Традыцыя прыгатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы – дранікаў, бліноў, бабкі – можа атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Адпаведную прапанову разгледзела рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.
Прапанову падтрымалі адзінагалосна. Рашэнне Міністэрства культуры па гэтым пытанні будзе прынята ў бліжэйшы час.
Шырокае распаўсюджванне страў з таркаванай бульбы – асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфармавалася ў канцы ХІХ стагоддзя і захоўваецца да сёння.
У нашай краіне зафіксавана 235 народных рэцэптаў такіх страў.