чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Поспех Коласа ў навуковых супрацоўнiкаў сельскагаспадарчай акадэмii быў выключны"

25.10.2022 – 22:01 | 1702

Класік беларускай літаратуры Якуб Колас тройчы быў у Горках. Усе візіты былі звязаныя з Беларускай дзяржаўная сельскагаспадарчай акадэміяй. Пра гэта захаваліся ўспаміны сучаснікаў. Даследчык мясцовай гісторыі, краязнаўца Уладзімір Ліўшыц расказвае пра іх у сваім артыкуле да 140-годдзя з дня нараджэння нашага пісьменніка.

"Няхай жыве акадэмія з яе традыцыямі, якія склаліся ў Горках!"

Горкі. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмiя. Якуба Коласа цягнула сюды. Ён цiкавiуся апошнімі дасягненнямі навукі, развiццём сельскай гаспадаркi Рэспублiкi.

Заўважым, што малады вясковы настаўнiк Канстанцiн Мiхайлавiч Мiцкевiч выбраў сабе ёмкi лiтаратурны псеўданiм: Колас – сiмвал стараннай працы хлебароба.

Першы раз літаратар прыязджае ў Горкi ў час пераўтварэння сельскагаспадарчага інстытута ў акадэмiю. У гонар гэтай падзеi 28 лiстапада 1925 года ў Горках адбыўся ўрачысты сход, на якiм апрача Коласа прысутнiчалi Янка Купала і Цiшка Гартны.

1 снежня 1925 года газета "Савецкая Беларусь" (№272) паведамляла пра гэтую падзею i прыводзiла заключныя словы з прамовы Коласа: "Мы – прадстаўнiкi беларускiх пiсьменнiкаў старэйшага пакалення. Перш за ўсё, мы – беларусы, дзецi сваёй зямлi. Дазвольце вiтаць у першую чаргу ад гэтай зямлi. Няхай красуецца акадэмiя багатай нiвай, пышным лугам, садам. Няхай гаспадары гэтай зямлi высока нясуць чырвоны сцяг працы i культуры. Няхай жыве акадэмiя з яе традыцыямi, якiя склалiся ў Горках!"

Праз два гады, 24 красавiка 1927 года, Якуб Колас зноў прыязджае ў Горкi. Пра гэтую падзею сведчаць два лісты, што ён даслаў сюды. Яны былi адрасаваны Леанiле Чарняўскай, жонцы пісьменніка Максіма Гарэцкага.

Лічыў горацкіх жанчын цветам i красой

Першы ліст Колас даслаў 17 красавiка 1927 года. Ён паведамляў, што збіраецца ў Горкi. Адзначаў, што хацеў бы прыехаць якраз тады, калi распусцяцца бярозавыя лiсточкi. Вiдаць, вельмi любiў горацкiя гаi ды сады. Перадаваў прывітанне Максiму Гарэцкаму.

– Калi мы пераехалi ў Горкi, – расказвала Галiна Максiмаўна Гарэцкая, дачка пiсьменнiка, – бацька часам бываў у Мiнску i ў адну з сустрэч з Якубам Коласам запрасiў яго да сябе ў госцi. У клубе сельскагаспадарчай акадэмii яму была наладжана цёплая сустрэча, а вечарам ён гасцяваў у выкладчыка М.Ганчарыка (пазней ён стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусi – заўвага У.Л.).

Ад гэтай сустрэчы застаўся цiкавы здымак: Якуб Колас сярод жонак выкладчыкаў акадэміі. Яны апранутыя ў беларускiя нацыянальныя строі. На фота – Леаніла Чарняўская, Паўліна Мядзёлка, Ульяна Ганчарык, на жаль, прозвiшчы астатнiх невядомыя.

Другi лiст у Горкi да Леанілы Чарняўскай датуецца 9 лiстапада 1927 года. У iм Якуб Колас пiша: "Я не знаходжу адпаведных слоў, каб выказаць Вам, мiлыя жанчыны-беларускi, маю радасць i маю падзяку за вiншаванне, а таксама не магу звярнуцца да Вас, як бы гэта трэба было. Назаву хiба Вас гэтак: "Цвет i краса жанчын беларускай зямлi!"

Так пiсьменнiк дзякаваў сваiм знаёмым за вiншаванне, дасланае з Горак да 45-годдзя з днём нараджэння. Пiсаў ён там таксама і пра свае лiтаратурныя планы: "З новага году засяду за сваю паэму". Мелася на ўвазе паэма "На шляхах волi". Паведамляў таксама i пра тое, што чакае выхаду з друку твору "У глыбi Палесся". "Тады кожнай з Вас прышлю па кнiзе, – пiша Колас, – бо Вы такiя мiлыя, слаўныя, што калi толькi пачнеш аб Вас думаць, дык весялей i святлей робiцца на сэрцы".

З лiста вiдаць, што дужа спадабалася літаратару красавiцкая сустрэча ў Горках і што на каляды ён зноў плануе прыехаць у наш горда. Таксама ў лісце пісьменнік перадаў прывiтанне Максіму Гарэцкаму i Юрку Гаўруку.

"Поспех Коласа ў навуковых супрацоўнiкаў сельскагаспадарчай акадэмii быў выключны"

Вядомы беларускi паэт-перакладчык Юрка Гаўрук з 1925 па 1931 гады працаваў у Горках дацэнтам кафедры беларускай мовы i лiтаратуры. У сваiх успамiнах "Мудрасць паэта", якiя былi надрукаваны ў кнiзе "Ступень адказнасцi", ён апiсаў прыезд Якуба Коласа ў наш горад.

"Незабыўны для мяне прыезд Я.Коласа ў Горкi, у сельскагаспадарчую акадэмiю вясной 1930 года. Ён прыехаў неафiцыйна, проста так, па запрашэнню мясцовай секцыi навуковых працаўнiкоў. Спынiўся ў мяне. Вечарам у клубе секцыi ў яго гонар наладжвалася сустрэча. Было холадна, яшчэ ляжаў снег, i Колас прыехаў у валёнках. Аднак на вечар палiчыў нязручным з'яўляцца абутым па-зiмоваму, i яму дасталi чаравiкi. Прыйшоўшы з лекцыi, я ўбачыў зборы Коласа. На табурэтцы стаялi чорныя кругланосыя чаравiкi, уласнаручна iм адглянцаваныя. Адзежа была вычышчана, адпрасавана. Ён не хацеў прыходзiць абы-як. Акуратнасць, пунктуальнасць, вернасць дадзенаму слову – тыповыя рысы характару Коласа. Ён не абяцаў таго, чаго не мог зрабiць, не пазнiўся, не спяшаўся з вывадамi. Шчодры душой, Колас, як кажуць, трымаў сябе ў руках, не раскiдваўся марна, з раннiх дзён падпарадкоўваў свае ўчынкi галоўнай мэце – змагацца за праўду, за прагрэс, за правы працоўных.

Свежы, iншы вецер вее,

Хоць ён вее цiха.

А хто зло-няпраўду сее,

Той зжынае лiха.

Гэтыя словы з паэмы "Сымон-музыка" – дакладна сфармуляваны прынцып Коласавых адносiн да рэчаiснасцi.

Яго аптымiзм грунтаваўся на глыбокiм веданнi законаў развiцця грамадства. Чалавек не пацерпiць несправядлiвасцi; тое, што пабудавана на гвалце i хлуснi, зверстве, не мае пад сабой трывалага фундаменту i з цягам часу абавязкова развалiцца. Ва ўсякай справе неабходна вытрымка, i тое, што яе Колас меў, магчыма, з'яўляецца прычынай многiх яго творчых i жыццёвых удач.

У клубе народу сабралася шмат, дарагога госця сустрэлi воплескамi i неўзабаве папрасiлi што-небудзь прачытаць. Колас не лiчыў сябе майстрам мастацкага чытання, але ў вузкiм коле прыхiльна настроеных людзей выступаў ахвотна.

Ён прачытаў нам некалькi вершаў з нiзкi "Калгаснае", толькi што тады напiсанай…

Чытаў ён па рукапiсе, стоячы каля стала, спакойна, без лiшнiх рухаў. Нiякай рыторыкi, пераўвасаблення, нiчога акцёрскага. Хутчэй ён нагадваў настаўнiка альбо вучонага, якi з унутраным перакананнем горача расказвае аб тым, што важна для ўсiх. Мiлагучны, трошкi глухаваты голас, выразнае вымаўленне кожнага слова – так, каб нiчога не страчвалася, – усё гэта надавала непаўторны, своеасаблiвы каларыт… Яшчэ i цяпер у маiх вушах гучаць iнтанацыi заклапочанага роздуму ў вершы "Серадняк", якi вельмi ўсiм спадабаўся.

Па чыну мне паложана,

Як ёсць я серадняк,

Глядзець на ўсё ўстрывожана

І думаць так i сяк...

Нельга абмінуць i коласаўскі гумар – здаровы смех вясёлага, шчырага чалавека. Поспех Коласа ў навуковых супрацоўнiкоў сельскагаспадарчай акадэмii быў выключны. Яго акружылi, вiншавалi. Завязалася шчырая гутарка.

Праводзiлi мы Коласа ўрачыста. Паклалi ў яго малюсенькi чамаданчык тры бутэлькi лепшых ягадных вiн лабараторнага вырабу – прадукцыю кафедры садоўнiцтва. Тады гэта была навiнка. Пажадалi яму здароўя i творчых поспехаў"…

(Успамiны пра Якуба Коласа – Мінск, 1982. С. 206-208).

Памяць

У гонар прыезду Якуба Коласа ў Горкі на будынку вучэбнага корпуса №3 Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі размешчана мемарыяльная дошка.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email