14 лістапада па народным календары імяніны ў Адрыяна, Аляксандра, Давіда, Дзяніса, Змітра, Івана, Кузьмы, Лізаветы, Пятра, Сяргея, Ульяны, Хведара, Якуба. Кузьма-Дзям'ян, Кузьмінкі – свята шаўцоў і кавалёў, свята дзявоцтва, курыныя імяніны. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям'яна, якія змагаліся са змеем. У некаторых раёнах на Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы: "Кузьмінкі – пра восень адны памінкі". Абавязкова ў гэты дзень на абед гатавалі курыцу, казалі так: "На Кузму-Дзям'яна курыцу на стол".
Былі такія прыкметы: калі гэты дзень цёплы, то зіма будзе мяккай; калі на некаторых дрэвах яшчэ засталося лісце, то зіма будзе зацяжной; калі на лужынах і азёрах ужо лёд, то цёплых дзён у лістападзе ўжо не будзе.