чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

"Глава змовы супраць Сталіна". 79 гадоў назад быў расстраляны Платон Галавач

29.10.2016 – 14:22 | 1363

Галiнaй Платонаўнай Клiперт, супрацоўніца кафедры гiдрaмелiяратыўнaгa факультэта БДСГА, – дачка вядомага ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя беларускага пісьменніка Платона Галавача. Аўтар гэтага артыкула быў з ёй знаёмы падчас сваёй доўгай працы ў акадэміі. Аповед дачкі, а таксама апублікаваныя матэрыялы дазваляюць цяпер падрабязна расказаць пра цiкавага пісьменніка i чалавека, які безучасна загінуў у крывавым 1937 годзе.

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 79 гадоў таму былі расстраляныя больш за 100 дзеячаў культуры, навукі, палітыкі. Сярод якіх былі Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Міхась Чарот ды іншыя.

 

Яго заўважыла Вера Харужая

Платон нарадзіўся 18 красавіка 1903 г. у вёсцы Пабокавiчы Бабруйскага павета ў сялянскай сям'і Рамана Галавача. Мала таго, што сям'я была беднай, дык праз паўтара года пасля нараджэння Платона здарылася бяда – памерла мацi. Давялося з сямі гадоў дапамагаць родным i пасвіць вясковы статак.

Тым не менш, атрымалася і вучыцца – скончыў народнае вучылішча ў вёсцы Гарбацэвiчы. У гэты час Платон стаў актыўна чытаць кнігі, у тым ліку, і нелегальную літаратуру, якую дадому прыносіў брат Андрэй.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. пайшоў у Гарбацэвiчах у школу першай ступені, дзе падчас вучобы пачаў удзельнічаць у літаратурным гуртку. Паступіў у камсамол і арганізаваў у роднай вёсцы ячэйку, займаўся ліквідацыяй непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва, арганізацыяй клуба і хаты-чытальні.
Яшчэ школьнікам пачаў пісаць інфармацыі, невялікія допісы пра жыццё вясковай камсамольскай ячэйкі ў бабруйскую павятовую газету. Актывіста заўважыла Вера Харужая (у будучыні – Герой Сaвецкага Саюза), якая працавала загадчыцай палітаддзела ў Бабруйскім павятовым камітэце камсамола, і ў 1922 г. Платона паслалі на вучобу ў Мінскую камсамольскую школу. Затым адзiн год ён быў інструктарам Барысаўскага павятовага камітэта камсамола.

У 1926 г. Платон скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі, навучальную ўстанову нешта накшталт вышэйшай партыйнай школы. Выпускніка ўніверсітэта запрасілі на працу ў ЦК камсамола, дзе малады чалавек у 1926 стаў загадчыкам аргаддзела, а на IX з'ездзе камсамола Беларусі ў 1928 быў абраны першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. Адначасова працаваў і адказным рэдактарам ​​газеты "Чырвоная змена".

 

“Не любіць яго было немагчыма"

Аднак на такой высокай пасадзе Платон Галавач доўга не затрымаўся. Вось, як пiсьменнiк Я.Скрыган прыгадваў гэтага чалавека: "Любіў глядзець трошачкі спадылба, гаварыў вельмі спакойна і ціха, голас у яго быў мяккі, з малюсенькім насавым гучаннем. І здалося зусім нечаканым, што няма ў яго ні рэзкага жэсту, які звычайна выпрацоўвае прафесія, ні строгага позірку, ні павышанай камандзірскай ноты – усё па-чалавечы проста і душэўна" ("Некалькі хвілін чужога жыцця".­ Мн.: 1990. С. 52).

Захавалася яшчэ адно сведчанне Паўла Пруднiкава: "Платон Галавач быў рослы, стройны, прыгожы малады чалавек з бялявай чупрынай, якой не стараўся закрываць свой шырокі і высокі лоб, з блакітнымі вачамі, белымі, як цукар, зубамі, з правільнымі рысамі твару, на якім заўсёды ззяла ўсмешка, акуратна апрануты і абуты. Пераважна любіў хадзіць у светла-шэрым касцюме і белай кашулі-касаваротцы, вышытай беларускім народным арнаментам і падпярэзанай тонкім паясам з кутасамі. Ён заўсёды з кожным быў прыветлівы і стараўся трымацца роўным. У час гутаркі ніколі не перабіваў свайго субяседніка. Спачатку даваў магчымасць выказацца яму, а потым ужо гаварыў сам, ніколі ні на каго не павышаў голасу. Скажу шчыра – не любіць яго была немагчыма".

У 1929 г. Галавача, як тады казалi, "кінулі на адукацыю". Ён пачаў працаваць намеснікам наркама асветы БССР.

 

Яго творы выдаваліся па-беларуску, руску, польскі і на iдышы

Адначасова займаўся i лiтаратурнай працай. Першае апавяданне "Загубленае жыццё" было апублікавана у 1925 г. у газеце "Савецкая Беларусь" (тады яна выходзiла на беларускай мове).

У 1927 свет пабачыла кніга апавяданняў "Дробязі жыцця". Пра грамадзянскую вайну i жыццё вёскі, якую Платон вельмi добра ведаў.

У 1923-1928 гг. Галавач уваходзіў у кіраўніцтва літаратурнай арганізацыі "Маладняк". Быў рэдактарам часопіса "Маладняк" і "Полымя" (першы рэдактар ​​гэтага часопіса ў 1930-1932 гг.). У лістападзе 1928 увайшоў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў і быў абраны яе Генеральным сакратаром.

У гэтыя гады творца шмат ездзіў па Беларусi па заданні ЦК КПБ, бываў у мнoгiх акругах нашай краіны i бачыў, як адбывалася калектывiзацыя.
З 1930 г. галоўным заняткам Платона стала літаратурная праца. З-пад ягонага пяра выйшлі зборнікі апавяданняў “Хочацца жыць” (1930) i аповесцяў “Вінаваты” (1930), “Сполах на загонах” (1930), “Даляры” (1931).

У гэты час Платон Раманавіч ажанiўся з Нiнай Вечар, cтрыечнай сястрой Алеся Вечара, выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, якi ў будучым стаў доктaрам бiялагiчных навук, прафесарам, акадэмiкам АН БССР, заслужаным дзеячам навукi i тэхнiкi БССР.

10 жнiўня 1930 г. у маладой сям'i нарадзiлася дачка Галiна. Платон прысвяцiў ёй кнiгу “Сполах на загонах”. Вядома, што гэты твор пра калектывiзацыю ў беларускай вёсцы ў свой час карыстаўся шырокай папулярнасцю. Пры жыццi аўтара кніга друкавалася пяць разоў па-беларуску, выйшла на рускай, польскай, iдышы i iншых мовах.

 

Пярэчыў афіцыйнай трактоўцы калектывізацыі

П.Галавач разумеў, што падчас калектывізацыі змянялася сялянская псіхалогія, фарміраваліся новыя адносіны да працы, але і пачаўся працэс адчужэння сялян ад зямлі. У час калектывізацыі парушалiся прынцыпы добраахвотнасці, калі некаторыя сяляне былі незаконна раскулачаны. Сярод іх – сераднякі і нават беднякі. У іх забіралі жывы і мёртвы інвентар, да новых калгасаў пераходзіла жыллё і вытворчыя пабудовы сялян.

Менавіта таму на многіх старонках рамана (нават пры няўдумлівым чытанні) можна адшукаць пярэчанні афіцыйнай трактоўцы. Гэта выразна гучыць у шматлікіх выказваннях героя Тарэнты, які, паверыўшы ў праўду рэвалюцыі, атрымаўшы зямлю, уклаўшы ў яе нямала сіл і поту, не можа зразумець, дзеля чаго трэба аддаваць цяпер яе ў агульнае карыстанне.

 

І Купала, і Колас

Галiна Платонаўна Кліперт успамiнала, што ў гэтыя гады неаднаразова бачыла дома Якуба Коласа i Янку Купалу. Апошнi некалькi разоў чытаў ёй казкi. Запомнiлася i тоe, што калi бацька аднойчы атрымаў ганарар, то купiў шмат цацак i павёз iх у дзiцячы дом. А калi дачка папрасiла адну, адказаў, што гуляй з тымi, якiя ў цябе ёсць, а ў гэтых дзяцей няма бацькоў.

Валянцiна Куляшова, дачка Аркадзя Куляшова, у сваё кнiзе "Лясному рэху праўду раскажу" пiша, што "сям'я Галавача, дзякуючы таварыскасці гаспадара, жыла надзвычай адкрыта. Да ix ішоў кожны, каму патрэбна была сяброўская падтрымка, парада, дапамога ці проста спачуванне… У літаратурным жыцці рэспублікі зрабіўся адным з найбольш аўтарытэтных людзей свайго часу. У сваіх літаратурна-грамадскіх кантактах ён не абмяжоўваўся рэспублікай. Вядома, што ён вёў шырокую перапіску з Лідзіным, Максімам Горкім і Рамэнам Раланам. Галавач мог даць найбольш кваліфікаваную ацэнку новага твора, і да яго думкі прыслухоўваліся, тым больш што эрудыцыя, літаратурны густ і прынцыповасць… спалучаліся ў Платона Раманавіча з падзвычайнай сціпласцю, сумленнасцю, добразычлівасцю. Ва ўспамінах пра Галавача Мікола Хведаровіч расказвае, што той мог сярод ночы пайсці ў другі канец горада шукаць пачаткоўца, даведаўшыся ўвечары, што таго днём незаслужана пакрыўдзілі".

Да гэтага трэба дадаць, што Аркадзь Куляшоў i Платон Галавач былi сябрамi i так сталася, што ажанiлiся на родных сёстрах.

 

"Я не магу заставацца ў шэрагах партыi"

1930-1931 гг. па Беларусi пракацiлася хваля арыштаў. Вядома, па абвінавачанні ў прыналежнасці да "Саюза вызвалення Беларусі" вясной­ – летам 1930 г. арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. 86 чалавек былi асуджаны. Сярод iх – добрыя знаёмыя i сябры Платона Галавача.

Летам 1930 у друку з'явіўся артыкул Л.Бэндэ "Шлях паэта", у якім Янка Купала абвяшчаўся "ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму". Купалу выклікалі на допыты ў ДПУ (ГПУ – палітычная спецслужба ў СССР – рэд.), яму інкрымінавалася лідарства ў "Саюзе вызвалення Беларусі". 20 лiстапада 1930 г. пасля "гутарак" у ДПУ Купала зрабіў спробу самагубства, але быў выратаваны.

Валянцiна Куляшова пiша, што "горка плакаў Платон Раманавіч, дазнаўшыся ў тыя трагічныя дні, што Янка Купала, гонар беларускай літаратуры, патрапіў пад націск асобных крытыкаў, якія называлі паэта "шляхецкім вырадкам", і рабіў спробу пакончыць з сабой. Галавач быў першы, бадай што адзіны, хто адважыўся ў той час сказаць сваё аб'ектыўнае, актуальнае і сягоння слова пра месца Купалы ў беларускай літаратуры. Апрача таго, ён, Галавач, быў ініцыятарам паездак Купалы па новабудоўлях рэспублікі, вынікам якіх сталі вядомыя творы паэта трыццатых гадоў".

У гэты час Платон Галавач быў вядомым у Беларусi чалавекам – рэдактарам часопiса "Полымя", сябрам ЦК Кампартыi Беларусi (1927-1930) і сябрам  Цэнтральнага выканаўчага Камiтэта БССР (з 1927 года), генеральным сакратаром Беларускай Асацыяцыi пралетарскiх пiсьменнiкаў. I тым не менш, адважыўся на смелы ўчынак­: напiсаў заяву пра тое, што хоча пакiнуць партыю. І гэта ў той час, калi многія імкнулiся ўступіць у партыю, бо лiчылi, што партыйный білет зможа абаранiць ад рэпрэсiй.

Вось тэкст заявы Платона Раманавіча: "Менскай гарацкой КК КПБ [контрольной комiсii] Гэтая мая заява – ёсць заява аб маiм адыходзе ад партыi. Крок гэты я раблю з вялiкай больлю, але не зрабiць яго не магу, бо ў апошнiя часы, вось ужо некалькi месяцаў мяне мучыць становiшча раздвоенасьцi памiж лiтаратурнай работай i той грамадзкай работай, якую я павiнен несьцi як член партыi i якая не дае мне магчымасьцi для творчага майго росту як пiсьменьнiка".

"Адчуваючы сiлу, для таго каб напiсаць больш моцныя творы, чым напiсаныя мною, я гэтага зрабiць усе ж не магу, i не магу па той прычыне, што я валадаю надзвычайна малым лiтаратурным багажом, якi акрамя таго з цягам часу зьменшаецца i я не маю магчымасьцей падвышаць яго... А мне як пiсьменнiку трэба многа i многа вучыцца... Я ведаю, што партыя асудзiць мой учынак, якi я раблю з вялiкай больлю, але я веру, што партыя не адштурхне мяне ад актыўнае работы на фронце лiтаратуры, а дапаможа мне ў маей творчай рабоце. Пры гэтым дасылаю мой партбiлет за №815786. Платон Галавач".

I яшчэ робiць прыпiску: "Сёння я яшчэ мог знiшчыць маю заяву, але гэта было-б учынкам нясумленным. У сваiх адносiнах да партыi я зыходзiў заўсёды з таго, каб нiколi i нiчога ад партыi не ўтойваць, пагэтаму я лiчу, што пасля таго, як я напiсаў гэтую заяву, я не магу заставацца ў шэрагах партыi, недастоен гэтага i партыя зусiм правiльна зробiць, калi выключыць мяне са сваiх шэрагаў як нягоднага быць у шэрагах партыi. Але я веру, што, зрабiўшы гэта, партыя дапаможа мне сваёй грамадзкай работай i работай творчай з цягам часу заваяваць права зноў вярнуцца ў яе шэрагi. П.Галавач".

Можна ўявіць сабе жах партыйных чыноўнiкаў, якія ўбачылі гэты ліст. У Мінску ніхто не хацеў прымаць рашэнняў. І таму вырашылі накіраваць заяву ў Маскву ў ЦК УКП(б). Адтуль папрасiлi прыслать характарыстыку. Яе падрыхтавaлi крытык Л.Бендэ i пiсьменнiк М.Лынькоў.

Л.Бэндэ вядомы у Беларусi як "крытык-аглабельшчык", цi "крытык з наганам", аўтар пагромных артыкулаў на многiх беларускiх пiсьменнiкаў.  Ён добра ведаў Платона. Разам яны вучылiся ў Беларускiм камунiстычным унiверсiтэце.

М.Лынькоў i Л.Бэндэ палiчылi, што Гaлaвач падаў "антипартийное заявление в ЦК КПБ, которое в условиях классовой борьбы получает значение антисоветского контрреволюционного документа".

Вядома, што П.Гaлaвача выклiкалi ў ЦК КПБ(б), дзе зрабiлi публiчную "экзекуцыю".  Прыйшлося яму прызнаць: "Мой паступак з'яўляецца глыбока шкодным, палiтычна шкодным для партыi", і напісаць, каб яму вярнулi  крамольнаю заяву ды дазволілi застацца ў шэрагах камуністаў.

Калі аўтар гэтага артыкула сказаў Галіне Платонаўне, што ў газеце "Советская Белорусcия" апублікаваны гэтыя дакументы, суразмоўца адказала, што ведала пра іх – у свой час расказвала маці. А напісаў бацька такую заяву, калі ўбачыў, як незаконна арыштоўваюць яго сяброў пісьменнікаў, а таксама пасля таго выпадку, калі яго паслалі "раскулачваць" на вёску. І ён убачыў, як сям'ю дзе было дзевяць дзяцей, высылаюць у Сібір. Вядома, пісаць пра гэта ў сваёй заяве Платон не мог, таму і напісаў, што не можа разам займацца літаратурнай і грамадскай працай.

А ў НКУС СССР (НКВД – рэд.) палiчылi, што галоўная прычына звязана з арыштамi сяброў. Дакументы сведчаць: "В 1930 году, в связи с арестами по делу "СВБ", подавал заявление о выходе из партии”. Чаму ж Галавач забраў заяву? Галіна Платонаўна лiчыць, што яго запалохалі ў ЦК, сказалі, што перададуць заяву ў НКУС, жонку адправяць у ссылку, а дзяцей – у дзіцячы дом.

Аднак тая заява не прайшла бясследна. У 1932 годзе Платона Раманавіча знялi з пасады рэдактара часопiса "Полымя", праўда да 1935 года ён заставаўся сябрам ЦВК БССР.

 

Усіх лічылі "нацдэмаўцамі", за ўсімі сачылі

З 14 жнiўня па 1 верасня 1934 года адбываўся першы з'езд Саюза пiсьменнiкаў СССР. У складзе дэлегацыi ад Беларусi было 16 чалавек з рашаючым голасам, сярод iх i Платон Галавач. Вядома, што за дэлегатамi пiльна сачыў НКУС.

Гэта бачна з дакумента "Спецсообщение секретно-политического отдела ГУГБ  НКВД СССР "О ходе подготовки к I Всесоюзному съезду Союза советских писателей" от 12 августа 1934 г. Делегация Союза советских писателей БССР". У iм напiсана: "От Союза советских писателей БССР прибыла делегация в следующем составе: делегаты с решающим голосом: Коник, Климкович, Лыньков, Бронштейн, Дунец, Александрович, Купала, Колас, Чарот, Черный, Крапива, Харик, Романовская, Крапачев, Головач, Бровко".

На кожнага дэлегата была складзена характэрыстыка. З яе бачна, што амаль усе, уключаючы народных пiсьменнiкаў Беларусi Я.Купалы і Я.Коласа разглядаліся ў якасці "нацдэмаўцаў".

Пра П.Галавача ў "Спецсообщени" напiсана: "Головач П.Р., белорус, член КП(б)Б, сын полицейского, в 1934 г. во время чистки исключался из партии за нац[иональный] демократизм. Бывший генеральный секретарь Бел[орусского] АППа. В 1930 году, в связи с арестами по делу "СВБ", подавал заявление о выходе из партии. Редактировал и пропустил в печать 6-й том нацдемовских произведений Янки Купалы и к[онтр]р[еволюционную] статью Сидоренко в журнале "Беларусь калгасная".

Заўважым, што ў паведамленні НКУС напісана, што П.Галавача выключалі з партыі ў час так званых "чыстак". Адкуль чэкiсты ўзялi, што яго бацька быў палiцэйскiм? Вядома, што яго бацька быў селянiн.

Тым не менш, у 1934 годзе П.Галавач быў прыняты ў Саюз пiсьменнiкаў СССР,  а калi быў створаны Саюз пiсьменнiкаў БССР, то ўваходзiў у камiсiю па масавай рабоце. У 1936 годзе ў сям'i Платона Раманавіча нарадзiўся сын, якого назвалi Ралан у гонар французскага пiсьменнiка, лаўрэата Нобелеўскай прэмii Рамэна Ралана, з якiм П.Галавачу давялося спаткацца.

За гэты час Платон Галавач друкуе aповесцi "Носьбiты нянавiсцi" i "Яны не пройдуць!", а таксама роман "Праз гады" i нарыс пра будаўнiцтва Беламорканала. Пачаў працаваць над раманам пра паўстанне К.Калiноўскага. Займаўся i рэдактарскай справай. Працаваў над шматтомным выданнем твораў Янкi Купалы. Творы Платона Раманавіча ў той час карысталiся поспехам у чытачоў, перакладаліся на рускую, пoльскую, украiнскую, чэшскую i яўрэйскую мовы.

 

Канфіскавалі раман пра паўстанне Каліноўскага

Надышоў сумна вядомы 1937 год. Aдным за адным арыштоўваюць беларускiх пiсьменнiкаў. 11 жнiўня надышла чарга i Платона Галавача. Захаваўся апошні фотаздымак, калi Платон быў на свабодзе, зроблены ў жнiўнi 1937 года. Пiсьменнiк разам са cтрыечным братам жонкi, Алесем Вечерам, у Копысі.

Галавача арыштавалi ў Мінску па адрасе: вул.Маскоўская, д.8/1, кв.34. Вядома, што пры ператрусе следчыя канфіскавалі 67 сшыткаў рукапісаў, сярод іх быў і раман пра паўстанне Каліноўскага.

Дзякуючы даследніку i пiсьменнiку Л.Маракову, якi вывучаў архiў КДБ Беларусi, напiсаў i выдаў кнiгу "Ахвяры i карнiкi", мы ведаем, што пастанову аб арыште П.Галавача падпiсаў Валчок – старшы лейтэнант дзяржбяспекі, намеснік начальніка, начальнік 4 СПА, а  дапытваў П.Галавача следчыя НКУС Кaрaткевiч, намеснiк начальніка 3 ад­дзелу; Фарбер, памочнік следчага; i I.I.Кунцэвiч, следчы.

Калi апошняга ў 1939 годзе самога прысудзілі да расстрэлу (але Л.Маракоў лічыць, што пакаранне было заменена на дзесяць гадоў зняволення), то ў час следства ўзялi паказаннi ў тых, каго Кунцэвіч катаваў. Так, былому рэдактару газеты "Звязда" М.М.Сцернiну кат казаў, угаворваючы падпiсаць на сябе паказаннi: "Пойми, в стенах НКВД сталь плавится… Никто из арестованных на свободу не выйдет… У нас были люди и покрепче, подпольщики… Напишите, останетесь живыми. Нет, сгноим в подвале, покалечим…"

А другi зняволены С.Курдман пiсаў, што I.I.Кунцэвiч "в течение двух месяцев меня мучил, прилагая абсолютно нечеловеческие методы следствия… Я не выдержал мучений и вынужден был под диктовку следователя дать на себя ложные показания…"

Вось такiя следчыя-садысты пачалi дапытваць П.Галавача. У органах НКУС быў вельмi шырокi выбар метадаў уздзеяння на арыштаваных.

Як пiсаў наш зямляк пiсьменнiк Леў Разгон, якi 17 гадоў адбыў у застенках Гулага, "на кожнага ў НКУС былi сваe катаваннi". Напрыклад, ставiлi пад пагрозу жыццё жонкi, родных. Таму ў сваёй контррэвалюцыйнай шпiёнскай дзейнасцi прызнавалiся нават члены палiтбюро ЦК ВКП(б) i славутыя военачальнiкi.

Ва ўнутранай турме НКУС лёс звёў Галавача з рэпрэсаваным пісьменнікам С.Шушкевічам, які пазней успомніў такі эпізод: "Платона Галавача і Васіля Каваля я бачыў апошні раз 3 кастрычніка 1937 года. Іх прывялі сведчыць супраць мяне. Скатаваны і знясілены, Платон Раманавіч доўга маўчаў... Нарэшце загаварыў: "За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас". Сказаў і заплакаў..."

 

“Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас”

З дакументаў, якiя знаходзяцца зараз у Архiве прэзiдэнта Расіі, вядома, што ў пачатку кастрычнiка 1937 года на стол Сталiна паклалi лiст са спiсам з пазнакай "Белорусская ССР. 1-я категория..." (гэта значыць – да расстрэлу). У спiсе – савецкiя, партыйныя работнiкi, пiсьменнiкi i настаўнiкi. Многiя знaёмы П.Галавачу па сумеснай працы. Напрыклад, А.В.Балiцкi – у 1926-1929 гг. быў наркамам асветы БССР;  Х.М.Дунец – крытык, публіцыст; Я.А.Бранштэйн – крытык і літаратуразнавец, член-карэспандэнт АН БССР ды iнш. Вiдаць, што рэзалюцыя Сталiна i яго палечнiкаў была "за".

А 28 кастрычнiка адбыўся так званы "суд" (пачаўся а 22:15, а скончыўся праз 15 хвілін). Перад "судом" Галавач у камеры пакiнуў запіску: "Таварышы, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон". 

Тройкай НКУС пісьменнік Платон Галавач быў асуджаны як "арганізатар тэрарыстычнай групоўкі" і за "правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці" – да вышэйшай меры пакарання  з канфіскацыяй маёмасці.

Як пiша Валянцiна Куляшова, пасля таго, як Галавач быў рэабiлiтаваны "бацька папрасіў, каб яму паказалі следчую справу П.Р.Галавача. – Яна была вельмі аб'ёмістай, – расказваў ён нам, – але ўся яе сярэдзіна аказалася вырванай. Засталіся толькі матэрыялы абвінавачвачання і прысуд. Галавач праходзіў па справе як "глава трацкісцкай змовы супраць Главы дзяржавы".

Як мы потым даведаліся ад В.С.Галадзед, жонкі рэпрэсаванага М.М.Галадзеда (ён у свой час вучыўся ў Горацкiм сельскагаспадарчым iстытуцe на рабфаку, a ў 1921–1924 гг. абiраўся  старшынёй Горацкага райвыканкама – У.Л.), гэта было абвінавачванне, якое выносілі найбольш буйным дзеячам беларускай дзяржавы, культуры і навукі. Для такіх людзей ратунку не было. М.М.Галадзед, Старшыня Саўнаркома БССР, дарэчы, сябра П.Р.Галавача, не дажыў нават да следства". У чэрвeнi 1937 года ў час допыту ў будынку НКУС ён выкінуўся з акна пятага паверха i загiнуў.

Расстралялi Платона Галавача 29 кастрычнiка 1937 года. У той жа дзень расстралялі яшчэ дзевяць пісьменнікаў: Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Зяму Піваварава i нашага земляка з вёскi Сава ­– Васiля Каваля.

Дзе іх пахавалі? Дакладна невядома. У артыкуле "...і касіў нас мор вялікі: "Параліч сэрца" Л.Савік, навуковы супрацоўнік інстытута літаратуры НАН Беларусі, выказвае думку, што пахавалі іх "хутчэй за ўсё дзесьці на ўскрайку парка Чалюскінцаў. Да Курапатаў было яшчэ далекавата".

 

А потым прыйшлі па маці...

Галiна Платонаўна Кліперт памятае, што пасля арышту бацькi апячаталi ягоны кабiнет. А потым сям'ю "уплотнили". Дзве комнаты заняў супрацоўнiк НКУС.

Якраз у гэты час Галіна Платонаўна i яе брат Ралан захварэлi на коклюш. Знаёмыя бацькi баялiся прыходзiць днём. Только ноччу пыталiся праз вакно, як справы i дапамагалi, чым маглi.

5 лістапада 1937 года ў кватэру зноў пастукалiся i арыштавaлi жонку Галавача – Нiну Фёдараўну. 28 лiстапада 1937 года яна была асуджана асаблівай нарадай пры НКУС як "член сям’і расстралянага ворага Радзімы" да васьмі гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКУС Казахскай ССР (в. Далінская).

Галiна Платонаўна ўспамiнала, што мацi, адчуваючы хуткi арышт, папрaсiла сваю цётку Кацярыну Сямёнаўну,  якая жыла ў Вiцебску, забраць дачку i сына. У час Вялiкай Aйчыннай вайны дзецi разам з ёй эвакуяваліся ў Чкалаўскую вобласць.

 

"Паміралі самі" – такая была ўстаноўка

Пасля вызвалення ў 1948 годзе Нiна Фёдараўнa вярнулася на радзіму ў Мiнск. Удалося уладкавацца на працу па спецыяльнасцi (у свой час яна скончыла мелiяратыўны тэхнiкум). Працавала пад кiраўнiцтывам выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii В.М.Зубца, доктара тэхнiчных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукi БССР.

Зрабiла спробу даведацца пра лёс мужа ў НКУС. У асабовай справе П.Галавача захоўваецца рапарт:

"Зам. Министра внутренних дел БССР полковнику Ханяк.

Рапорт.

В 1-й  спецотдел МВД БССР поступило заявление Вечер Нины Федоровны о розыске Головача Платона Романовича, осужденного ВК Верховного суда СССР к ВМН.

Прошу вашего согласия объявить заявителю Вечер Н.Ф., что муж ее, Головач П.Р., находясь в лагере, 25 декабря 1944 г. умер от паралича сердца.

Начальник 1 спецотдела МВД БССР майор Минаев".

На рапарце ёсць рэзалюцыя: "Согласен. 19.VIII". Подпіс”. Вядома, што i жонкi Максіма Гарэцкага Л.Чарняўскай таксама паведамiлi, што муж памёр ад кровазлiцця ў мозг. Чаму выдавалi родным такiя iлжывыя звесткi? Вiдаць, была такая устаноўка: хаваць маштабы расстрэлаў. Таму лепш было, каб зняволенныя "памiралі" ад розных хвароб. А Нiне Фёдароўне, каб больш не пыталася пра мужа, прапанавалi ў 24 гадзiны пакiнуць Мiнск.

Давялося паехаць у Гомель да родных. Там працавала па спецыяльнасці да 1960 года. А атрымаўшы пенсiю, прыехала ў Горкi да дачкі Галiны. Дапамагала выхоўваць унукаў. Вядома, што вельмi дапамaгла Р.В.Булацкаму i Э.А.Карніловічу, якiя працавалi над манаграфiяй "Платон Галавач – публіцыст" (Мiнск.1973). Памёрла ў 1985 годзе.

 

Каханне ўсё перамагло

А як склаўся лёс дзяцей "ворага народа"? Дачка пісьменніка Галiна Платонаўна ў эвакуацыii скончыла сямiгадовую школу. А 1953 годзе – Гомельскi дарожна-механiчны тэхнiкум. Да 1955 года працавала ў дарожнай арганiзацыi, а потым – у Гомельскiм абласным упраўленнi сельскай гаспадаркi.

У гэтыя гады Галiна Платонаўна выйшла замуж за Вiктара Iванавiча Клiперта, выхаванца Беларускай сельскагаспадарчай акадэмii, якi потым стаў кандыдатам тэхнiчных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры гiдраўлiкi на гiдрамелярацыйным факультэце, ганаровым прафесарам БДСГА.

У свой час аўтар гэтага матэрыяла спытаўся ў В.I.Клiперта, цi страшнa было браць за жонку дачку "ворага народу". На што суразмоўца адказаў: асцярога былa, але каханенне ўсё перамагло.

У Горках Галiна Платонаўна працавала спачатку ў дарожным адзеле Горацкага райвыканкама, потым супрацоўнiкам на кафедры будаўнiчай механiкi i iнжынерных канструкцый. З 1991 года – на пенсii. Разам з мужам яны выхавалi двух сыноў. Зараз Галiна Кліперт жыве з унучкай.

Сын П.Галавача, Ралан Платонавiч, атрымаў вышэйшую адукацыю (скончыў Беларускi iнстытут механiзацыi сельскай гаспадаркi) i працаваў у Мiнску да пенсii на розных iнжынерных пасадах. Памёр у 2015 годзе.

Платона Галавача не забылi ў Беларусi. Быў выдадзены збор ягных твораў у трох тамах у 1958 годзе. У 1984-1996 гадах свет пабачылі кнiгi "Праз гады" i "Спалох на загонах. Аб яго творчасцi напiсана некалькi навуковых артыкулаў i кандыдацкая дысертацыя.

Імем Платона Раманавіча названы вуліца ў Магiлёве і завулак у Бабруйску. У 1968 годзе на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруй­скага раёна, дзе вучыўся Галавач, была адкрыта мемарыяльная дошка.

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email