суб, 23.11.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Акадэмічную бібліятэку разрабавалі, кнігі спалілі, але ён адрадзіў гэта месца з попелу

18.10.2021 – 17:20 | 608

Вясна 1945 года. Чырвоная Армія, гераічна пераадольваючы супраціўленне фашыстаў, дабівала ворага ў ягоным логаве. Блізкасць перамогі радавала нашых салдат і афіцэраў. Радаваўся і маёр Чырвонай Арміі Дзям'ян Раманавіч Новікаў. Але радасць гэтая была азмрочана весткай, атрыманай з вызваленых Горак. Яго любімае тварэнне – акадэмічная бібліятэка – спалена і разрабавана.

Пра гэты перыяд жыцця Новікава балгарскі паэт Стэфан Пантонеў у вершы "Бібліятэкар" напісаў:

Дывізіі і арміі, франты ступалі

На Захад – на Берлін,

                   ішлі ў Дзявяты май...

А бібліятэкар радавы згубіў пакой і сон.

Шукаў сляды палоненай бібліятэкі,

Яму даручанай Саветам навуковым

Той

сур'ёзнай акадэміі,

Што дбала пра засекі...

Адлічаў грошы незабяспечаным навучэнцам

...У грозным 1919 годзе, у самы разгар грамадзянскай вайны, калі быў адноўлены Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, Дзям'яна Новікава зацвердзілі дырэктарам бібліятэкі нашай ВНУ.

Дырэктар бібліятэкі! Ці марыў пра гэта ягоны бацька, бедны селянін з вёскі Шапялёўка Горацкага павета, калі 18 кастрычніка 1886 года нарадзіўся ў яго сын Дзям'ян?

У 1913 годзе ён паступіў у Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Яго аднакурснік Г.С.Паўлаў пазней пісаў: "Памятаю, што Дзям'ян Раманавіч менш за ўсіх выдзяляўся ў класе. Гэта быў у вышэйшай ступені сціплы, сарамлівы, уважлівы, вельмі працалюбівы, добры сялянскі юнак з прыемнай усмешкай на твары. Ён адразу заваяваў прыхільнасць усяго класа і дружалюбныя адносіны да сябе".

Нягледзячы на тое, што яму даводзілася ў вольны час працаваць у Горацкай павятовай воінскай установе, каб зарабіць грошы на вучобу, адзнакі меў добрыя, шмат чытаў. Пад яго кіраўніцтвам арганізоўваецца гурток па самаадукацыі імя М.А.Рубакіна – вядомага рускага кнігазнаўцы, бібліёграфа і пісьменніка. Ён нават напісаў Мікалаю Аляксандравічу ліст у Швейцарыю, у якім прасіў аказаць дапамогу ў самаадукацыі. Неўзабаве прыйшоў адказ і літаратура. Адміністрацыя каморніцка-агранамічнага вучылішча з падазронасцю аднеслася да гуртка, спрабавала спыніць яго дзейнасць.

У музеі гісторыі сельскагаспадарчай акадэміі захоўваецца калектыўны ліст былых навучэнцаў М.Лайкова, А.Мядзведзева, М.Ганчарыка, Е.Успенскага і М.Кавалёва, дасланы да 60-гадовага юбілею Дз.Р.Новікава. У ім яны напісалі: "Заўсёды ты быў чулым таварышам і дапамагаў сябрам маральна і матэрыяльна. Жывучы сам на ўласны заробак, ты ніколі не адмаўляўся адлічыць грошы ў патаемную касу ўзаемадапамогі незабяспечаным навучэнцам...

З гадоў навучання і да гэтага часу ты любіў і шанаваў кнігу і сваёй дзейнасцю і прыкладам прывучаў да гэтага і нас, і ўсіх студэнтаў".

Пасля заканчэння вучылішча перад Дзям'янам Раманавічам не паўстала пытанне пошуку працы, свайго месца ў жыцці. Пастановай Малога Савета сельскагаспадарчага інстытута ён быў абраны дырэктарам бібліятэкі. Здзейснілася яго запаветная мара – займацца любімай справай.

Арганізаваў кнігаабмен з буйнейшымі бібліятэкамі краіны

Што ўяўляла сабой інстытуцкая бібліятэка, якую ўзначаліў Новікаў? З архіўных матэрыялаў вядома, што ў 1919 годзе ў ёй налічвалася ўсяго 10 850 кніг, якія засталіся ад бібліятэкі Горацкіх сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Дзям'ян Новікаў шмат сіл і энэргіі аддаў камплектаванню кніжнага фонду, збіраў па кроплях найбольш каштоўныя і рэдкія выданні. Арганізаваў бясплатны кнігаабмен з буйнейшымі бібліятэкамі краіны, а таксама дамогся, каб абавязковы асобнік выдадзеных кніг трапляў у нашу бібліятэку.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка ў сваіх фондах налічвала 650 тысяч кніг!

Выпускнік Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, былы прафесар Ленінградскай ветэрынарнай акадэміі А.М.Вінер пісаў пра пачатак працы Новікава на пасадзе дырэктара бібліятэкі: "Такіх знаўцаў бібліятэчнай справы мне сустракалася няшмат. Ён ведаў і любіў кнігу – і надаваў ёй выключна важнае значэнне ў жыцці чалавека".

Напісаў дысертацыю па кветкаводстве

У першыя гады існавання сельскагаспадарчага інстытута выдаваўся студэнцкі часопіс "Голос революционного студенчества". У ім дырэктар Новікаў пісаў: "Перш за ўсё, асноўная мэта самаадукацыі зрабіцца чалавекам адукаваным у самым шырокім сэнсе гэтага слова". Імкненне стаць адукаваным чалавекам прывяло яго на агранамічны факультэт, які ён скончыў у 1930 годзе завочна, не адрываючыся ад сваёй улюбёнай справы.

Пасля заканчэння інстытута Дз.Р.Новікаў працуе выкладчыкам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі па сумясшчальніцтве. Чытае курсы: "Навуковая арганізацыя працы і работа з кнігай", "Азеляненне населеных пунктаў", "Дэкаратыўнае садаводства". На грамадскіх пачатках кіруе паркавай гаспадаркай акадэміі.

У перадваенныя гады Дзям'ян Раманавіч сустракаўся з Я.Коласам, Я.Купалам, М.Гарэцкім.

Апошняя сустрэча Новікава і Купалы адбылася 30 чэрвеня 1941 года, калі паэт заехаў у Горкі па дарозе са сваёй дачы ў Ляўках у час эвакуацыі на Усход.

У 1940 годзе акадэмія адзначала сваё стагоддзе. Група выкладчыкаў і супрацоўнікаў атрымала дзяржаўныя ўзнагароды. У музеі гісторыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі захоўваецца здымак узнагароджаных побач з М.І.Калініным. Сярод іх мы бачым і Дзям'яна Раманавіча Новікава, якому ўручылі медаль "За працоўную адзнаку".

Акрылены, вяртаўся ён з Масквы. Напісана дысертацыя па кветкаводстве, засталося толькі аформіць яе для абароны. Але пачалася вайна…

На вайне прайшоў ад Калугі да Берліна

4 ліпеня 1941 года Дзям'ян Раманавіч Новікаў пайшоў на фронт. Спачатку быў камандзірам будаўнічага батальёна, затым у 1942 годзе здольнага афіцэра паслалі на вышэйшыя інтэнданцкія курсы Уральскай ваеннай акругі, якія ён скончыў з адзнакай.

3 сакавіка 1943 года – зноў на фронце. Прызначаны намеснікам камандзіра зенітна-артылерыйскага палка па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Разам з палком прайшоў шлях ад Калугі да Берліна, удзельнічаў у баях на розных франтах, таму што полк уваходзіў у дывізію рэзерва Вярхоўнага Галоўнага каманадвання Чырвонай Арміі.

У чэрвені 1944 года сэрца ўзрадавалася, калі пачуў Новікаў, што вызвалілі Горкі. У архіве Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея захоўваецца нумар газеты "Чырвоная зорка" ад 22 чэрвеня 1944 года, дзе змешчана карта. На ёй чырвоным алоўкам Дзям'ян Раманавіч адзначаў вызваленыя раёны роднай Беларусі.

Нацысты вывезлі з Горак найбольш каштоўныя кнігі, астатнія спалілі

Горкім болем адгукнулася ў ягонай душы вестка пра тое, што бібліятэку ў Горках эвакуіраваць не ўдалося. Адтуль яму паведамілі, што ў 1941 годзе прыехаў нямецкі прафесар, адабраў самыя каштоўныя кнігі, а ўсе астатнія загадаў спаліць. Гарэлі яны тры дні і тры ночы – не хацелі ператварацца ў попел. Скураныя пераплёты, нацягнутыя на дубовыя дошкі тлелі, дыміліся. Зляжалыя за стагоддзі сшыткі толькі абсмальваліся, скручваліся. Тады іх сталі паліваць бензінам, а будынак бібліятэкі ўзарвалі.

Адабраныя нямецкім прафесарам кнігі склалі ў абабітыя белай бляхай вялікія скрыні з надпісам "Уласнасць Рэйха". Так кнігі сталі палоннымі.

Калі Дзям'ян Раманавіч даведаўся пра гэта, то пачаў шукаць сляды вывезеных фашыстамі кніг. Напісаў у некалькі франтавых газет. І кнігі пачалі знаходзіцца. У адрас акадэмічнай бібліятэкі пачалі паступаць лісты і бандэролі: "Пасылаем чатыры пасылкі з вашымі кнігамі, знойдзенымі ў Заходняй Прусіі 8 лютага 1945 года", – пісалі байцы і афіцэры часці пад камандаваннем палкоўніка В.А.Гусева.

З матэрыялаў архіва Магілёўскай вобласці вядома, што ў 1944-1945 гадах з воінскіх злучэнняў паступіла 120 бандэролей і пасылак, дзе было болей за адну тысячу кніг.

Калі полк, у якім ваяваў Дз.Р.Новікаў, змагаўся на нямецкай зямлі, яму паведамілі, што ў падвале аднаго буйнога маёнтка знайшлі шмат скрыняў з кнігамі і іншымі каштоўнасцямі, вывезенымі фашыстамі з Беларусі. Новікаў, хвалюючыся, раскрыў адну з іх і дастаў кнігу. Знаёмы штамп "Бібліятэка Беларускага сельскагаспадарчага інстытута". Узяў яшчэ адну, потым яшчэ – усе кнігі былі з ягонай бібліятэкі. Дзям'ян Раманавіч папрасіў камандаванне, каб каля падвала паставілі варту, а сам напісаў лісты ў ЦК КПБ, Прэзідыум Акадэміі навук БССР і Ваенны Савет Арміі. Праз некалькі дзён кнігі былі перавезены ў Беларусь, а маёр Дз.Р.Новікаў атрымаў падзяку ад Прэзідэнта Акадэміі Навук БССР К.В.Горава. На жаль, са знойдзеных кніг у бібліятэку вярнулася толькі каля 800 тамоў, астатнія размеркавалі ў іншыя бібліятэкі.

У сваіх успамінах Дз.Р.Новікаў пісаў: "Кнігі, як салдаты, пабылі ў палоне, зведалі здзекі, прайшлі скрозь агонь ваенных пажарышчаў і зноў сталі на паліцы бібліятэкі".

9 мая 1945 года маёр Дз.Р.Новікаў сустрэў у Берліне. У яго на грудзях баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, медалі "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берліна", "За перамогу над Германіяй".

У згаданым намі вершы "Бібліятэкар" Стэфан Пантонеў пра гэты перыяд у жыцці Дз.Р.Новікава пісаў:

Труба,

што кніга ў наступ,

                   абвясціла Перамогу.

Дывізіі і арміі,

          франты прайшлі – ўслед

Сцягі і слава ацянялі ім дарогу,

Салютавала ім Масква

                             і апяваў іх свет.

А ён свой рэдкі кнігазбор расшукваў,

а ў ім

выданні даўніны сівой,

а ў ім стварэнні мудрае навукі,

ён іх кранаўся трапяткой рукой.

Пасля Дня Перамогі прайшло больш за год. І толькі ў канцы чэрвеня 1946 года Новікаў вярнуўся ў родныя Горкі.

Адраджаў не толькі бібліятэку, але і мясцовую прыроду

Ветэраны сельскагаспадарчай акадэміі памятаюць, як каля спаленага будынка бібліятэкі стаяў афіцэр і горка плакаў. Тут жа ён даў зарок – аднавіць бібліятэку.

Дзякуючы яго настойлівасці і стараннасці ўжо праз год будынак бібліятэкі быў адноўлены, а ў ім да 7 лістапада 1947 года захоўвалася каля 100 тысяч тамоў. Новікаў на асабістыя сродкі заказваў стэлажы, паліцы, шафы. На працягу некалькіх месяцаў працаваў у Дзяржлітфондзе СССР, адбіраючы неабходныя кнігі. Паслаў сотні лістоў у бібліятэкі розных ВНУ і навуковых устаноў з просьбай падзяліцца з бібліятэкай у Горках.

Прайшло некалькі гадоў, і ў поўнасцю адноўленай бібліятэцы налічвалася каля 500 тысяч кніг.

У час вайны фашысты высеклі дрэвы ў парках і дэндралагічным садзе акадэміі. І Дзям'ян Раманавіч уключыўся ў работу па аднаўленні зялёных пасадак на тэрыторыі нашай ВНУ. З 1 ліпеня 1946 года пачаў чытаць студэнтам курсы лесаводства і дэкаратыўнага садаводства.

Адкуль жа браў час на ўсе гэтыя справы Дзям'ян Раманавіч? Яму дапамагалі вялікая самаарганізаванасць, самадысцыпліна і мэтанакіраванасць. І яшчэ многа гадоў ён не быў у адпачынку. У яго "Асабовай справе" на працягу многіх гадоў падшываліся загады аб пераносе адпачынку.

Стаў арганічнай часткай Горак, іх аднаўлення і росквіту

18 кастрычніка 1956 года Дзям'яну Раманавічу споўнілася 60 гадоў. Шмат віншаванняў прагучала ў юбілейны вечар. А праз месяц ён атрымаў ліст ад свайго сябра па горацкім агранамічна-каморніцкім вучылішчы, акадэміка Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага. Прывядзём яго амаль поўнасцю, таму што гэты дакумент эпохі падводзіць вынікі шматгадовай дзейнасці Дзям'яна Раманавіча на ніве беларускай культуры:

"Дарагі мой дружа, пяшчотны, кволы наш Дзям'ян!

Надзвычай узрадаваў мяне твой ліст ад 28.10.56 г., шчыра табе дзякую. Шкадуем мы з Ларай, што не маглі асабіста быць у Горках на тваім урачыстым віншаванні.

Ты застаўся ў Горках як эмблема нашай яскравай маладосці, чыстых імкненняў, замілавання да найпрыгажэйшага кутка на зямлі – Горы-Горак. Само слова Горы-Горкі было для нас як бы заклікам да поступу наперад, на ўзвышшы, на горы і горкі, да начала светлага, лепшага, але разам з тым і цяжкага, цярністага.

Горы-Горкі – гэта вялікі кавалак гісторыі нашай краіны, сельскагаспадарчай асветы, беларускае культуры, змагання за ўздым сельскае гаспадаркі Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і іншых частак вялікае савецкае зямлі.

Горкі былі некалі аазісам у пустыні сельскагаспадарчай адсталасці. І толькі цяпер яны ўжо не аазіс, а сапраўдны асяродак, вогнішча, штаб сельскагаспадарчага росквіту нашай краіны, родны і блізкі навакольнаму насельніцтву.

Самы люты вораг нашага народу – фашызм не змог зруйнаваць і згасіць асяродак культуры ў Горках. І вось сабраліся верныя сыны пераможца – савецкага народу – і нанова адбудавалі. І ты, наш дарагі Дзям'ян, быў уперадзе ўсіх. Ты нанова збіраў кніжкі – самы вялікі здабытак людское культуры, – і ўсюды садзіў кветкі – сімвал неўміручасці і прыгажосці. Ты стаў арганічнай часткай нашых дарагіх Горак, іх аднаўлення, росквіту.

Усе мы, Твае другі, ганарымся Табой, мілы наш Дзям'ян, Тваёю вернасцю Горкам, вышэйшай сельскагаспадарчай асвеце на Беларусі, найраднейшаму куточку нашага асабістага мінулага.

Ты наш самы першы доктар і прафесар, найлепшы носьбіт сумленнасці, чысціні, адказнасці справе, палкага захаплення сваёю справаю, сапраўднага служэння навуцы і народу.

Мы ўсе будзем шчаслівы вітаць Цябе з урачыстым юбілеем яшчэ многія дзясяткі гадоў. Няхай будзе самым шчаслівым Тваё жыццё і самымі светлымі ўсе Твае будучыя дні, любы Дзем'ян Раманавіч.

А разам з Табой – няхай квітнеюць мілыя Горкі, няхай набываюць усё больш моцы і сталасці. Асабліва ж жадаю нашай дарагой Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, каб навукова-даследчая справа арганічна злучалася ў ёй з навучальным працэсам, каб наша БСГА была асяродкам сельскагаспадарчае навукі на Беларусі..."

Ягонае жыццё было подзвігам вялікага аматара кніг і прыроды

У 1965 годзе сельскагаспадарчая акадэмія адзначала 125-годдзе з дня адкрыцця. Да гэтай знамянальнай даты бібліятэка на чале з Дз.Р.Новікавым мела ўжо больш за 600 тысяч кніг, працавала пяць чытальных залаў на 550 месцаў. За заслугі ў развіцці бібліятэчнай справы Дзям'яну Раманавічу Новікаву прысвоілі ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

А праз год Горкі і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію наведала дэлегацыя пісьменнікаў з Балгарыі. Сярод іх быў і паэт Стэфан Пантонеў. Расказ Дзям'яна Раманавіча пра выратаванне ў гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэцы аказаў на яго моцнае ўражанне. Таму ён напісаў верш "Бібліятэкар", які быў надрукаваны ў кнізе "Беларусь – белая балада", (пераклад на беларускую мову зроблены Р.Барадуліным і В.Нікіфаровічам).

Прайшло некалькі гадоў... Напрыканцы 1975 года Дзям'ян Раманавіч пайшоў на пенсію, а 31 студзеня 1976 года перастала біцца ягонае сэрца. Жыццё гэтага чалавека было яркім прыкладам самаадданасці і высакароднасці, прыкладам самаахвярнага служэння любімай справе.

У 1980 годзе на будынку акадэмічнай бібліятэкі ў гонар Новікава ўстанавілі мемарыяльную дошку. На ёй – барэльеф Дзям'яна Раманавіча, а побач – кнігі і ружы. Зараз акадэмічная бібліятэка носіць імя гэтага рупліўца. Гэты мемарыяльны знак і бібліятэка, названая ў ягоны гонар, будзе вечна нагадваць нашчадкам аб працоўным подзвігу вялікага аматара кніг і прыроды.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email