30 кастрычніка ў вёсцы Сава Горацкага раёна ўрачыста адкрыюць мемарыяльную дошку ў гонар нашага земляка пісьменніка Васіля Каваля. Яму прарочылі бліскучую будучыню, але сталінскія рэпрэсіі абарвалі жыццё гэтага творчага чалавека.
З ягонага бацькі зляпілі "ворага народа"
Васіль Каваль нарадзіўся 17 жніўня 1907 года ў вёсцы Сава Горацкага павета. Бацька – Пётр Клiменцьевiч у 1931 годзе быў арыштаваны першы раз i асуджаны на пяць гадоў зняволення за "шкоднiцтва", "развал калгаснага ладу", а ў лiстападзе 1937 года быў расстраляны ў Оршы. Рэабiлiтаваны ў 1989 годзе.
Маці – Ульяна Пiменаўна нарадзiла траiх дзяцей.
Брат Фадзей (1911 года нараджэння) працаваў настаўнiкам у вёсцы Шарыпы i Маслакi Горацкага раёна. У час Вялiкай Айчыннай вайны пайшоў у партызаны. Затым быў прызваны ў Чырвоную Армiю. 25 красавiка 1945 года памёр ад ран i пахаваны недалёка ад горада Пiлаў.
Вершы пачаў пісаць у тэхнікуме
Васіль Каваль вучыўся ў вясковай школе, а пасля – у Шышаўскай другой ступенi i ў Горацкай, дзе скончыў у 1924 годзе восем груп. У 1925 годзе быў залiчаны студэнтам першага курса Магiлёўскага педтэхнiкума. Але хутка пакінуў вучобу, бо захварэла маці.
У тэхнікуме пачаў пісаць вершы і падаў заяву для ўступлення ў магілёўскую філію літаратурнага аб'яднання "Маладняк". Быў прыняты 18 кастрычнiка 1925 года кандыдатам, а неўзабаве ён стаў сябрам.
Вучыўся на курсах пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii
Вiдаць, Каваль адчуваў, што ягоных ведаў для далейшай вучобы недастаткова, таму ў 1925 годзе паступіў на агульнаадукацыйныя курсы пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii.
Не адступаючы ад паэзii, пачаў пiсаць i празаiчныя творы. Спачатку гэта былi кароткiя або разгорнутыя абразкi, лiрычныя замалёўкi, стылiзаваныя пад фальклорныя творы: "Жнiўнае свята", "Маёвым вечарам", "Пра кветку "брат-сястра", "Сярод збожжа", "Як вясну гукалi...", "Iвашка Буй-Вецер" i iншыя. Яна пра вёску, жыцце селянiна i ягоныя вечныя клопаты, пра тыя сацыяльныя змены, што адбылiся пасля Лютаўскай i Кастрычнiцкай рэвалюцый 1917 года.
У Горках пазнаёмiўся з Максiмам Гарэцкiм
Максім Гарэцкі ў кнiзе "Маладняк" за пяць гадоў" прысвяцiў творчасцi Васіля Каваля некалькi старонак. "Хадзiў Васiль Каваль, яшчэ ў сялянскай свiтцы, на зборкi беларускага лiтаратурнага гуртка ў акадэмii i на зборкi тутэйшых маладнякоўцаў".
Удзел у працы Горацкай фiлii Аршанскага "Маладняка" адыграў вялiкую ролю ў станаўленнi Каваля як пiсьменнiка. Успамiнаючы пра гэтыя пасяджэннi, Васіль, як сведчыў Гарэцкi, сказаў: "Быццам свет мне адчынiўся".
Асаблiва удалым было ягонае апавяданне "Як вясну гукалi", надрукаванае ў чэрвенi 1926 года ў газеце "Савецкая Беларусь". Многiя лiтаратуразнаўцы лiчаць гэты твор пачаткам сталай лiтаратурнай працы Васiля Каваля. Гэта апавяданне дало назву першаму зборнiку празаiка i затым перадрукоўвалася ў iншых кнігах гэтага аўтара. Пераводзiлася яно i на iншыя мовы.
Вучоба i праца ў Мiнcку
У лiпенi 1926 года Васiль вырашае працягнуць адукацыю на лiтаратурна-лiнгвiстычным аддзяленнi педфака БДУ. У першы перыяд навучання Каваль актыўна займаўся лiтаратурнай працай. У 1927 годзе яго творы можна было сустрэць у часопiсах "Полымя", "Маладняк", газетах "Звязда", "Савецкая Беларусь", "Чырвоная змена", "Чырвоны сейбiт" i iншых. Выйшла i першая кнiга пiсьменнiка "Як вясну гукалi".
Вядома, што вучыўся Васіль Каваль у БДУ нядоўга. Вясной i летам 1927 года ён працуе сакратаром рэдакцыi "Маладняка". Восенню 1928 года зноў пачаў займацца ва ўнiверсiтэце, але пакiнуў яго ў 1929 годзе "па ўласным жаданні".
У гэты час наш зямляк напiсаў i надрукаваў апавяданнi: "У супрадках", "Нянавiсць", "Крынiца", "Жнiво", артыкулы, казкi i iншыя творы. У 1928 годзе выйшла яго другая кнiга "На загонах. Апавяданнi", якую прыхiльна сустрэла крытыка.
У 1928 годзе В.Каваль быў абраны сябрам Цэнтральнага бюро арганізацыi "Маладняк". У 1929 годзе выйшла чарговая кнiга пiсьменнiка – "Крынiца", у якую ўвайшло некалькi апавяданняў. Сярод іх – "Iлька", дзе наш зямляк апавядае пра жыццё цыган, пра iх iмкненне пакiнуць жыццё на калёсах i пачаць працаваць на зямлi.
Ён перакладаў і яго перакладалі
У 1931 годзе В. Каваля прызываюць на службу ў Чырвоную Армiю. Спачатку ён служыў камандзiрам узвода 4-га стралковага палка ў Полацку. Актыўна супрацоўнiчаў з газетай "Красноармейская правда". Рэдактар газеты А.Г.Самахвалаў дабiўся перавода В.Каваля на сталую працу ў рэдакцыю газеты, якая знаходзiлася ў Смаленску.
Па матэрыялах армейскага жыцця пiсьменнiк стварыў аповесць "Дзень палымнее" i аповесць для дзяцей "Санька-сiгналiст" (выйшла асобнай кнiгай у 1936 годзе).
У час службы ў армii ў дзяржаўным выдавецтве Беларусi выйшлi "Выбраныя творы" пiсьменнiка. Яны былi надрукаваны ў серыi "Беларускiя пiсьменнiкi ў школе", бо творы нашага земляка вывучалi ў школе. У гэты час яго асобныя творы былi перакладзены на рускую, украiнскую i яўрэйскую мовы.
Асобнымi творамi ў 1930-1936 гг. у часопiсах i кнiгамi выйшлi ягоныя пераклады М.Горкага, А.Барбюса, Б.Лаўрынёва, А.Чэхава, В.Боргенса, М.Канапацкай i iншых пiсьменнiкаў.
У пачатку вясны 1933 года Каваль зноў жыве ў Мiнску. Шмат працуе ў розных жанрах. У 1933-1936 гадах друкуецца ў газетах i часопісах.
Яго дачку расцілі чужыя людзі
У 1936 годзе ў Мінску Васіль Каваль пабраўся шлюбам з Палінай Басінкевіч, артысткай Беларускага тэтра юнага гледача. Пасля расстрэлу Каваля, яна ажанілася з Анатолем Сапеткам, які ўдачарыў яе дачку Аліну.
У перыяд нямецкай акупацыі яўрэйка Паліна ў гета не перасялілася. Калі па даносе суседзяў паліцаі і немцы прыйшлі па Паліну, яна схавала дачку пад стол, накрыты доўгім абрусам. Дзяўчынку не знайшлі – яе праз вакно вынес Анатоль Сапетка. Ён забраў дзяўчынку да сваіх бацькоў.
Неўзабаве Сапетку арыштавалі за сувязь з партызанамі. Тады знаёмая сям'і Алена Смольская прапанавала бацьку Сапеткі прывезці дзяўчынку ў Слонім да яе родных. Сюды ж яна прывезла свайго сына і прадставіла дзяўчынку ды хлопчыка блізнятамі.
Пасля вайны Алена Смольская ажанілася з Анатолем Сапеткам, і яны працягвалі выхоўваць Аліну разам. Толькі ў 1957 годзе, калі Васіля Каваля рэабілітавалі, новыя бацькі распавялі дзяўчынцы, хто яе родныя бацька і маці. Аліна атрымала вышэйшую адукацыю і да пенсіі працавала настаўніцай.
У 1998 годзе музей Яд Вашэм з Ізраіля прысвоіў Алене Сапетцы званне Праведніка народаў свету.
Бязвiннага прыгаварылi да расстрэлу
Жыццёвы шлях нашага земляка рэзка змяніўся ў ноч на 2 лiстапада 1936 года.
У пастанове пра арышт запісана, што Васiль Каваль "...з'яўляецца актыўным удзельнiкам контррэвалюцыйнай арганiзацыi, якая ставiла сваёй мэтай адарванне Беларусi ад Савецкага Саюза i ўтварэнне буржуазна-дэмакратычнай рэспублiкi i таму пастанавiў: Каваля Васiля Пятровiча, 1907 г. нараджэння, беларуса, беспартыйнага, з сям'i былога ўраднiка, асуджанага за шкоднiцтва, пiсьменнiка, пражываючага ў Мiнску – падвергнуць вобыску i арышту для прыцягнення да судовай адказнасцi...".
Леанiд Маракоў у Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс №24, справа №411) знайшоў "Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР". У спіс уключаны "ворагі народа" з усяго Савецкага Саюза. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 і падпісаны Сталіным, Молатавым і начальнікам 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі Цэсарскім. У спіс уключаны партыйныя, савецкiя, гаспадарчыя кiраўнiкi, выкладчыкi вышэйшых i сярэднiх навучальных устаноў, пiсьменнiкi i журналiсты. Сярод 103 имён ёсць i імя Васіля Пятровіча Каваля.
28 кастрычнiка 1937 года бязвiннага чалавека прыгаварылi да расстрэлу.
Тры судовыя чыноўнiкi – старшыня пасяджэння i два члены – вырашалi лёс чалавека. Сведкi i сам падсудны не выклiкалiся. У пратаколе пазначана: пасяджэнне пачалося ў 12.00, завяршылася у 12.15. Такiм чынам, усяго за 15 хвiлiн справа была разгледжана i прынята рашэнне прыгаварыць нашага земляка "...да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу з канфiскацыяй маёмасцi. Прыгавор канчатковы i абскарджанню не падлягае i на падставе Пастановы ЦВК СССР ад 1 снежня 1934 года падлягае неадкладнаму выкананню".
Праз 20 гадоў прызналі, што расстрэл быў незаконным
Расстралялi Васiля Каваля 29 кастрычнiка 1937 года. У той жа дзень расстралялі яшчэ дзевяць беларускіх пісьменнікаў: Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Зяму Піваварава i Платона Галавача.
Калi ў хрушчоўскую адлiгу пачалi пераглядаць справы рэпрэсаваных, 24 верасня 1957 года Ваенная калегiя Вярхоўнага суда СССР пастанавiла: "Прыгавор адмянiць i справу аб iм спынiць за адсутнасцю складу злачынства".
Яго лічылі новай выдатнай сілай ў беларускай літаратуры
Таленту нашага земляка многія прарочылi блiскучую будучыню i называлі "паэтам зямлi".
Максім Гарэцкі ў кнізе "Маладняк" за пяць гадоў 1923-1928" пісаў, што "Літаратурная крытыка вельмі прыхільна сустрэла з'яўленне твораў Васіля Каваля. Усе аўтары рэцэнзій на зборнік "Як вясну гукалі" аднагалосна адзначалі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры паслякастрычнічкага перыяду. Яго галоўную асаблівасць бачылі ў моцнай сувязі з зямлёй, з вёскаю, з сялянствам, а таксама ў асаблівай паэтычнасці стылю і блізкасці да стылістычных прыёмаў народнай творчасці".
Пятрусь Броўка i Міхась Калачынскі, калі звярталіся ў Вярхоўны суд БССР з лiстом аб рэабілітацыі Васіля Каваля, пісалі, што ён быў адным з таленавiтых беларускiх празаiкаў.
Пасля 1975 года ягоныя кнігі болей не выдавалі
У 1959 годзе была выдадзена кніга нашага земляка "Выбранае: Аповесцi i апавяданнi". У 1961 годзе надрукавaны асобнай кнiгай аповесцi "Следапыт", "Санька-сiгналiст", а ў 1966-ым урывак з апoвесцi "Следапыт" увайшоў у хрэстаматыю па беларускай савецкай лiтаратуры.
У 1967 годзе выйшла "Анталогiя беларускага апавядання" (том 1), дзе было змешчана апавяданне "Iлька". Гэта апавяданне ўключана ў зборнiкi, што выйшлi ў Балгарыi i ў Германiі.
У 1975 годзе з яго творчасцю азнаёмiўся рускамоўны чытач. Наклад больш як 200 тысяч асобнікаў выйшлi выбраныя творы на рускай мове.
Яго iмем названы вуліцы ў Магiлёве і ў вёсцы Сава Горацкага раёна, а ў Саўской сельскай бiблiятэцы зроблены мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю i творчасцi гэтага пiсьменнiка.
У Горках у 1998 годзе пра ягонае жыццю і творчасць была апублікавана брашюра "Сын зямлі".
На жаль, пасля 1975 года кнігі Васіля Каваля больш не выдаваліся, хаця быў ён адным з таленавiтых беларускiх празаiкаў.