Традыцыйнае ў Беларусі мастацтва выразання з паперы прыгожых узораў атрымала міжнароднае прызнанне – увайшло ў Сусветны спіс спадчыны ЮНЕСКА! Мы сабралі для вас галоўныя факты пра тое, як беларуская выцінанка стала каштоўнасцю, а таксама пра майстра з горада Горкі, якая спрыяе захаванню і папулярызацыі гэтай традыцыі.
Міжурадавы камітэт ЮНЕСКА ўключыў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларускую выцінанку. Гэта традыцыйнае мастацтва выразання з паперы шырока распаўсюджана ў нашай краіне.
На сайце ЮНЕСКА адзначаецца, што выцінанка выконвае комплекс універсальных функцый, у тым ліку выхаваўчую, эстэтычную і камунікатыўную. У 2021 годзе мастацтва выцінанкі было прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў Беларусі.
На той час у нашай краіне гэтым рамяством валодалі каля 100 чалавек: 11 з іх мелі званне народнага майстра Беларусі. Сярод іх наша зямлячка Алена Бруй. Яна дакументальна пацверджаны майстар выцінанкі. У 2022 годзе такіх умельцаў у Магілёўскай вобласці было ўсяго шасцёра.
У розныя гады ў нашым горадзе Алена Яўгенаўна праводзіла майстар-класы па выцінанцы для студэнтаў акадэміі і жыхароў Горак. Так што ў Горках пра беларускую выцінанку ведаюць добра!