аўт, 23.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У БДСГА адбылася сустрэча з намеснікам дырэктара Нацыянальная бібліятэкі Алесем Сушай

01.12.2017 – 18:00 | 721

У апошні дзень восені на другім паверсе акадэмічнай бібліятэкі адбылася сустрэча з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесем Сушай. А пасля падвялі вынік працы праекту “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”, які дзейнічаў з 15 верасня.

У першай частцы мерапрыемства Алесь Суша распавёў пра тое, як вобраз Францыска Скарыны выкарыстоўваецца ў сучасным беларускім жыцці. Госць адзначыў, што імя першага кнігавыдаўца і кнігадрукара ўзгадвалася на старонках “Нашай Нівы” толькі ў 1909 годзе. Аляксандр Аляксандравіч расказаў пра тое, што першы друкар не толькі быў асветнікам, але і меў ступені доктара медыцыны і філасофіі, займаўся дзяржаўнай працай і ўвогуле з’яўляецца адным з першых беларускіх батанікаў і разам з іншымі – заснавальнікам аднаго з самых старых батанічных садоў, які знаходзіцца ў Празе.

Вобраз Францыска Скарыны, мяркуе намеснік дырэктара "нацыяналкі", сустракаецца ў сучасным жыцці амаль паўсюль. У гарадской прасторы, напрыклад, гэта не толькі помнікі ці мемарыяльныя шыльды, але і назвы вуліц, адукацыйных і навуковых устаноў, бібліятэк (нават па-за мяжой Беларусі). Але не толькі культура выкарыстоўвае вобраз першадрукара. Яшчэ і розныя банкі даволі часта прэзентуюць прадукцыю з выявай Скарыны.

Малюнкі і скульптура, паштовыя маркі, медалі, вучнёўскія дзённікі – гэта яшчэ не поўны спіс рэчаў і твораў з партрэтамі гэтага знакамітага чалавека.

Алесь Суша таксама адзначыў важнасць мерапрыемстваў да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, таму што людзі розных палітычных накірункаў пачынаюць дыялог. І галоўнае, на думку Аляксандра Аляксандравіча, менавіта ўвасабленне вобраза Скарыны ў дробязях (як марка, напрыклад) набліжае першадрукара да сучасных людзей больш, чым вялікія помнікі.

Галоўным сюрпрызам сустрэчы стала тое, што вялікае факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" Аляксандр Аляксандравіч перадаў бібліятэцы БДСГА.

У другой частцы вечара падвялі вынікі праекту “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”, які дзейнічаў два з паловай месяцы. На працягу гэтага часу адбыліся культурна-асветніцкія мерапрыемствы, творчыя сустрэчы з горацкімі аўтарамі, праца выставы “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі”, правядзенне куратарскіх гадзін для студэнтаў і класных гадзін для школьнікаў. Узгадалі таксама і юбіляраў гэтага года – Янку Купалу і Якуба Коласа.

З праектам пазнаёміліся больш за тысячу чалавек: гэта не толькі супрацоўнікі і студэнты акадэміі, але і вучні школ, і жыхары горада.

У віктарыне “Кніжная мудрасць стагоддзяў” прынялі ўдзел 11 чалавек (нават з Полацку і Наваполацку). Тыя, хто прысутнічаў на сустрэчы, атрымалі падарункі ад рэдакцый газет “Узгорак” і “Горацкі веснік”.

Былі ўручаны і дыпломы пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу “Скарынавай душой узлашчанае слова”. Першае месца ў намінацыі “Паэзія” і другое – у “Прозе” заваявала пісьменніца з народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Наталля Ніканчук. Дыплом першай ступені ў намінацыі “Проза” атрымала таксама сябра гэтага аб’яднання Святлана Ластачкіна.

Ужо пасля завяршэння сустрэчы Алесь Суша не адмовіўся ад фотаздымка з галоўным рэдактарам “Узгорка” Галінай Буднай і супрацоўніцай Таццянай Уладзіміравай і напісаў пажаданне нашай рэдакцыі.

Валерыя Прыгарына

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email