У пяты раз у Магілёве прайшло свята смачнай ежы і добрага настрою "ДранікФэст". Удзельнікі з'елі паўтоны бліноў з бульбы і затапталі яе ворага – вялізнага каларадскага жука.
Свята традыцыйна праходзіла на этна-хутары "Зялёны гай". Арганізатары падлічылі, што за дзень там пабывала не менш за 10 тысяч чалавек.
Сёлета шэсць каманд спаборнічалі ў прыгатаванні дранікаў. Перамаглі супрацоўнікі кампаніі "Метагарант Сталь". Але асабліва вылучыліся студэнты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання – прыгатавалі цэлую вежу бульбяных бліноў, якія сімвалізавалі розныя краіны свету.
На фэсце ўручылі "Залатую тарку" (цёрку) за самыя смачныя дранікі ва ўстановах Магілёва. Напярэдадні свята іх ацэньвалі таемныя наведнікі. Узнагароду атрымаў рэстаран "Бар XIX век".
Напрыканцы "ДранікФэсту" удзельнікі затапталі муляж каларадскага жука, каб бульба налета ўрадзіла!