нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

У Горках бываў не толькі Колас, але і Купала. Вось калі і навошта ён прыязджаў

29.10.2022 – 14:41 | 2028

Пасля публікацыі на сайце horki.info артыкула "Поспех Коласа ў навуковых супрацоўнiкаў сельскагаспадарчай акадэмii быў выключны" да нас звярнулася мясцовая жыхарка Вольга Паўлаўна. "З вялікай цікавасцю азнаёмілася з матэрыялам аб прыездзе ў Горкі Якуба Коласа. Наколькі я ведаю, бываў у нашым горадзе і Янка Купала. Напішыце пра гэта, калі ласка". На гэту просьбу мы папрасілі адказаць даследчыка мясцовай гісторыі, краязнаўца Уладзіміра Ліўшыца.

Аб першым прыездзе Купалы ў Горкі засталiся ўспамiны былога прарэктара акадэмii

Гартаючы ў Нацыянальнай бiблiятэцы Рэспублікі Беларусь падшыўку часопiса "Полымя" за 1925 год, аўтар гэтых радкоў заўважыў у раздзеле "Хронiка беларускай культуры" такое паведамленне: "У сувязi з юбiлеем Янкi Купалы i падарожжам яго ў першай палавiне чэрвеня ў Вiцебск, Оршу i Горкi, у гэтых месцах адбылiся ўрачыстасцi з шырокiм удзелам прадстаўнiкоў грамадскасцi i моладзi, на якiх цёпла вiталi песняра Беларусi".

Так, Янка Купала бываў у Горках. А цi захавалiся якiя-небудзь падрабязнасцi аб гэтым? Звяртаюся ў навуковы аддзел лiтаратурнага музея Янкi Купалы ў Мiнску. На жаль, нiякiх звестак там не аказалася, але навуковыя супрацоўнiкi параiлi праглядзець падшыўку газеты "Савецкая Беларусь" за 1925 год. I вось у №133 ад 17 чэрвеня знаходзiм нататку "Янка Купала ў Горы-Горках". У ёй гаворыцца: "Днi 6 i 7 чэрвеня былi святам для горацкiх школ. 6 чэрвеня прыехалi ў Горы-Горкi Янка Купала i таварышы з Аршанскага акруговага камiтэта партыi.

Перш-наперш госцi з'явiлiся на ўрачысты сход, прысвечаны выпуску студэнтаў Горацкага рабфака. Сход горача вiтаў пачэсных гасцей.

Пасля ўрачыстай часткi госцi прысутнiчалi на вечары рабфакаўцаў, дзе Янка Купала чытаў свае вершы.

7 чэрвеня амаль цэлы дзень госцi знаёмiлiся са славутасцямi iнстытута: наведалi батанiчны сад, разам з рабфакаўцамi гулялi па старым парку, прымалi ўдзел у гульнях. Сюды ў парк вiтаць Янку Купалу з'явiлiся ўдзельнiкi канферэнцыi настаўнiкаў Горацкага раёна, якая праходзiла ў гэтыя днi. Прыйшлi i вучнi горацкiх сямiгодак – беларускай i яўрэйскай. Дзяўчынкi ў нацыянальных касцюмах паднеслi Я.Купалу два прыгожыя букеты руж i румянку (эмблема творчасцi Я.Купалы). Хутка з'явiлiся i пiянеры з чырвонымi сцягамi. Усе размясцiлiся на ўзгорку каля гары "Парнас", сярод зялёных дубоў i ліп. Прывiтальныя прамовы, беларускiя народныя песнi, вершы выконвалiся з нейкiм дзiўным натхненнем.

Увечары 7 чэрвеня ў прысутнасцi гасцей адбылося паседжанне таварыства па вывучэнні Беларусi i секцый навуковых супрацоўнiкаў сельскагаспадарчага інстытута. Госцi азнаёмiлiся з працамi гэтага таварыства i выказалi свае думкi. Таварышы Луцэвiч (Янка Купала), Стасевiч i Акулiч залiчаны ганаровымi сябрамi таварыства".

Аб гэтай сустрэчы засталiся цiкавыя ўспамiны былога выкладчыка і прарэктара акадэмii Iгара Аляксеевiча Лебедзева. Ён быў тады вучнем выпускнога класа мясцовай сямiгодкi, прымаў непасрэдны ўдзел у наладжваннi лiтаратурнага свята i ўрачыстасцей.

"Самая важная частка iх адбылася на гары "Парнас", – успамiнаў Лебедзеў, – я вельмi добра памятаю, як шмат было выступленняў, песень, вiншаванняў, вянкоў, як бясконца гучалi вершы, прывiтаннi. Знешне Янка Купала выглядаў стрыманым i маўклiвым, сканцэнтраваным, вiдаць, на нейкiх сваiх думках. Скупы на словы i ўсмешку, ён вельмi ветлiва i проста абыходзiўся з людзьмi. Без артыстычных жэстаў, але пранiкнёна i з нейкiм незвычайным уздымам чытаў ён свае вершы, адказваў на пытаннi. Па-ранейшаму даступным i звычайным паэт заставаўся i пасля выступлення перад шматлiкай аўдыторыяй. Па ўсiм яго знешнiм выглядзе адчувалася, што ў душы ён перажываў вельмi вялiкую радасць ад такой святочна-ўрачыстай i шчаслiвай сустрэчы, шчыра, па-сяброўску дзякаваў усiм за прывiтаннi i добрыя пажаданнi (Няхай, М. Сустрэчы на Магiлёўшчыне // Полымя, 1982. №8. С. 210).

Адну сустрэчу, меркавана, сарваў Цішка Гартны

Гартаем далей падшыўкi газеты. У №272 ад 1 снежня 1925 года ёсць паведамленне аб прыездзе 28 лiстапада 1925 года Янкi Купалы разам з Якубам Коласам і Цішкам Гартным на ўрачысты сход, прысвечаны пераўтварэнню сельскагаспадарчага iнстытута ў акадэмiю.

Наступны прыезд Купалы ў Горкі адбыўся ў лютым 1928 года. Разам з паэтам прыязджалi Гартны, Зарыцкi, Дудар, Александровiч i iншыя. Была запланавана сустрэча ў акадэміі, але яна не адбылася. У свой час пісьменнік, былы дацэнт кафедры баларусазнаўства акадэміі Юрка Гаўрук распавядаў аўтару гэтага матэрыяла, што кіраўнік групы Цішка Гартны пакрыўдзіўся, што на чыгуначным вакзале ў Горках іх не сустрэў ні рэктар акадэміі, ні Максім Гарэцкi. Як вядома, першы быў у камандзіроўцы ў Мінску, а Максім Гарэцкi – на занятках.

 Народны паэт Беларусi Нiл Гiлевiч лічыў, што сустрэча "сарвалася па вiне капрызнасцi Цiшкi Гартнага. Той яшчэ тады моцна пачуваўся не толькi як лiтаратар, але, вiдаць, i як вiдны дзяржаўны i грамадскi дзеяч. Нечага яму не хапiла ў той сiтуацыi, той жа шляхетнасцi, вiдаць, i яго капрызы сталi прычынай таго, што сустрэча не адбылася".

"Трэба ратаваць бiблiятэку"

Кожнае лета з 1935 па 1941 гады Янка Купала бавіў на дачы ў Ляўках, непадалёку ад Оршы, пабудаванай яму ўрадам беларускай рэспублікi. Як успамiнае Дзям'ян Раманавiч Новiкаў, былы дырэктар акадэмiчнай бiблiятэкi, заслужаны дзеяч культуры БССР, паэт тады амаль штогод прыязджаў у Горкi, заходзiў да яго.

Яны пазнаёмiлiся яшчэ ў 1925 годзе ў першае наведванне літаратарам акадэмii. Новiкаў бываў у Купалы ў Мiнску, а таксама ў Ляўках. Да вайны Дзям'ян Раманавiч займаўся вывядзеннем новых гатункаў вяргiняў. I адзiн з іх назваў "Купала". Народны паэт прысвяцiў Новiкаву верш "Сярод дубоў i лiп адвечных". На жаль, верш i кветкi загiнулi ў час вайны, разам з фотаздымкамi i кнiгамi з аўтографамi паэта.

Апошнi прыезд Янкi Купалы ў Горкi быў 30 чэрвеня 1941 года, калi ён разам з жонкай Уладзiславай Францаўнай эвакуяваўся на легкавым аўтамабiлi з дачы ў Ляўках. У Горках зрабiлi кароткi перапынак. Паэт зайшоў да Новiкава ў бiблiятэку. Як успамiнаў Дзям'ян Раманавiч, з'яўленне літаратара было нечаканым i выклiкала трывогу. Ён запрасiў Купалу на абед. За сталом разгаварылiся аб вайне. I на пытанне, цi стрымаюць немцаў на Дняпры, паэт выказаў думку, што хутка немцы будуць у Горках i трэба ратаваць бiблiятэку. На жаль, гэтыя словы хутка пацвердзiлiся. Праз два тыднi фашысты захапiлi наш горад, абрабавалi бiблiятэку i спалілi яе.

Пасля абеду Новiкаў прапанаваў гасцям начлег, але Купала спаслаўся на тое, што трэба ехаць у вёску Горы (Няхай, М. Сустрэчы на Магiлёўшчыне // Полымя, 1982. №8. С. 213).

"Гэта было апошняе развiтанне з роднай Беларуссю"

Праз некаторы час машына ўжо пад'язджала да вёскi Горы. Вядома, што каля моста праз рэчку Быстрая шафёр спынiў аўтамабiль, каб далiць вады ў радыятар. Паэт выйшаў разам з жонкай крыху адпачыць. Падышоў да рэчкi, якая была каля шашы. Якраз у гэты час вясковыя хлапчукi гулялi на лузе ў мяч. Сярод iх быў i дзевяцiгадовы Макс Фрэйдзiн, якi разам з бацькамi прыехаў у Горы, бо Горкi ўжо некалькi разоў бамбiлi фашысты.

Зараз Макс Залманавiч – Заслужаны эканаміст Беларусі, прафесар кафедры аграбiзнесу Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii. Ён добра памятае, як хлапчукi акружылi чорны аўтамабіль паэта. Тады машы яшчэ былі ў навiнку. Жонка Купалы Уладзiслава Францаўна спыталася ў хлапчукоў: "Цi пазналi гэтага дзядзю?"

– Янка Купала, – сказаў адзiн з малых.

– А вершы яго ведаеце?

– Вядома ж, – хорам адказалi яны.

– А цi можна пракацiцца? – спытаў самы маленькi.

– Сядай ды пакажы хату Гутмана, – адказаў Купала.

Машына паехала, а мы пабеглi за машынай. Усiм хацелася расказаць, што паэт прыехаў у Горы.

Начаваў літаратар у хаце Гутмана, дырэктара Горскага iльнозавода. Мясцовы жыхар Сямён Паўлавiч Маляроў пра гэта ўспамiнаў:

"У дзень прыезду Янкi Купалы будаўнiчая брыгада, у якой я тады працаваў, была на калгасным двары. Легкавую машыну заўважылi ўсе адразу. Пасля даведалiся, што ў нашай вёсцы спынiўся на начлег Янка Купала. Мы ўсе праявiлi незвычайную зацiкаўленасць да прыезду паэта, заходзiлi ў дом, дзе ён размясцiўся з дарогi, вялi з iм задушэўныя гутаркi... Назаўтра мы яго ўжо не бачылi – машына досвiткам адправiлася ў дарогу" (Няхай, Міхась. Сустрэчы на Магiлёўшчыне // Полымя, 1982. С. 214).

На мяжы Беларусi літаратар папрасiў шафёра спынiць машыну. Уладзiслава Францаўна ўспамiнала: "Ля дарогi раскiнулася сенажаць, трава была высокая, шмат кветак, непадалёку быў лес, Купала захацеў спынiцца тут. Стомлены, ён выйшаў з машыны, лёг на траве i доўга глядзеў удалячынь: на вачах яго былi слёзы. Гэта было апошняе развiтанне з роднай Беларуссю".

Памяць

У гонар наведвання Янкам Купалам Горак у батанічным садзе акадэміі ўсталяваны памятны знак, а на будынку акадэмічнай бібліятэкі – мемарыяльная дошка.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email