9 студзеня па народным календары – Сцяпан. Дзень найму работнікаў у мінулым. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана". У гэты дзень у мінулым заканчваўся тэрмін службы парабкаў. Гаспадар будзіў мужыка словамі: "Уставай! Табе сёння Каляда, а мне бяда". Звычайна ў гэты дзень праходзілі выбары пастуха і складалася з ім дамова, што замацоўвалася агульным сталаваннем.
А яшчэ ў Сцяпанаў дзень з асаблівай павагай ставіліся да коней і паілі іх вадой, у якую клалі срэбны крыж, каб усцерагчы ад нячыстай сілы і дадаць здароўя.