нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Зорка згубленага Рэнесансу. У Горках пачалі адзначаць 125-годдзе Максіма Гарэцкага

21.02.2018 – 16:22 | 1037

Максім Беларус, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізерыус Монус, Лявон Задума – мала хто сёння ўзгадае, што за гэтымі шматлікімі псеўданімамі на працягу свайго даволі кароткага, на жаль, творчага шляху хаваўся Максім Гарэцкі. Пісьменнік, які назаўсёды даказаў, што на беларускай мове можна пісаць жорстка і амаль па-дакументальнаму праўдзіва, без усякай залішняй слязлівасці. Таму часам чытаць яго цяжка і невыносна – б’е бязлітасна. Але чытаць трэба абавязкова.

Урачыстае адкрыццё праекту “Ён думкай і словам служыў Беларусі” з нагоды юбілею нашага класіка адбылося падчас Дня роднай (матчынай) мовы ў раённай бібліятэцы. Яна вось ужо 25 гадоў носіць імя гэтага пісьменніка. Праект – сумесная справа гісторыка-этнаграфічнага музея і чытальні. Як кажуць арганізатары, у планах – конкурсы, экскурсіі ды сустрэчы з мясцовымі літаратарамі.

Сённяшняя імпрэза сталася своеасаблівай кропкай адліку ў шэрагу абяцаных святочных мерапрыемстваў. Экскурс у біяграфію Гарэцкага атрымаўся даволі разнастайным па форме –  касцюмаваная рэтраспектыва асноўных момантаў жыцця пісьменніка чаргавалася з выступамі выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Здалёк, са Святой зямлі, звярнуўся да прысутных Уладзімір Ліўшыц. У відэапасланні вядомы краязнаўца распавёў гісторыю напісання сваёй новай кнігі “Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця”. Прагучала таксама прывітальнае слова ад горацкай паэткі Лідзіі Андрэевай.

Два працяглых перыяды ў творчасці Максіма Іванавіча самым непасрэдным чынам звязаны з Горкамі. Падчас свайго знаходжання тут Гарэцкі навучаецца ў каморніцка-агранамічнай вучэльні, потым вяртаецца сюды на некалькі гадоў, займае пасаду загадчыка кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.

Можна здагадвацца, як больш за сто гадоў таму па знаёмых нам вулачках як-небудзь шпацыраваў увечары аўтар “Літоўскага хутарку”.

Да 2012 года ў горадзе захоўваўся нават дом, дзе жыў беларускі класік. Аніякі памятны знак там не ўсталяваны дагэтуль. Можа, у маштабных планах па святкаванні яго 125-годдзя знойдзецца, нарэшце, месца і магчымасць для такой няхітрай справы. Ці ж не заслугоўвае гэтага ён – пісьменнік беларускага Адраджэння? Чалавек, які імкнуўся дапамагчы нам адчуць патрэбу ў развіцці ўласнай нацыянальнай культуры?

Сяргей Ксянзоў

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email