аўт, 12.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пляменніку Максіма Гарэцкага Радзіму Гаўрылавічу – 95! Сабралі факты пра гэтага навукоўца, які да сёння не губляе аптымізму

08.12.2023 – 00:02 | 2302

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Мінску, дзе і жыве па сёння. У беларускай сталіцы ён адзначыў свой 95-гадовы юбілей. Ягоны дзядзька – класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, а бацька – доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Але не толькі гэтым знакаміты Радзім Гарэцкі.

Радзім Гарэцкі першы справа

З сям'і доўгажыхароў

У сям'і Гарэцкіх асабліва доўга жылі мужчыны – калі і не пераступалі стагадовую мяжу, то былі блізкімі да гэтага. "Мая мама, яе мама і тата памерлі ў 93. Па бацькавай – дзед пражыў больш за 89 (памёр ад хваробы), а бабуля памерла раней – бо аперацыю ёй зрабілі. Але ў родзе былі і тыя, хто пражыў 100", – успамінаў у адным з інтэрв'ю Радзім Гаўрылавіч.

Акрамя добрых генаў дапамагае аптымізм і любоў да жыцця. Важная рыса Гарэцкіх – добразычлівасць, адсутнасць злосці і зайздрасці. Гэта дапамагае захоўвацца ў добрай форме.

Розніца з жонкай – 20 гадоў

У Радзіма Гаўрылавіча з жонкай Галінай Рыгораўнай розніца ва ўзросце – 20 гадоў. Пазнаёміліся яны на лыжах пад Мінскам. "Яна ехала, я ехаў. У яе саскачыла лыжа – я дапамог. Затым зноў паехалі. Так і дакаталіся", – апісваў першую сустрэчу юбіляр і дадаваў, што самае галоўнае ў адносінах – поўны давер. Рэўнасць руйнуе каханне.

Размаўляе па-беларуску згодна з класічнымі нормамі

"З бацькам я амаль не жыў. Ён то ў турме, то ў камандзіроўках. Я жыў з мамай і яе бацькамі. Дзед і бабуля былі з Беластока, але рускамоўныя. І яны мяне выхоўвалі – я беларускай не ведаў. І толькі калі пачалі жыць разам з маці і бацькам у канцы вайны, я загаварыў па-беларуску", – расказваў Гарэцкі.

У Беларусь пасля свайго нараджэння ён вярнуўся ў снежні 1971. І ўжо размаўляў па-беларуску. Гэта была мова, блізкая да тарашкевіцы (моўная норма, якая лічыцца класічнай да рэформы 1933 года), бо бацькі так размаўлялі.

Радзім Гарэцкі.

Сын самага маладога акадэміка Беларусі

Бацька Радзіма Гарэцкага Гаўрыла Іванавіч (1900-1988) – геолаг і эканаміст, які застаецца наймаладзейшым абраным акадэмікам у нашай краіне, гэта званне ён атрымаў у 28 гадоў.

У 1930 быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе. Асуджаны да расстрэлу, які замянілі высылкай. Вызвалены датэрмінова, зноў арыштаваны, зноў вызвалены. У 1938 асуджаны да расстрэлу. Вызвалены.

Быў выбітным вучоным, адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук. Рэабілітаваны ў 1958 годзе за адсутнасцю складу злачынства.

Унук спявачкі

Бабуля Радзіма Гаўрылавіча Еўфрасіння была народнай спявачкай і казачніцай, ведала вялікую колькасць песень і сама складала. Літаратар Максім Гарэцкі дзякуючы ёй напісаў кнігу "Народныя песні з мелодыямі" – запісваў словы, а кампазітары Ягораў і Аладаў – ноты. Атрымалася 318 песень!

Аўтар шыкоўнага выдання пра Максіма і Гаўрылу Гарэцкіх

Радзім Гаўрылавіч у 2008 годзе выдаў у Мінску кнігу "Браты Гарэцкія". У ёй сабраны ўнікальныя фота, цікавыя і важныя факты пра жыццё і дзейнасць Максіма Гарэцкага, класіка беларускай літаратуры, якога можна паставіць у адзін шэраг са славутымі і знакавымі імёнамі першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама пра Гаўрылу Гарэцкага – акадэміка і вучонага. Гэта сотні старонак, якія апісваюць лёсы гэтых людзей і эпоху, у якую яны жылі, на падставе сведчанняў і ўспамінаў іх сучаснікаў.

Вокладка кнігі "Браты Гарэцкія".

Абгрунтаваў асноўныя напрамкі нафтапошукавых работ

З калектывам беларускіх геолагаў Радзім Гарэцкі распрацаваў новае нафтагеалагічнае раянаванне Прыпяцкага прагіну і абгрунтаваў асноўныя напрамкі нафтапошукавых работ, звяртаючы ўвагу на важнасць сейсмастратыграфічных метадаў лакальнага і занальнага прагнозаў.

Новыя метадычныя прыёмы пошуку радовішчаў нафты, распрацаваныя ім з калегамі, былі абаронены пяццю аўтарскімі пасведчаннямі аб вынаходніцтве. Сумесна з геолагамі-нафтавікамі Беларусі, Літвы, Украіны ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і публікацыі фундаментальнай манаграфіі.

Дзякуючы энергічным намаганням Радзіма Гаўрылавіча, у Беларускім дзяржаўным універсітэце пасля 30-гадовага перапынку пачалася падрыхтоўка геолагаў. Ён арганізаваў кафедру дынамічнай геалогіі і ў 1995-1997 гадах быў яе загадчыкам, чытаў лекцыі аб агульнай геатэктоніцы і праблемах асадкавых адкладаў Беларусі.

Бонус – жарт пра навукоўцаў ад Радзіма Гарэцкага

"Калі ў навукоўца вялікі жывот, кажуць: "Выдающийся учёный". Калі проста тоўсты: "Крупный учёный". А калі як я, лысы, – "Блестящий учёный".

Радзім Гарэцкі.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі – вучоны ў галіне геалогіі, геатэктонікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977; член-карэспандэнт з 1972), замежны член Расійскай акадэміі навук (1994), доктар геолага-мінералагічных навук (1969), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут ім. І.М. Губкіна (1952).

У 1952-1971 гг. –навуковы супрацоўнік геалагічнага інстытута АН СССР.

З 1971 г. – загадчык аддзела (з 1978 г. лабараторыяй) Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР (з 1994 г. Інстытут геалагічных навук).

У 1977-1993 гг. – дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі.

У 1992-1997 гг. – віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 1995-1997 гг. – загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта. У цяперашні час галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 1973-1990 гг. – член Бюро, намеснік старшыні, старшыня Міжведамаснага тэктанічнага камітэта АН СССР.

З 1975 г. – намеснік старшыні, старшыня Беларускага Нацыянальнага камітэта па міжнароднай праграме геалагічнай карэляцыі, з 1993 г. член Амерыканскага геафізічнага Саюза.

У 1994-2008 гг. – галоўны рэдактар часопіса "Літара".

Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.

Узнагароды

Дзяржаўная прэмія СССР 1969 г. за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію "Тэктоніка Еўразіі" (М., 1966, у суаўт.). Дзяржаўная прэмія БССР 1978 г. за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію "Тэктоніка Беларусі" (Мн.:, 1976, у суаўт.). Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н.С.Шацкага. Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных работ "Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: Геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў" (у суаўт.).

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), медалямі.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email