Унікальныя артэфакты знайшлі ва Ушацкім раёне на беразе возера Чарсцвяды археолагі падчас навуковай экспедыцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тут у XII стагоддзі месцілася загарадная рэзідэнцкая полацкіх князёў. Гэту тэрыторыю навукоўцы вывучаюць ужо трэці год.
Што патрапілася даследчыкам на гэты раз? Па-першае, пломба-пячатка, якая лічыцца рэдкім асобнікам. Па-другое, частка дзіцячай керамічнай свістулькі з выявай купала храма. Археолагі дапускаюць, што гэтая цацка магла належаць маленькай Еўфрасінні Полацкай, а яшчэ тут магла стаяць царква са стандартнымі авальнымі купаламі. Вядома, гэта толькі версія.
Раней тут ужо знаходзілі сярэднявечную кераміку, фрагменты візантыйскіх амфар, ключа, гіру для ўзважвання манет, а таксама кніжную зашпільку, а кнігі ў XII стагоддзі былі толькі ў Полацку, іх перапісваннем займалася сама святая Еўфрасіння.