25 студзеня 2014 г. ў актавай залі горацкай школы мастацтваў адбылася прэзентацыя новай кнігі “І боль, і мары, і любоў” пісьменніцы, сябра Саюза беларускіх пісьменікаў Лідзіі Андрэевай.
Прэзентацыю падрыхтавала горацкае літаратурнае аб’яднанне “Роднае слова” пад кіраўніцтвам Людмілы Дзеружковай сумесна з творчым клубам “Дэбют” Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
Вядучыя прадставілі новую кнігу, зрабілі агляд жыццёвага і творчага шляху пісьменніцы.
Спадарыня Лідзія ў сваім выступе перш за ўсё ўзгадала Аркадзя Куляшова, 100-гадовы юбілей якога адзначаецца ў лютым і чыя творчасць моцна паўплывала на яе паэтычнае станаўленне, падзялілася сваімі думкамі і творчымі планамі на будучыню.
Аб тым, якое месца займае творчасць Лідзіі Андрэевай у культурнай просторы горацкай зямлі распавялі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Горацкага райвыканкама Марыя Студнева, дырэктар Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Святлана Макеева, прадстаўнікі сельгасакадэмі прафесар Мікалай Садомаў, дацэнты Данута Доліна і Алена Мікуліч. Ад імя горацкіх літаратараў узнёслае вітанне агучыў пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Уласенка.
Гучалі вершы Лідзіі Андрэевай, песні на яе словы ў выканані Андрэя Шутава, рамансы ў выканані Лейлы Аббасавай. А на адну з песень - “Хлеб” - была зроблена цікавая інсцэніроўка, дзе галоўнай дзейнай асобай быў прыгожы і духмяны хлебны каравай.