У сядзібе "Радавое гняздо" 31 сакавіка адбыўся абрад "Гукання вясны". Беларусы традыцыйна развітваліся з зімой у канцы сакавіка.
У сядзібе "Радавое гняздо" гэты абрад праводзілі ўпершыню. У мерапрыемстве ўдзельнічалі фальклорна-танцавальны калектыў "Незабудки" з раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і валанцёры з агульнаакадэмічнага клуба "Чуткие сердца". У госці ж завітала суполка "Беларускія народныя танцы ў Магілёве".
Свята ў Горках праходзіла па старадаўніх традыцыях і суправаджалася народнымі танцамі, абрадавымі песнямі і гульнямі.
Добры дзень, шаноўныя госці. Вельмі добра, што вы да нас сёння прыйшлі. А вось вясна не з’явілася. Але мы сабраліся, каб яе паклікаць, карагоды павадзіць, паспяваць, патанчыць. І потым яна прыйдзе, − распачалі свята вядучыя ў прыгожых нацыянальных касцюмах.
Яны паклікалі гарманіста, які граў, пакуль прысутныя не стаміліся ад танцаў і не папрасілі музыку спыніцца.
Як кажуць нашы людзі: хай вам даспадобы будуць жарты, песні, смех. Бо без песні хоць ты трэсні! – працягнулі вядучыя.
Госці з Магілёва далі майстар-клас па беларускіх народных танцах.
Падчас абраду гасцей частавалі гарачай гарбатай, выпечкай, а таксама нацыянальнымі стравамі.
Пад адкрытым небам пачалі зваць вясну песнямі, якія суправаджаліся крыкам "Гу-у-у!". Адсюль і пайшла назва свята − "гуканне". Затым людзі ўпрыгожвалі дрэвы рознакаляровымі папяровымі птушкамі.
Кіраўніца суполкі "Беларускія народныя танцы ў Магілёве" Наталля Родзькіна падзялілася сваімі ўражаннямі: "Гэта вельмі файна, што людзі так збіраюцца, што ёсць у гэтым патрэба. Жадаю, каб традыцыя ў вас працягвалася, каб вы збіралі свой этнаграфічны матэрыял і на яго базе ладзілі ўласныя святы".