15 лютага ў Горках у школе №1 паэт і празаік, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі правеў прэс-урок у рамках праекта “Чытаем па-беларуску з velcom”.
Да гэтай ініцыятывы ўжо далучыліся больш за 14.000 вучняў малодшых класаў з Мінска, Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. А Горкі сталі першым горадам на Магілёўшчыне, дзе адбылося такое мерапрыемства. У нас вучнямі незвычайнага ўрока сталі дзеткі з 2-3 класаў школы №1.
У пачатку ўрока незвычайны настаўнік прывітаўся і прапанаваў зацікавіцца паходжаннем свайго прозвішча, паспрабаваць знайсці сваіх сваякоў (нават тых, хто не жыве у Беларусі). Уладзімір Сцяпанавіч заклікаў прысутных праз складанне радавога дрэва дапаўняць гісторыю нашай краіны.
Распавёў ён і пра сваё дзяцінства, вучобу ў школе, бацьку. А потым прадэманстраваў багацце беларускай мовы праз свой аповед, у якім усе словы пачынаюцца з літар “а” і “б”. Уладзімір Сцяпанавіч таксама прачытаў твор, у якім усё наадварот. Напрыклад, “схаджу ў дровы і прынясу лесу” ці “галава дыбам стала на валасах”.
Калі спачатку ўрока частка дзяцей пазяхала, то напрыканцы яны ўсе глядзелі ўважліва на свайго “настаўніка” і пляскалі ў ладкі. Нечакана “настаўнік” папрасіў, каб прысутныя выставілі яму адзнаку за праведзены ўрок, і атрымаў 10 балаў ад усіх – і дзяцей, і дарослых.
– Я працую на беларускай мове і хачу, каб і дзеці любілі яе, таму што мова – гэта душа чалавека, паветра, якім ён дыхае. Трэба і настаўнікам, і журналістам, і бацькам перадаць дзецям любоў да мовы і да роднай краіны. Мова – гэта аснова асноў, – падзяліўся з намі Уладзімір Ліпскі.
– Мае горацкія слухачы толькі ростам маленькія. З задавальненнем яны прымаюць удзел у размове і можна гаварыць з такімі маленькімі вучнямі амаль аб усім. Яны, хаця і па-свойму, усё разумеюць. Я вельмі ўдзячны кампаніі velcom, што яна разам з Міністэрствам адукацыі Беларусі ажыццявілі гэты праект, – дадаў Уладзімір Сцяпанавіч.