чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Рыгор Самохін – кароль рамансу з Горак

23.02.2017 – 18:00 | 474

Пошукамі слядоў выдатнага беларускага кампазітара, дырыжора і музыканта Рыгора Самохіна я захапіўся яшчэ ў 1993 годзе. Тады і пачаў па драбніцы шукаць ягоныя жыццёвыя і творчыя звесткі.

Прайшоў час. Але ў друку так і не з’явілася даследчых матэрыялаў пра Рыгора Самохіна. Праўда, пра яго згадалі ў сваіх кнігах Віктар Скорабагатаў, Зміцер Сасноўскі, Леанід Лыч. Але гэта былі невялікія згадкі. Дый і Віктар Скорабагатаў прызнаўся, што «сёння мы маем даволі сціплыя звесткі пра гэтага кампазітара».

 

Станаўленне

Дык хто ж такі Рыгор Самохін (1911–1944), у якога музычныя здольнасці і моцнае імкненне да музыкі рана праявіліся, але розныя абставіны доўгі час не давалі магчымасцей мэтазгоднага і сістэматычнага развіцця гэтых здольнасцей?

Рыгор Самохін нарадзіўся ў 1911 годзе ў Горках на Магілёўшчыне ў сям’і агранома. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Горацкай царкоўнапрыходскай школе, а пасля вучыўся ў Аршанскай сямігодцы. Менавіта ў Оршу ягонага бацьку перавялі на працу, туды і пераехала ўся сям’я Самохіных.

Музычнае жыццё ў тых мясцінах амаль што зусім адсутнічала, высокакваліфікаваных настаўнікаў музыкі таксама амаль не было. А дзейнічалі толькі нешматлікі аматарскія музычныя гурткі, у якіх малады музыка прымаў чынны ўдзел. Ён спрабуе свае сілы як харыст, як выканаўца на народных інструментах, і гэтае сутыкненне са светам гучання поўнасцю вырашыла далейшы жыццёвы шлях юнака і ягоны лёс.

Нястрыманае жаданне тварыць самому прымусіла Рыгора Самохіна ехаць у 1928 годзе ў Мінск, каб там упарта і старанна ўзяцца за ўлюбёную справу. Ён марыць аб класе тэорыі і кампазіцыі ў Мінскім музычным тэхнікуме, але адсутнасць падрыхтоўкі не дазволіла ажыццявіць гэтае жаданне.

Каб усё ж такі мець магчымасць вучыцца ў музычнай установе, Рыгор паступае на клас кантрабасу прафесара Мітрафана Славачэўскага. Добрыя музычныя здольнасці дапамаглі яму хутка выйсці на жаданы шлях. Яму было дазволена адначасова з класам кантрабасу наведваць і клас кампазіцыі прафесара Мікалая Аладава. А ў 1932 годзе, калі ў Мінску адкрываецца кансерваторыя, ён быў пераведзены туды ў клас вядомага прафесара кампазіцыі, аднаго з вучняў Рымскага-Корсакава — Васіля Залатарова.

Адначасова з атрыманнем кампазітарскай адукацыі, Рыгор Самохін не спыняе далейшага знаёмства з практычнымі накірункамі музычнай дзейнасці. Працуе пры Мінскім радыё кіраўніком домбравага ансамбля, і як кантрабасіст — у сімфанічным аркестры, а потым — у філармоніі, дырыжорам аркестра беларускіх народных інструментаў. Гэта дапамагло кампазітару добра пазнаёміцца з тэхналогіяй музычнага гучання, з разнастайнымі тэхнічнымі магчымасцямі асобных інструментаў. І заклала асновы яго сімфанічнага мыслення, што праявілася ва ўсіх галінах ягонай творчасці.

Вынікам кампазітарскай дзейнасці Рыгора Самохіна ў гэты час стаў цэлы шэраг твораў самага разнастайнага зместу і формы.

Шматлікія апрацоўкі беларускіх народных песень, рамансы на словы беларускіх паэтаў, капрычыо, уверцюры, беларускія рапсодыі, дзве сюіты для аркестра народных інструментаў, трыа-фантазія для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, тэмы з варыяцыямі і сімфонія для вялікага сімфанічнага аркестра — яго творчыя здабыткі гэтага перыяду.

 

 

Творчасць

З пачаткам Другой сусветнай вайны Рыгор Самохін застаецца на тэрыторыі Беларусі. Наступленне немцаў было настолькі імклівым, што ўцячы здолелі толькі савецкія кіраўнікі і іх сем’і. Для дзеячаў культуры, як і простых беларусаў, акупацыя наступіла раптоўна. Таму Рыгор Самохін нікуды не паспеў уцячы, ён па-ранейшаму працуе дзеля справы развіцця нацыянальнага мастацтва.

Кампазітар стварае шэраг новых твораў, якія заўсёды карысталіся поспехам і любоўю як у выканаўцаў, так і ў слухачоў. Ён праводзіць вялікую працу з беларускім нацыянальным ансамблем цымбалаў, якасць выканання якога кампазітар уздымае на вялікую мастацкую вартасць.

Тут трэба нагадаць аб арганічнай сувязі ягоных твораў з народнай музычнай крыніцай. Пры гэтым кампазітар ніколі не абмяжоўваецца простым «цытаваннем» народных мелодый. Ён выкарыстоўваў агульна-інтанацыйны змест народнай песні, яе асабістыя звароты і напеўкі, якія надавалі твору своеасаблівую непаўторнасць.

Важным раздзелам працы кампазітара ў галіне народнага мастацтва з’яўляецца ягоная праца з цымбальным ансамблем, на якую ён паклаў шмат сіл. Ён вызначаў склад ансамбля, далучаў туды жалейкі і баяны, якія сваім гучаннем упрыгожвалі агульнае сугалоссе.

Ансамбль цымбалістаў быў нязменным удзельнікам беларускіх канцэртаў і святаў. Выступаў як самастойная адзінка, а таксама суправаджаў выкананне народных песень і танцаў. Рыгор Самохін працаваў не толькі як умелы і здольны кіраўнік ансамбля, але і напісаў для яго шэраг твораў, у якіх таленавіта выкарыстоўваў шматлікія гукавыя фарбы і асаблівасці гучання цымбалаў.

Буйнейшы твор Рыгора Самохіна ў гэтым шэрагу — «Сюіта для цымбальнага ансамбля», якая складалася з чатырох частак, кожная з якіх магла гучаць і як самастойны музычны твор. Вытрыманасць формы, шмат настрою, багацце пачуццяў, ад паэтычнай лірыкі да яскравай вясёласці, рабілі гэтую сюіту класічным творам.

У сваіх апрацоўках народных песень для голасу кампазітар імкнуўся захаваць своеасаблівасць іх мелодыкі, знайсці адпаведныя сродкі гарманізацыі, якія не перагружалі яе чужымі ёй гучаннямі, не парушалі цэласнасці, але падкрэслівалі яе музычна-тэкставы змест. Гэта маглі быць шырокія, гуслевага характару, акорды («Ды ўжо сонейка»), ці пераборы гармоніка («Ой, пад дубам»), ці кантрапунктычныя падгалоскі, скампанаваныя ў народна-песенным стылі («Каліна-малінушка»).

У рамансавай творчасці Рыгору Самохіну ўдавалася правесці адзіную лінію настрою праз увесь раманс. Перад слухачамі разгортваўся цэласны, завершаны музычны вобраз. Тут надзвычайна вялікая роля была фартэпіяннага суправаджэння, якое вельмі часта ўяўляла сабою зусім самастойныя эпізоды-прэлюдыі, інтэрлюдыі і канцоўкі…

Падчас нямецкай акупацыі Рыгор Самохін напісаў оперу «Каваль-ваявода» на лібрэта добра вядомага даваеннага рэжысёра і драматурга, аднаго з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра Яўгена Міровіча. Потым кампазітар напісаў дзіцячую оперу «Мухамор» паводле вершаванай казкі Максіма Танка, аперэту «Залёты» паводле камедыі Дуніна-Марцінкевіча. У 1942 годзе выдавецтва Кастуся Езавітава ў Рызе выдала асобнай брашуркай раманс Рыгора Самохіна «Непагодны вечар» на словы Максіма Багдановіча. Наклад выдання быў 2000 асобнікаў.

 У 1944 годзе Рыгор Самохін цяжка захварэў. Спадзяваліся, што ён адужае хваробу, але гэтага не адбылося. Кампазітар і музыкант памёр ва ўзросце 33 гадоў. Праўда, ёсць адна версія, што ён трагічна загінуў у Мінску падчас бамбёжкі. І другая, што, нібыта ў 1944 годзе, Самохін эмігрыраваў на Захад. Але пасля вайны ніхто і ніколі з беларускіх эмігрантаў Рыгора Самохіна не згадваў.

Сяргей Чыгрын, novychas.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email