецярбургам ад паралічу з прычыны кровазліцця ў мозг. Яго пахавалі на Мітрафаніеўскіх могілках, якія да нашага часу не захаваліся.

У 2001 годзе на яго радзіме ў Астраўлянах і Гарадку з'явіліся мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы "Тарас на Парнасе" і яе аўтара.

У 2014-м у цэнтры Гарадка паставілі скульптуру Тараса-палясоўшчыка ў поўны рост, ля ног якога на пні сядзіць вавёрка, а за спінай – старонкі паэмы.

Скульптура Тараса-палясоўшчыка ў Гарадку.

Сёлета ж у Гарадку мясцовы парк атрымаў назву "Вераніцынскі сквер". За гэта на сайце выканкама аддалі свае галасы мясцовыя жыхары. А выбіралі яны з васьмі варыянтаў!

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email