чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Гартаючы "Аршанскі маладняк"

14.09.2013 – 08:49 | 3022

У пачатку мінулага стагоддзя ў Горках літаратурнае жыццё было вельмі насычаным. Мясцовыя паэты і пісьменнікі былі аб'яднаныя ў горацкую творчую студыю, якая выдавала ўласны часопіс "Аршанскі маладняк". Пра што пісала гэтае выданне?

Аршанскi маладняк

План па "вытворчасці" пісьменнікаў

Як мы ўжо адзначалi, з друку ў 1925-1928 гады выйшла ўсяго сем нумароў часопiса "Аршанскi маладняк" (у 1925 –  два нумары,  у 1926 –  тры, у 1927 i  1928 гг. – па адным). Iх можна знайсцi ў Нацыянальнай дзяржайнай бiблiятэцы Беларусi ў беларускiм аддзеле.

Праглядаючы змест часопiса, а хутчэй гэта выданне варта назваць – альманахам, можна ўбачыць, што ў некаторых нумарах, якiя выдавалiся ў Оршы ў друкарнi iмя Францыска Скарыны тыражом 1500 паасобнiкаў, ёсць так званыя "перадавыя артыкулы".

Напрыклад, у №5 альманаха з артыкулам "Чарговыя задачы Аршанскай фiлii Маладняка" выступае адказны сакратар Аршанскага акругкама КП(б)Б Б.Стасевiч. Ён адзначыў, што "…фiлiя становiцца на правiльны шлях – шлях пралетарскай культуры". І ставiць перад сябрамi фiлii задачы: "…завязаць сувязь i атрымаць здаровую пралетарскую закалку ад насiцeляў, ахаванцаў пралетарскай дыктатуры – шырокiх колаў рабочых.

Копыскi iзразцова-кахляны завод, "Чырвоны Кастрычнiк", "Дубровенская  Мануфактура" i чыгунка павiнны зьявiцца асноўнымi кадрамi, галоўнымi рэзэр-вамi па папаўненьню маладнякоўскiх шэрагаў" (захаваны правапiс таго часу – У.Л.).

Пiша ён i аб тым, каб маладнякоўцы  звярнулi больш увагi на бядняцка-серадняцкую частку сялянства.

Цi былi сярод рабочых гэтых прадпрыемстваў, вёсак Аршаншчыны, людзi, здольныя да лiтаратурнай творчасцi? Гэта пaртыйнага чыноўнiка не вельмi турбавала. Краiна пачынала будавацца па планах, ставiлiся  планы і па "вытворчасцi паэтаў i пiсьменнiкаў"!

У трэцiм нумары альманаха ёсць прывітанне ад бюро фiлii 2-й акруговай камсамольскай канферэнцыi. Тут няма нiчога дзiўнага, бо альманах, калi выдаваўся ў Оршы, быў органам Аршанскага акруговага камiтэта камсамола.

У Горках часопіс "патаўсцеў"

У Оршы часопіс вы-ходзіў на 40-50 старонках, але за два гады свет пабачыла пяць выданняў. Калi ж пачаў друкавацца ў Горках, аб'ёмы былi да 110 старонaк, але выдадзена было ўсяго два нумары (наклад у Горках быў 1000 паасобнiкаў).

Праглядаючы змест альманаха, трэба адзначыць, што амаль ва ўсiх нумарах былi творы паэтаў: А.Вечара, М.Ганчарыка, У.Прыбыткоўскага, Я.Вiра (Герасiмовiчa), С.Калядкi i iншых, перакладчыка Ю.Гаўрука, паэта i празаiка Васiля Каваля.

Cябры студыi – М. Ганчарык, Ю. Гаўрук і У.Пры-быткоўскi – акрамя вершаў i перакладаў, друкавалi лiтаратуразнаўчыя i крытычныя артыкулы.
Аўтар не ставiць мэту разгледзець i пра-aналiзаваць творчасць удзельнікаў горацкай студыi. Гэта задача асобнай працы.

Сярод аўтараў "Аршанскага Маладняка" быў i  Максім Гарэцкi. Як вядома, афiцыйна  ён не ўваходзiў у склад студыi, але, як мы пiсалi вышэй, браў удзел у некаторых пасяджэннях. А ў №7 альманаха пісьменнік надрукаваў за подпiсам М.Г. абразок "Хоцiмка" i апрацоўку народнай казкi "Чаму ходзяць па месяцу", а таксама артыкул "Бядуля пасля Кастрычнiка // Гiсторыка-лiтаратурныя нататкi" за подпiсам М.Гарэцкi.

Чытаючы  гэты  нумар, можна таксама даведацца, што на сходзе фiлii ад 10 красaвiка 1928 года была абмеркавана нататка, надрукаваная ў "Лiтаратурным дадатку да газеты "Савецкая Беларусь", аб артыкуле нейкага М.Г. ва ўкраiнскай газеце "Дiло". Змест артыкула закранаў годнасць многiх пiсьменнiкаў. А пaколькi М.Гарэцкi пад-пiсваў некаторыя свае творы крыптанiмам М.Г. (у тым лiку i ў альманаху "Аршанскi маладняк"), то аўтарства гэтага артыкула магло прыпiсвацца яму.

Абараняючы Гарэцкага, сход прыняў пастанову: "…Лiчыць неабходным рашуча звярнуць увагу пралетарскага грамадства на тыя злосныя ананiмныя iнсiнуацыi, якiя часам дапушчаюцца на старонках нашай прэсы.

Пара скончыць абзываць пiсьменнiкаў "мяшчанамi, барзапiсцамi, контррэвалюцыянерамi" i г.д. з мэтай утаптаць iх у гразь дзеля сваёй персанальнай альбо гуртковай выгады.

Трэба змагацца не лаянкай, а аб’ектыўным доказам, адкрыўшы твар перад масай, а не ляклiва схаваўшыся за чужую спiну альбо псеўданiм".

Цiкава, што ў сёмым нумары альманаха быў надрукаваны вялiкi артыкул (амаль 13 старонак) Віктара Бухаркiна "Лiрычны фенамен". Віктар Іванавіч быў выкладчыкам кафедры грамадскiх навук нашай акадэміі, прымаў удзел i ў рабоце Горацкай лiтаратурнай студыi. Вядома, што ў 1928 годзе Бухаркін быў асноўным дакладчыкам на дыспуце па тэме "Аб новым чалавеку", якi арганiзала студыя.

Былі аўтары і з Мсціслава

Акрамя аўтараў з Оршы i Горак, у альманаху друкавалi свае творы i маладнякоўцы з Мсцiслава – Зяма Пiвавараў, Юлi Таўбiн, Сяргей Калугiн, Я.Гоманава, Ганна Сапрыка, Змiтрок Астапенка, Ларыён Максiмаў.

Вядома, што горацкая студыя мела творчыя сувязi з Мсцiслаўскай фiлiяй "Маладняка". У пачатку сакавiка 1928 года адбылася сустрэча А.Вечара i Ю.Гаўрука з сябрамi Мсцiслаўскай фiлii, у якую тады ўваходзiлi студэнты педа-гагічнага тэхнiкума, слухачы педкурсаў i вучнi сямiгодак.

У альманаху акрамя твораў маладнякоўцаў, змяшчалiся i фотаздымкi. Напрыклад, у трэцiм нумары за 1926 год змешчаны фотаздымак Горацкай стыдыi "Маладняка". На iм: Вечар, Мурашка, Чыжанок, Прыбыткоўскi, Калядка, Мятко, Сяргейчык, Ганчарык, Каваль, Гаўрук i Дземядовiч.

З апошняга, сёмага нумара, якi выйшаў у 1928 годзe можна даведацца, што 12 лютага ў Горках адбылася акруговая канферэнцыя "Aршанскага маладняка" сумесна з прадстаўнiкамi Оршы i Мсцiслава.

На канферэнцыі было прынята некалькі рашэнняў, у тым ліку аб неабходнасці ўрэгу-лявання стану грашовых сродкаў фiлii. Ставiлася задача дамагацца, каб з наступнага бюджэтнага года было пастаяннае фiнансaванне ад Аршанскага акруговага выканаўчага камітэта.

Прадстаўнiк Усебеларускага часовага кiрaў-нiцтва "Маладняка" Васiль Каваль зрабiў даклад аб становiшчы маладнякоўскага руху ў Беларусi. Было вырашана падтрымаць iдэю аб уваходзе "Маладняка" ва Усесаюзную асацыяцыю пралетарскiх пiсьменнiкаў.

На Усебеларускую канферэнцыю "Маладняка" былі абраны А.Вечар, Ю.Гаўрук і У.Прыбыткоўскі.

Як вядома, 15 лютага адбылася Усебеларуская канферэнцыя, арганізаваная часовым кіраўніцтвам "Маладняка". Было абрана пастаяннае Цэнтральнае Бюро ў складзе сямі членаў, у тым ліку ад Горацкай студыі ўвайшлi: Ю.Гаўрук, А.Вечар і былы сябар студыі В.Каваль.

...
Напрыканцы варта адзначыць, што нягледзячы на тое, што Горацкая студыя "Маладняка" працавала ўсяго некалькі гадоў (1926-1928 гг.), яна стала добрай школай для будучых паэтаў і пісьменнікаў.

А тыя, хто пісьменнікамі не сталі, на ўсё жыццё захавалі любоў да літаратуры і творчасці.

Уладзімір Ліўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email