пан, 7.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Ён кіраваў кафедрай у акадэміі, але ў 45 гадоў быў расстраляны па хлуслівым абвінавачванні

20.02.2023 – 20:04 | 1986

18 лютага гэта года споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння класiка беларускай лiтаратуры, былога выхаванца i выкладчыка Беларускай дзяржаўнай сельсгаспадарчай акадэмii Максiма Iванавiча Гарэцкага. Да гэтаму юбiлею артыкул падрыхтаваў даследчык гiсторыi роднага краю Уладзiмiр Лiўшыц.

Нашы Горкі ў ягоным жыцці займалі асаблівае месца

У жнiўнi 1913 года рэдакцыя газеты "Наша Нiва", звяртаючыся да выпускнiка Горацкага каморнiцка-агранамiчнага вучылiшча М. I. Гарэцкага, пiсала: "Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прыслалi ў апошнiя часы. Мы верым, што праз Вас памножана будзе слава Айчыны нашай, калi толькi агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца". Гэтыя словы аказалiся прароцкiмi.

Пiсьменнiк, вучоны, лiтаратурны крытык, перакладчык Максiм Гарэцкi ўнёс каштоўны ўклад у развiццё нацыянальнай культуры беларускага народа. І нездарма ён лічыцца класікам беларускай літаратуры.

Максім Гарэцкі ў 1913 годзе.

Так ужо складалiся жыццёвыя абставiны, што за сорак пяць год свайго жыцця М. I. Гарэцкi пабываў i жыў, на жаль, часта не па сваiм жаданнi, у шмат якiх гарадах. Аднак тыя адрэзкi жыцця, якiя звязаны з Горкамi, займаюць асаблiвае месца ў жыццi пiсьменнiка. У гады атрымання адукацыi ў каморнiцка-агранамiчным вучылiшчы Максiм далучаецца да лiтаратуры i піша свае першыя творы. Сюды прыязджае ўжо вядомым пiсьменнiкам i лiтаратуразнаўцам, тут стварае шматлiкiя творы i навуковыя працы.

У 2018 годзе да 125-годдзя з нараджэння М. Гарэцкага аўтарам гэтага артыкула было выдадзена даследаванне жыцця і творчасці пісьменніка "Максім Гарэцкі: сцежкамі жыцця", дзе разглядаюцца асноўныя этапы жыцця пісьменніка.

Таму ў гэтым артыкуле аўтар больш падрабязна спыніцца на тых старонках жыцця М. Гарэцкага, якія датычаць яго навучання ў Горацкім 1913 г. каморніцка-агранамiчным вучылiшчы, а таксама працы ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі (зараз – БДСГА).

Паступіў пры конкурсе ў 400 заявак на 25 месцаў

Калi ў 1864 годзе царскi ўрад зачынiў Горы-Горацкi земляробчы iнстытут, у Горках працавалі тры сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы: земляробчае і рамеснае вучылішчы, каморніцка-таксатарскія класы.

Класы былi другой па значэнні навучальнай установай Горак. Яны былі адкрыты ў 1859 годзе i рыхтавалі каморнікаў. У красавіку 1909 года класы пераўтвaрылi ў каморніцка-агранамічнае вучылішча з шасцігадовым тэрмінам навучання. Была ўстаноўлена плата за навучанне ад 10 да 30 рублёў у год. Праўда, было і 60 казённых стыпендый i на гэтыя месцы быў вялікі конкурс.

Максім Гарэцкі, калi быў ужо навучэнцам вучылiшча, пiсаў у газеце "Наша ніва": "Можна сказаць, што вучні з'язджаюцца з усіх куткоў Расіі, бо бедакоў прымушае шукаць асветы тое, што вучылішча мае шэсцьдзесят 180-рублёвых стыпендый". Адзначым, што пры паступленні М. Гарэцкага стыпендый было ўсяго 25.

Гады вучобы ў Горацкім вучылішчы былі для М. Гарэцкага выключна важнымі для станаўлення яго як асобы і грамадзяніна. Вядома, што вучэбны план вучылішча па новым "Положению..." уключаў 26 прадметаў. Сярод іх, акрамя спецыяльных, былі і такія, як руская мова, гісторыя, геаграфія, сельскагаспадарчая эканоміка і інш. Вучылі добра. Вядома, што некаторыя выхаванцы ўстановы, такія, як Г. І. Гарэцкі, А. І. Агроскін, С. Г. Колеснеў, А. Г. Мядведзеў, К. А. Сакс, М. М. Ганчарык сталі буйнымі вучонымі – дактарами навук, прафесарамі, сябрамі Акадэмii навук БССР i Усесаюзнай акадэмii сельскагаспадарчых навук, мiнiстрамi, а Максім Гарэцкі – класікам беларускай літаратуры.

Максім Гарэцкі (пасярэдзіне) падчас вучобы ў Горы-Горацкай каморніцка-агранамічнай вучэльні. Фота: Вікіпедыя.

Былы выхаванец вучылiшча Міхась Ганчарык у сваёй кнізе "Шлях ад пачатку стагоддзя" аб тым, якое ўражанне рабіла тэрыторыя школы на вучняў, што ўпершыню прыязджалі ў Горкі, пісаў:

"А сама школа мяне проста зачаравала. Дзівосны стары парк, сярод якога раскінуты трохпавярховыя будынкі школы, далей будынкі каморніцка-агранамічнай школы, а затым рамесніцкай школы – усё гэта разам з рознымі службамі хавалася ў зеляніне прысад, кветнікаў, паркаў. Усе гэтыя школы месціліся збоку самога гарадка, схаваныя ў глыбіні цудоўнага парку – новага і старога бярозавага гаю, у аздобах зараслі бэзу, язміну, іншых хмызнякоў і дрэў. Гэтае нібы нейкае царства ў гарадку насіла назву "будаванні", што захавалася на працягу амаль ста гадоў..."

У фондзе Горацкiх вучэбных устаноў Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi мы знайшлi "Дело о присвоении звания землемера-агронома Горецкому Максиму Ивановичу".

У iм прашэнне Максiма: "...допустить меня к испытательному экзамену". Яно датуецца 19 чэрвеня 1909 года. Унiзе подпiс i горацкi адрас: вулiца Зялёная, дом Якаўлева. Далей з архiўнай справы вiдаць, што на запыт дырэктара вучылiшча ад 25 чэрвеня 1909 года горацкi павятовы спраўнiк пад грыфам "сакрэтна" паведамляе, што "...крестьянин Максим Иванович Горецкий за время проживания его в Горках с сентября 1908 года ни в чём предосудительном не замечался".

Доўгi час гэта вулiца насiла назву – вулiца iмя 40 год Кастрычнiка. У 1993 годзе яна была перайменавана ў вулiцу iмя Максiма Гарэцкага.

А з кiм займаўся ў Горках Максiм? Яго родны брат – Радзім Гарэцкі пішаў, што iх родзiч Фёдар Канцавы "…усю зіму рыхтаваў яго да экзаменаў, а ўлетку яго змяніў рэпетытар Крэер за 5 рублёў у месяц. Увосень 1909 года Максім паступіў у вучылішча, хаця конкурс быў велізарны: толькі 25 месцаў пры 400 заявах. Столькі было радасці, што вытрымаў іспыты! Максім быў такі шчаслівы і ўзрушаны, што ўначы прыбег за тры дзесяткі кіламетраў дамоў да бацькоў, каб падзяліцца з імі сваёй радасцю…"

У аўтабiяграфii, М. Гарэцкі пра гады вучобы ў Горках пiсаў: "В 1909 г. подготовленный (почти бесплатно) у горецкого репетитора А. И. Креера, поступил в Горецкое землемерно-агрономическое училище (при конкурсе в 400 заявлений на 25 мест). Тут по курсу русского языка мы капитально изучали психологию, логику, русскую и западно-европейскую литературу (преподавал Е. К. Ктитарев, автор ряда трудов по русской литературе)".

На жаль, у архiўнай справе адсутнiчаюць матэрыялы аб тым, як праходзiла вучоба М. Гарэцкага ў вучылiшчы. Праўда, у справе № 543 таго ж фонда ў "Ведомостях о переводных экзаменах учеников землемерно-агрономического училища в 1912 г." мы знайшлi, што Гарэцкi М. I. меў "выдатна" па 23 прадметах i па практыцы, а 4,5 (была i такая адзнака) па глебазнаўстве.

У час канiкул Максiм прыходзiў пешшу за 33 кiламетры ў родную вёску. Брат Гаўрыла ўспамiнаў, што брат "…памагаў у сельскагаспадарчай i хатняй працы, наведваў усiх родных i знaёмых, бываў на вечарынках, iгрышчах, вадзiў карагоды, запiсваў народныя казкi, паданнi, прыказкi, песнi, цiкавыя i рэдкiя словы, гаманiў пра тагачаснае сялянская жыццё.

Максiм вельмi добра дэкламаваў нам вершы Янкi Купалы з "Жалейкi", "Гусляра" i "Шляхам жыцця", вершы Якуба Коласа са зборнiка "Песнi жальбы", Цёткi – "Хрэст на свабоду". Гэта былi незабыўныя, самыя шчаслiвыя гадзiны нашага жыцця".

Максім Гарэцкі ў вайсковым шпіталі, куды патрапіў падчас Першай сусветнай вайны. 1914 г. Фота: Вікіпедыя.

Беларуская мова ў ягоных вуснах гучала як песня

За гады вучобы ён не толькi атрымлiвае спецыяльнасць, але і далучаецца да лiтаратуры. Як успамiнае брат Гаўрыла, у вучылiшчы пад кiраўнiцтвам Максiма было створана "невялiкае таварыства аматараў беларускай лiтаратуры".

Яны выпiсвалi "Нашу нiву", чыталi "Тараса на Парнасе", вершы Янкi Купалы i Якуба Коласа. Актыўнымi сябрамі гуртка былi А. Сухi, I. Аўчыннiкаў i В. Белахвосцiкаў.

Дарэчы, Андрэй Сухi (аграном, стрыечны брат вядомага канструктара самалётаў "Су" П. В. Сухога, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы) аб сумеснай вучобе ў вучылiшчы i працы ў гуртку пакiнуў цiкавыя ўспамiны "З юначых гадоў". У iх ён пiсаў: "Найблiжэй знаёмiлiся, зблiжалiся навучэнцы ў пансiянаце (так зваўся iнтэрнат), дзе мы жылi, сталавалiся, рыхтавалi ўрокi. Сярод нашага маладога гуртка я неяк адразу вылучыў Максiма па яго сур'ёзнасцi ў кожнай справе i адносiнах да сяброў. У скорым часе злучыла і супольная цікавасць да беларускага друкаванага слова. ...Максім Гарэцкі адзін з першых сярод нас пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян, адсылаючы іх у рэдакцыю "Нашай нівы".

Варта было паслухаць яго гутарку, нашу мову, якая гучала ў яго вуснах як песня, каб запомніць яго на ўсё жыццё. Ласкавасць, чуласць, пранікнёнасць гарнулі да яго людзей. Ён меў вялікі дар чалавечнасці, крыштальнай людской дабраты".

Цiкава, што Андрэй Сухi яшчэ ў час вучобы ў вучылiшчы надрукаваў у газеце "Наша нiва" (№ 19-20. 1912. 10 мая) пад псеўданiмам Мiкола Мокры матэрыял аб горацкай версii аўтарства "Тараса на Парнасе".

У вучылішчы была добрая бібліятэка (частка кніг засталася ад бібліятэкі Горы-Горацкага земляробчага інстытута). Былы яе дырэктар Дзям'ян Новікаў апавядаў аўтару, што там “…былі творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, А. Чэхава, І. Буніна, М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі, М. Кацюбінскага, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі і інш. А кнігі беларускіх пісьменнікаў – Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа – набывалі і прывозілі ў Горкі самі навучэнцы".

Знаёмства з рускай і беларускай літаратурай, з матэрыяламі, што змяшчаліся на старонках газеты "Наша ніва", прывяло М. Гарэцкага да думкі самому паспрабаваць свае сілы і пачаць пісаць допісы ў газету.

Так, у вераснi 1912 года пад псеўданiмам "Беларус" М. Гарэцкі надрукаваў у гэтай газеце цiкавы допiс аб вялiкiм конкурсе ў каморнiцка-агранамічнае вучылiшча.

У допiсе "У першы дзень кастрычнiка" М. Гарэцкi вельмi яскрава апiсвае кiрмаш у Горках. Ён адзначае, што "...народ навокал жыве небагата, бо зямлi мала, а фабрычна-завадскога промыслу цi якога iншага няма, i да жалезнага шляху далёка, а гарэлкi п'е тутэйшы селянiн надта многа. Страшэннае п'янства i сярод гарадскiх земляробаў". Далей Гарэцкi з вялiкiм жалем паведамляе, што "...на маркотныя думкi аб будучынi краю наводзяць гэтакiя абычаi".

Пад сваiмi творамi ён падпiсваўся: "Беларус", "М. Беларус", "Максiм Беларус", "М. Б.". Сваё прозвiшча аўтар паставiў толькi пад паведамленнем аб трагiчным выпадку ў Горацкiм вучылiшчы, калi адзiн з навучэнцаў не вытрымаў здзекаў iнспектара-наглядчыка i скончыў жыццё самагубствам.

Вядома, што з гэтых невялiкiх допiсаў i пачынаўся лiтаратурны шлях М. Гарэцкага.

25 студзеня 1913 года ў газеце "Наша нiва" з'явiлася яго першае апавяданне "У лазнi". Cюжэт апавядання "У лазнi" просты i, як лiчаць многiя лiтаратуразнаўцы, бiяграфiчны: вучань каморнiцкага вучылiшча Клiм Шамоўскi наведаў родную вёску. Ён марыў тут рыхтавацца да заняткаў, а таксама пачытаць мастацкую кнiгу, што прывёз з сабой. Але вяскоўцы i бацькi не разумеюць яго, i нават адзiн з вяскоўцаў сказаў яму: "…запанеў наш каморнiк". I таму на душы ў Клiма неспакойна. Бацькi прапануюць яму схадзiць у вясковую лазню. Аднак i пасля наведвання лазнi спачатку лягчэй не становiцца, бо ў лазнi вельмi "гразна, нячыста, непрытульна".

Між тым апавяданне "У лазні" заканчваецца на аптымiстычнай ноце. Клiм упэўнены, што ён вучыцца "…не дзеля таго, каб "заграбаць" грошы". Ён любiць вёску i яе людзей i хоча бачыць "яе цвярозай, светлай, здаволенай жыццём, ды сумленнай…" І трэба "…не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан…"

29 ліпеня 1913 года М. Гарэцкі закончыў навучанне ў вучылішчы. І "…постановлением Учебно-хозяйственного совета Горецкого землемерно-агрономического училища от 29 июля 1913 года он, Горецкий, удостоен звания частного землемера-агронома". Вось як ён скончыў вучобу: агульнаадукацыйныя прадметы (Закон Божы, расійская мова, гісторыя, алгебра, геаметрыя, трыганаметрыя, касмаграфія, законазнаўства) – выдатна; прыродазнаўства (батаніка, заалогія, фізіка, хімія, мінералогія) – добра; сельская гаспадарка (грунтазнаўства, раслінаводства, жывёлагадоўля, сельскагаспадарчая эканомія, сельскагаспадарчая і лясная таксацыя і меліярацыя) – выдатна; землеўпарадкаванне (геадэзія, чарчэнне і ўкладненне планаў, рысаванне, каліграфія і межавыя законы) – выдатна.

"Пры гэтым, адзначаецца ў атэстаце, праявіў асаблівую цікавасць і аказаўся дасведчаным у геадэзіі і карэнным паляпшэнні ўгоддзяў". У часе навучання ў школе паводзіны былі выдатныя.

На копii атэстата подпiс: "Оригинал получил 29 июля 1913 года".

Летам 1913 года М. Гарэцкі прыязджае на працу ў Вiльню I ён трапляе ў вельмі спрыяльнае асяроддзе – у самы эпіцэнтр тагачаснага беларускага нацыянальнага жыцця.

Акадэмія запрасіла Гарэцкага

У пачатку лютага 1926 года М. Гарэцкі разам з сям'ёй зноў прыязджае ў Горкi, якія былі яму добра вядомы па вучобе ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы.

Аднак за гэтыя гады тут адбыліся вялікія змены. Вядома, што рашэннем калегіі Наркамасветы РСФСР ад 7 красавіка 1919 года ўсе Горацкія сярэднія сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы былі аб'яднаны і пераўтвораны ў вышэйшую навучальную ўстанову – Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, а з 1924 г.– Беларускую акадэмію сельскай і лясной гаспадаркі. Тут ён працуе дацэнтам, а потым загадчыкам кафедры беларускай мовы і лiтаратуры і гісторыі.

Аб тым, як М. Гарэцкі быў запрошаны на працу ў акадэмію, расказаў Юрка Гаўрук (1905-1979), беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысёр, які ў 1925 годзе скончыў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава ў Маскве. Восенню 1925 года ён быў абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў сельгасакадэміі.

"У 1925 г. Уладзіміра Дубоўку і мяне, – успамінаў ён, – абралі дацэнтамі кафедры беларускай мовы і літаратуры сельгасакадэміі. І вось мы прыехалі ў Горкі. Дубоўка пахадзіў, паглядзеў, нешта яму там не спадабалася, і літаральна знік, паехаў у Мінск. Застаўся я адзін як перст. Ужо восень позняя, пара ўжо пачынаць заняткі. Вось тут пайшла чутка, што экстрана запрашаюць чалавека моцнага, які належна паставіць справу навучання на кафедры.

Акадэмія запрасіла М. І. Гарэцкага. Я, памятаю, прыязджаў да яго ў той час у Мінск дагаворвацца аб гэтым і, па праўдзе кажучы, быў не вельмі ўпэўнены. Думаў: а вось раптам Максім Іванавіч адмовіцца. Як-ніяк Мінск. Інбелкульт. Літаратура. А тут Горкі.

Ён адразу без усякага хістання згадзіўся. Можа, Максіма Іванавіча пацягнула тое, што ён вучыўся ў Горках, блізка былі Малая Багацькаўка, Хоцімск, Цёмны Лес – родныя мясціны. Ва ўсякім разе ён пераехаў з сям'ёю ў Горкі".

У фондах Дзяржаўнага архiва Магiлёўскай вобласцi мы знайшлi асабiстую справу пiсьменнiка (фонд 536, вопiс 2, справа 97). Аналiз дакументаў гэтай справы дазваляе ўдакладнiць шматлiкiя факты з жыцця пiсьменнiка.

У першую чаргу становiцца вядомай дакладная дата пачатку яго працы ў Горках – 1 лютага 1926 года, а таксама тое, што ён быў накiраваны ў акадэмiю пастановай Наркамасветы БССР ад 25 студзеня 1926 года.

Да 2012 года на тэрыторыi Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii захоўваўся дом, дзе жыла сям'я Гарэцкiх.

Яго дачка Галiна ўспамiнала: "Наш драўляны дом, двухпавярховы, жаўтаваты, стаяў каля хiмiчнага корпуса акадэмii, блiжэй к дарозе, за якой спускаўся луг да рэчкi... За рэчкай – дэндралагiчны парк. Сюды тата хадзiў з дзецьмi. Гаманiў, паказваў што цiкавае, частавалiся кiсленькай заячай капустай... У трохпакаёвай кватэры нашай заўсёды, як i ў Мiнску, гасцяваў хто-небудзь з раднi. Прыязджалi з Малой Багацькаўкi, Слаўнага. Бацька дапамагаў усiм, чым мог. Пасылаў у Малую Багацькаўку грошы бацькам, братам: на пабудову хаты, на куплю каня, малатарнi, хатнiх рэчаў i iншыя справы... "

Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Галінай і Леанідам. 1930 г. Фота: Вікіпедыя.

У красавiку таго ж года ў асабiстую справу пісьменніка лягло пасведчанне ад 9 красавiка 1926 г., якое было выдадзена рэктарам Камунiстычнага ўнiверсiтэта Беларусi Гельтманам, дзе адзначалася, што Гарэцкi М. I. сапраўды працаваў у Вышэйшай партыйнай школе, а потым у Камуністычным універсітэце Беларусі імя У. І. Леніна ў якасці кіраўніка прадмета беларускай мовы і літаратуры тэрмінам з 1 кастрычніка 1924 года па 1 лютага 1926 г. Рукой Максiма Iванавiча на пасведчаннi напiсана, што iншых дакументаў ён не мае. Унiзе подпiс: "сапраўдны член Інстытута Беларускай культуры". Вялiкую цiкавасць уяўляюць некалькi анкет i апытальных лiстоў, якiя запаўняў М. Гарэцкi i якiя захоўваюцца ў асабiстай справе. Так, адказваючы на пытанне "адукацыя", Гарэцкi пiша: "Каморнiцка-агранамічнае вучылiшча ў Горках, самаадукацыя i Вiленскi унiверсiтэт (толькi слухаў лекцыi)".

Адказваючы на пытанне "прафесiя", ён пiша ў адной анкеце "настаўнiк", у другой – "гiсторыя беларускай лiтаратуры". Рукой М. Гарэцкага састаўлена кароткае апiсанне жыцця за апошнiя 15 гадоў: да 1913 – вучыўся; 1913-1914 гг. – каморнiк на Вiленшчыне; 1914-1917 гг. – на вайне; 1918-1919 гг. – працаваў у савецкiх газетах; 1919-1923 гг. – настаўнiк у Вiленскай беларускай гiмназii; 1923-1925 гг. – настаўнiчаў ў Мiнску (рабфак, камвуз). З анкет таксама бачна, што ён быў прыцягнуты да суда ў 1922 г. у Вiльні польскiмi ўладамi "...за редактирование газеты "Белорусские ведомости" и коммунизм".

Навуковую цiкавасць уяўляе спiс яго прац. Вядомы ў той час пiсьменнiк, аўтар многiх кнiг, Максiм Iванавiч быў вельмi сцiплым. Так, на анкеце, дзе напiсана "навуковыя працы", рукой Гарэцкага дабаўлена "папулярныя".

З дакументаў i апытальных лiстоў таксама вiдаць, што ён свабодна валодаў польскай мовай, а ў армiю пайшоў 1 лiпеня 1914 года i служыў малодшым феерверкерам у артылерыi, удзельнiчаў у баях i быў цяжка паранены. Прымаў удзел у з'ездзе настаўнiкаў беларускiх сярэднiх школ у Вiльнi ў 1922 годзе, дзе быў прадстаўніком ад Віленскай беларускай гімназіі.

"З пачуццём вялiкага задавальнення даведалiся мы, што лекцыi па беларускай лiтаратуры на нашым курсе будзе чытаць вядомы беларускi пiсьменнiк Максiм Гарэцкi"

У 1973 годзе, калі святкавалі 80-годдзе з дня нараджэння М. Гарэцкага, Юрый Гаўрук падзяліўся ўспамінамі аб сумеснай працы (яны былі запісаныя на магнітафонную стужку), а потым надрукаваныя ў кнізе "Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы". У іх Ю. Гаўрук расказваў, як працаваў разам з Гарэцкiм на адной кафедры: "Што да заняткаў у акадэміі, то яны размяркоўваліся ў нас так. Тры дні на тыдзень працаваў Максім Іванавіч і тры дні – я. Так што ў нас выходзіла дзён па чатыры выхадных. Гарэцкі вельмі любіў выкладаць мову. А прынцып выкладання ў нас быў такі. Тэарэтычныя ўступы, тлумачэнні, азнаямленне з катэгорыямі, правіламі беларускай граматыкі.

Практыка зводзілася да наступнага. У той час выходзіла вельмі многа сельскагаспадарчых брашур па самых розных пытаннях земляробства, жывёлагадоўлі. Усе яны ў значнай колькасці траплялі ў сельгасакадэмію.

Студэнты перакладалі гэтыя брашуры з рускай мовы і тым самым засвойвалі тэрміналогію і набывалі практыку перадачы думак па-беларуску. Мы кантралявалі гэты пераклад, памылкі перакладу аналізавалі ў аўдыторыі".

І яшчэ: "Было ў Максіма Іванавіча чалавечае абаянне, такое своеасаблівае. Можа, гэта не кожны заўважаў, але, хто бліжэй быў да яго, той не мог не заўважыць. Гэта выяўлялася і ў рэдкаснай адданасці справе. Яна і накладала адбітак на яго аблічча, усю яго челавечую асобу. Я задумаўся, якая рыса Максіма Іванавіча галоўная, што яго трымала ў жыцці.

Яго падтрымлівала незвычайная вернасць, адданасць літаратуры, навуцы, народу свайму беларускаму.

Я мала ведаў людзей, якiя б так любiлi сваю справу, так аддавалiся ёй усёй душой. Ён стараўся сабраць i песнi, i казкi, i народную лексiку. Стварыць зборнiкi, слоўнiкi, падручнiкi. Ён вельмi старанна ўсё вывучаў i iмкнуўся зрабiць здабыткам мас. Усё, што рабiў, рабiў грунтоўна, укладваючы душу".

Міхась Ганчарык (1899–1986) працаваў у акадэміі і нават адзін час жыў у той кватэры, якая празначалася для сям'і Гарэцкіх. Ён успамінаў, што М. Гарэцкі не толькі вучыў студэнтаў, але і сам вучыўся ў іх. "Тут, працуючы ў пастаянным атачэнні студэнтаў з розных раёнаў усходняй часткі Беларусі і суседніх раёнаў РСФСР, – успамінаў ён, – Максім Іванавіч прагна лавіў і занатоўваў кожнае новае для яго слова. Цікавы выраз, трапны зварот. Ён надаваў вялікае значэнне захаванню і развіццю беларускай мовы, часта падкрэсліваў неабходнасць шырокай разгорнутай працы ў гэтых напрамках".

Працуючы ў Горках, Максiм Iванавiч падтрымлiваў сяброўскiя адносiны з дырэктарам бiбліятэкi сельскагаспадарчай акадэмii Дзям'янам Новiкавым. Заслужаны дзеяч культуры Беларусi ў 1973 годзе паведамiў аўтару гэтага артыкула: "...Максiм Гарэцкi часта заходзiў у бiблiятэку. Чытаў газеты i часопiсы, навiнкi лiтаратуры. Шмат кнiг браў з сабой дахаты.

Пры гэтым мяне заўсёды здзiўляла шырата яго далягляду i энцыклапедычнасць ведаў. Папрацаваўшы гадзіну-другую, ён выходзiў на прагулку. Вельмi любiў гуляць па лiпавай алеi, што расла на горцы "Парнас". Аднойчы, гэта было незадоўга да яго камандзiроўкi ў Сiбiр, я сустрэў яго, гуляючы на Парнасе. Мы пачалi размаўляць. Я паведамiў яму аб лiтаратуры па гiсторыi i эканомiцы Сiбiры, што падабралi па яго запыту супрацоўнiкi бiблiятэкi. Ён паведамiў мне аб планах камандзiроўкi.

На развiтанне я спытаў яго, чаму ён выбiрае гэта месца для адпачынку. Усмiхаючыся, Максiм Iванавiч адказаў: "Што ні кажыце, але ж дзе лепей усяго адчувае сябе пiсьменнiк, як не на "Парнасе...".

З вялiкай ахвотай, па майму запрашэнню, прыходзiў ён на лiтаратурныя вечары i канферэнцыi чытачоў, якiя арганiзоўвала бiблiятэка. Цiкава апавядаў аб гiсторыi лiтаратуры, аб творчасцi пiсьменнiкаў, чытаў i свае творы. Асаблiва часта чытаў ён "Тараса на Парнасе", вершы Я. Коласа, Я. Купалы i М. Багдановiча.

Пры гэтым мяне i ўсiх слухачоў здзiўляла тое, што ўсе вершы ён чытаў на памяць".

Акрамя выкладчыкаў, засталіся ўспаміны былых студэтаў акадэміі.

Так, Аляксандр Вечар (1905-1985) успамiнаў: "З пачуццём вялiкага задавальнення даведалiся мы, што лекцыi па беларускай лiтаратуры на нашым курсе будзе чытаць вядомы беларускi пiсьменнiк Максiм Гарэцкi. Некаторыя з нас былi знаёмы з яго творамi.

Лекцыi Максiма Iванавiча вызначалiся глыбокiм зместам, вялiкай эрудыцыяй, народным гумарам, папулярнасцю. Праз некаторы час на яго лекцыi пачалi прыходзiць студэнты з iншых курсаў i факультэтаў. Як нiхто iншы, ён прывiваў нам любоў да беларускай лiтаратуры, якую я пранёс праз усё жыццё...".

І яшчэ яго ўспаміны, якія былі надрукаваны ў кнізе "Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы": "Калі пачаліся заняткі на кафедры беларускай мовы і літаратуры, дык на мяне вялікае ўражанне зрабіла тая мова, на якой гаварылі са мною загадчык кафедры Максім Іванавіч Гарэцкі і зусім тады яшчэ малады дацэнт Юрый Паўлавіч Гаўрук…

Знаёмства з літаратурнай мовай на творах беларускіх пісьменнікаў, а тым больш з самімі пісьменікамі, некалькі раней на вёсцы з Цішкам Гартным, а ў акадэміі з Максімам Гарэцкім, зрабілі на мяне значны ўплыў. Я адчуў важнасць культуры мовы не толькі пры карыстанні рускай мовай, але і той мовай, якая была мне знаёмая з маленства".

У 1930 годзе А. Вечар выдаў зборнік вершаў "Кола дзён", а ў 1977 годзе – другі зборнік "Зварот да слова" і быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Яшчэ адзін з былых студэнтаў, былы прафесар акадэмii Ізраіль Гарфінкель (1900-2005), успамінаў: "Я здаваў М. Гарэцкаму ўступны іспыт, а потым ён выкладаў у нас адзін год беларускую літаратуру. З самага пачатку мяне ўразіла чыстая, жывая беларуская мова, на якой М. Гарэцкі вёў заняткі. Жыхары ў Горках і сяляне навакольных вёсак размаўлялі тады на мясцовай гаворцы – трасянцы – і часта ўжывалі рускія словы. Я наведваў і паседжанні гуртка беларускай культуры, прысутнічаў і на вечарынах, якія наладжвала Горацкая філія "Аршанскага Маладняка". На гэтых мерапрыемствах часта казалі аб ролі і значэнні беларусізацыі вышэйшай школы наогул і акадэміі ў прыватнасці. І значная колькасць выкладчыкаў акадэміі выкладала ў нас свае прадметы на беларускай мове, аб чым сведчыць мая заліковая кніжка. Але я памятаю, што сярод кіраўніцтва акадэміі былі і тыя, хто выступаў супраць гэтага працэсу. Можа, гэта і было прычынай таго, што ў 1928 годзе Максім Іванавіч з'ехаў з Горак, аб чым мы, студэнты, вельмі шкадавалі".

"Таварышы! Мы прыехалi з далёкiх Горак"

Як вядома, у гэтыя гады пры акадэмii актыўна дзейнiчаў лiтаратурны гурток – Горацкая фiлiя "Аршанскага Маладняка". М. Гарэцкi дзейна дапамагаў лiтаратурнай моладзi, асаблiва ў выданнi зборнiкаў "Аршанскага Маладняка", якiя друкавалiся ў акадэмiчнай друкарні.

М. Ганчарык успамінаў, што М. Гарэцкі афiцыйна не ўваходзiў у Горацкую студыю "Аршанскага Маладняка", аднак "…аказваў заўсёды добразычлiвую i аўтарытэтную дапамогу "маладнякоўцам" фiлii. Цi гэта былi прыватныя звароты да яго па парады i да паасобных сябраў маладнякоўцаў, цi гэта была дапамога шырокай грамадскай працы фiлii, Максім Іванавіч заўсёды з вялікай прыемнасцю ішоў на дапамогу нам. Асаблiва быў карысным яго ўдзел у лiтаратурных вечарах, якiя наладжвалiся маладнякоўцамi, цi пры калектыўных разглядах творчасцi паасобных сяброў фiлii".

У Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (ДАМЛіМ Беларусі) знаходзяцца пратаколы Горацкай студыі. І з пратаколу пасяджэння ад 25 снежня 1926 года бачна, што М. Гарэцкi прымаў удзел у абмеркаваннi даклада Ю. Гаўрука "Аб стылiстыцы". I разам з студэнтамі М. Ганчарыкам i У. Прыбыткоўскiм яны адзначылi, што ў дакладзе не зусiм яскрава было асветлена пытанне.

З гэтага можна зрабіць выснову, што пытанні абмяркоўваліся вельмі сур'ёзна і дакладчыкаў, а таксама творы, якiя абмяркоўвалi, крытыкавалі, не зважаючы на аўтарытэты i тое, хто выкладчык, а хто студэнт.

Вядома, што М. Гарэцкi пiльна сачыў за творчасцю сяброў Горацкай філіi. У яго кнiзе "Маладняк" за пяць гадоў. 1923-1928" ён аналізуе і разглядае творы некаторых горацкіх "маладнякоўцаў". У гэтай кнiзе ёсць "Бiяграфiчна-крытычны слоўнiк сучасных выдатных i тыповых "маладнякоўцаў". Там ён дае кароткiя бiяграфii А. Вечара, В. Каваля i Ю. Гаўрука.

Максім Гарэцкі. 1937 г.

Алесь Вечар успамінаў: "Гэта была першая нататка пра мяне як літаратара. Я, вядома, быў вельмі рад, што на мяне звярнулі ўвагу, але не скажу, што такая нататка мне спадабалася. Як многія пачынаючыя паэты таго часу, я вельмі цаніў вонкавую форму твора, крыху пераймаў Маякоўскага ды іншых. А ў нататцы гаварылася, што ў маіх творах можна заўважыць імкненне да класіцызму.

На самай справе яно так і было, але ў той час я яшчэ не ведаў галоўнай функцыі слова – несці інфармацыю" .

Надзеi, якiя М. Гарэцкi ўскладаў на некаторых маладнякоўцаў, з цягам часу спраўдзiлiся: з iх выраслi добрыя пiсьменнiкi. На жаль, асноўная частка з iх загiнула ў час таталiтарнага рэжыму.

Цiкава, што М. Гарэцкi быў не супраць разгляду і свaiх твораў. Вiдаць, яму было цiкава чуць водгукi маладых сяброў. I, калi выйшла з друку яго кнiга "На імперыялiстычнай вайне", сябру філіі А. Вечару 2 студзеня 1926 года было даручана зрабiць яе крытычны агляд.

Афiцыйна не ўваходзiла ў Горацкую філію "Аршанскага Маладняка" i яго жонка Леаніла Чарняўская. Аднак, як успамiналі М. Ганчарык i А. Вечар, яна часта прыходзiла на пасяджэннi разам з М. Гарэцкiм.

Вiдаць, публiкацыi ў часопiсе "Маладняк" далi М. Мушынскаму падставу залiчыць яе ў сябры "Маладняка".

М. Гарэцкі не толькі браў удзел у некаторых пасяджэннях горацкай філіі "Аршанскага Маладняка", але і друкаваў некаторыя свае творы ў гэтым моладзевым выданні. Так, у альманаху № 7 ён надрукаваў за подпiсам М. Г. абразок "Хоцiмка" i апрацоўку народнай казкi "Чаму ходзяць па месяцу", а таксама артыкул "Бядуля пасля Кастрычнiка. Гiсторыка-лiтаратурныя нататкi".

Для збору матэрыялу для "Камароўскай хронікі" і каб прасачыць жыццёвыя шляхі некаторых сваіх герояў, ён у час летняга адпачынку ў 1926 годзе здзейсніў паездку ў Сібір і на Далёкі Усход. Рэктаратам акадэмii яму 24 чэрвеня 1926 года выдаецца пасведчанне. У iм указаны маршрут навуковай экспедыцыi: Горкi – Масква – Томск – Благавешчанск i назад. Выказвалася просьба: "Да ўсіх устаноў і таварышаў аказваць т. Гарэцкаму ўсялякую дапамогу".

Па выніках гэтай экспедыцыі М. Гарэцкі напісаў некалькі абразкоў. Пры жыцці аўтара з цыклу "Сібірскія абразкі" было надрукавана каля 10 апавяданняў.

Па заявах, якiя знаходзяцца ў асабiстай справе, вiдаць, што ў кастрычнiку 1926 года ён ездзiў на лiтаратурную канферэнцыю, арганiзаваную Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэтам, а з 5 па 12 чэрвеня 1927 года – у камандзiроўку ў Маскву.

У кастрычнiку 1927 г. Максiм Iванавiч ад iмя навуковых работнiкаў сельскагаспадарчай акадэмii вiтаў XI з'езд Камунiстычнай партыi Беларусi. У стэнаграфiчнай справаздачы "XI з'езд Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi 22–29 лiстапада 1927 года" мы знаходзiм яго выступленне.

"Таварышы! – пачынае ён сваю прамову, – Мы прыехалi з далёкiх Горак, каб далучыць да прывiтанняў, якiя тут былi ад прадстаўнiкоў беларускiх рабочых i сялян, i свой голас навуковых працаўнiкоў Беларусi". Далей ён расказаў з'езду аб працы, якая праводзiцца ў акадэмii па вывучэннi беларускай літаратуры i мовы, па беларусізацыі навучальнага працэссу.

У горацкі перыяд жыцця М. Гарэцкі і яго жонка Л. Чарняўская падтрымлівалі добрыя сувязі з Я. Коласам, які 24 красавiка 1927 года прыязджаў у Горкі. Да гэтага прыезду адносяцца два лiсты, якія ён прыслаў сюды. Яны былi адрасаваныя Леанiле Чарняўскай.

Другі горацкi перыяд жыцця быў вельмi плённым для Максiма Гарэцкага як для пiсьменнiка і вучонага. У 1926 годзе былі надрукаваны кнігі "Гісторыя беларускае літаратуры" (выд. 4-е, пераробленае), "Практычны расійска-беларускі слоўнік" (сааўт. М. Байкоў, 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае), аповесці "У чым яго крыўда?", "Ціхія песні", кніга "На імперыялістычнай вайне", апавяданне "Панская сучка".

У 1927 годзе: кароткі жалобны абразок "Атрута", у "Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры" (Вільня, 1927) урыўкі з аповесці "Дзве душы", артыкулы "Жыццё Максіма Багдановіча", "Смаленск – Мінск – Вільня", "Творчасць Я. Нёманскага", "Творчасць Міхася Чарота", "Пэўны гвалт (У справе творчасці М. Грамыкі)".

У 1928 годзе: абразкі "Кіслы ключ", "Фельчар Плакун", "Агні", "Пабожны мешчанін", "Малы рызыкант", "Не адной веры", артыкулы "Беларуская літаратура пасля "Нашай нівы" (Агульны агляд)", "Білоруска література" (на ўкраінскай мове), "Колькі слоў аб творах і мове М. Лынькова".

Ён надрукава і кнігу "На імперыялістычнай вайне", якая, на погляд многіх літаратуразнаўцаў, з'яўляецца аўтабіяграфічнай. Вядома, што ён пісаў, перапісваў і паляпшаў яе ў 1914–1915, 1919–1920, 1925–1926 гг. Па сутнасці, гэта была першая мастацкая кніга аб Першай сусветнай вайне, бо раман Э.-М. Рэмарка "На Западном фронте без перемен" і Эрнеста Хемінгуэя "Прощай, оружие!" з'явіліся толькі ў 1929-м, а кніга М. Гарэцкага на цэлыя тры гады раней – у 1926 г. Наватарскае значэнне кнігі і ў тым, што гэта першая кніга беларускай мастацкай дакументалістыкі.

У 1928 годзе М. Гарэцкі напісаў заяву на імя рэктара акадэміі: "Прашу зволіць мяне ад працы ў акадэміі з 1 верасня гэтага году. У свой час я даваў згоду Наркамасветы на працу ў акадэміі ў працягу 2/1/2 гадоў, і тэрмін гэты цяпер скончыўся. Лічу, што выкладанне беларусізацыі ў акадэміі знаходзіцца ў такім стане, што ў 1928-1929 вучэбным годзе гэту працу могуць весці т.т. Гаўрук і Мядзёлка". Заява была выслухана на пасяджэннi праўлення акадэмii і была задаволена.

З 1 верасня 1928 года М. Гарэцкі жыве ў Мінску, дзе ён лічыў, што будзе мець большыя магчымасцi для лiтаратурнай і навуковай творчасцi.

На жаль, у Мiнску ён быў арыштаваны 10 красавіка 1931 г. i рашэннем калегіі АДПУ вынесены несудовы прыгавор па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Па iм Гарэцкага асудзілі да 5 гадоў высылкі ў Вятку. Другi раз быў арыштаваны ў ноч з 3 на 4 лістапада 1937 года. 5 студзеня 1938 года адбылося пасяджэнне "тройкі", на якім Максім Гарэцкі прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны 10 лютага 1938 года. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года.

Абаронена 14 доктарскіх і кандыдатскіх дысертацый, якія прысвечаныя аналізу розных аспектаў творчасці Максіма Гарэцкага

У 1960 годзе пачалі друкаваць яго творы. Так была надрукавана кніга "Выбранае", а ў 1965 годзе "Віленскія камунары. Раман-хроніка". У 1973 годзе – "Мутэрка" і да 80-годдзя "Выбраныя творы" ў 2-х тамах.

Да 90-годдзя з дня нараджэння М. Гарэцкага чытач змог пазнаёміцца са зборам твораў у 4-х тамах, якія выйшлі ў 1984-1986 гг.

У 1984 годзе выйшла кніга "Максім Гарэцкі. Успаміны. Артыкулы. Дакументы", куды, акрамя ўспамінаў сучаснікаў, увайшлі артыкулы пра М. Гарэцкага.

У 1994 годзе чытачы атрымалі добры падарунак, бо выйшла рэпрынтнае выданне М. Гарэцкага "Рунь", у 1997 годзе – "Віленскія камунары: Раман-хроніка"; "Камароўская хроніка".

Толькі ў апошнія гады выйшлі: "Публіцыстыка, 1918-1919 гг.": [Матерыялы, надрук. у савец. газ. Смаленска, Менска і Вільні] – Мінск, 2000, "Прысады жыцця": апавяданні, аповесці. – Мінск, 2003, "Дзве душы": аповесць. – Мінск, 2006, "Выбраныя творы". – Мінск, 2009, "На імперыялістычнай вайне: запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы" – Мінск, 2014, "Творы" (у серыі "Залатая калекцыя беларускай літаратуры ў 50 тамах"). – Мінск, 2016.

М. Гарэцкі вярнуўся і да рускага чытача. У перакладзе на рускую мову ў 1966 годзе былі ў Маскве надрукаваны "Виленские коммунисты" і аповесць "Тихое течение". Праз дзесяць гадоў, у 1976 годзе, выйшлі выбраныя "Красные розы", у 1988 годзе – "Избранное" – повести, роман-хроника, у 1992 годзе – "Две души", у 2014 годзе – "Панская сучка" – повести; рассказы "Весна"; "Русский", "Родные корни".

Творы М. Гарэцкага былі надрукаваныя таксама ва Украіне, Літве, ЗША, Польшчы, Германіі і Балгарыі.

У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм'ера спектакля "Дзве душы" паводле аповесці Максіма Гарэцкага (пастаноўка Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з'яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка).

Актыўна вывучаецца творчасць пісьменніка. На сённяшні дзень абаронена 14 доктарскіх і кандыдатскіх дысертацый, якія прысвечаныя аналізу розных аспектаў творчасці М. Гарэцкага.

Зараз імя М. Гарэцкага вядома ва ўсім свеце. Так, у 1993 годзе 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка было адзначана ў рамках ЮНЭСКА (Арганізацыі ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры). У гонар яго стагоддзя беларуская пошта ў 1993 выпусціла ў абарачэнне паштовую марку.

У Мінску яго імем названа вуліца. У яго гонар устаноўлены помнік у Мінску, на вуліцы Рэвалюцыйнай, і памятная дошка.

М. Гарэцкаму пастаўлены мемарыяльныя дошкі ў Вільні, на будынку былой Віленскай беларускай гімназіі, і ў горадзе Кіраве (Расія), на будынку былой Пясочанскай сярэдняй школы №1, а ў Вязьме на меркаваным месцы пахавання ўсталяваны памятны знак.

У Горках яго імя носяць вуліца і раённая бібліятэка. У Беларускай дзяржаўнай сельска-гаспадарчай акадэміі ў 1993 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка на чацвёртым корпусе акадэміі, там жа ў 1997 годзе адкрыты мемарыяльны музей-кабінет імя М. Гарэцкага, яго імем названа лекцыйная аўдыторыя, што знаходзіцца ў гэтым корпусе.

Мемарыяльная дошка Максіма Гарэцкага на чацвёртым корпусе БДСГА.

У 2002 годзе была ўстаноўлена імянная стыпендыя імя Максіма Гарэцкага. Яна прысуджаецца замежным студэнтам за поспехі пры вывучэнні мовы.

У Мсціславе яго імем названа вуліца, а ў вёсцы Багацькаўцы створаны музей імя Гарэцкага.

Яго імя напісана на летапісным камяні каля в. Мясата (62-і км шашы Мінск – Маладзечна), устаноўленым у гонар вядомых людзей, якія праязджалі па гэтым старадаўнім тракце.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email