пят, 26.04.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Да Горак дабралася ўнікальная кніга

09.11.2017 – 09:30 | 569

Пераможца міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2017”, уладальнік Гран-пры нядаўняй Еўразійскай выставы "Eurasian Book Fair", сапраўдная жамчужына беларускага кнігадруку – усё гэта пра “Сусветную спадчыну Францыска Скарыны”, кнігу, якая выйшла ў свет усяго некалькі месяцаў таму. Цяпер з каштоўнай навінкай можна пазнаёміцца і ў Горках.

Шыкоўны, багата ілюстраваны альбом сабраў пад адной вокладкай усе 25 кніг, выдадзеных нашым знакамітым першадрукаром. З’ява беспрэцэдэнтная, бо скарынаўскія выданні сёння раскіданыя па ўсім свеце. Работа складальнікаў працягвалася больш за пяць гадоў – былі знойдзены, сфатаграфаваныя і апісаны асобнікі са збораў Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Брытаніі, ЗША і іншых краін.

Магчымасць патрымаць у руках вынік гэткай тытанічнай працы з’явілася ў жыхароў нашага горада. Для гэтага трэба толькі наведаць выставу, што ладзіцца дзвюма бібліятэкамі ў рамках праекту “Духоўны патэнцыял кніжнай культуры”. Дарэчы, унікальны альбом для экспазіцыі ў акадэмічнай чытальні перадала бібліятэка імя Максіма Гарэцкага.

– Складана пераацаніць значнасць такога выдання, – мяркуе бібліятэкар Марыя Студнева. – Бо тут не толькі найбольш поўны звод скарынаўскіх выданняў, але і разгорнуты аналіз кожнага з іх”.

Выданне выпушчана выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" ў серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай.

Сяргей Ксянзоў

 

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email