Адкуль паходзіць ваша імя або прозвішча? Як правільна пісаць і вымаўляць тое ці іншае беларускае слова? На гэтыя ды іншыя пытанні адкажа "Моўная даведка". Анлайн-сэрвіс запусцілі спецыялісты Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук.
Зараз там у свабодным доступе размешчаны Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, а таксама карысныя слоўнікі і даведнікі.
"Моўная даведка" прымае пытанні на адрас: [email protected], якія датычацца:
- правапісу,
- вымаўлення,
- значэння і ўжывання слоў і выразаў.
"Таксама мы можам адказаць на пытанні пра гісторыю беларускай мовы, народныя гаворкі, этымалогію, лінгвістычныя выданні", – гаворыцца на сайце.
Адказы даюцца бясплатна.
На сайце размяшчаюцца пытанні, адказы на якія могуць быць карысныя шырокаму колу чытачоў (гэта значыць публікуецца не кожнае зададзенае пытанне). Каб паскорыць працэс атрымання адказу, варта спачатку прагледзець папярэднія даведкі: у іх можа быць тое, што вы шукаеце. Для гэтага трэба карыстацца навігацыяй па катэгорыях і тэгах.
"Сярод нашых задач – павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыя выданняў", – тлумачаць спецыялісты Інстытут мовазнаўства.