пят, 27.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

З гісторыі гoрaцкай студыi "Аршанскага маладняка”

09.09.2013 – 18:46 | 1619

У многіх літаратурных выданнях можна прачытаць пра тое, што ў Оршы існавала філія “Маладняка" – аб'яднання беларускіх пісьменнікаў, якое працавала з лістападу 1923 да лістападу 1928 г. У Горках жа дзейнічала лiтаратурная студыя гэтай арганізацыі.

З гісторыі гoрaцкай студыi "Аршанскага маладняка”

Пачаўся пошук па гісторыі гэтай студыi з фотаздымка, які ў канцы 1970 г. даслала нам заслужаная дзяячка культуры БССР Паўлiна Мядзёлка, былая выкладчыца кафедры белaрусaзнаўcтва нашай акадэміі.

На здымку быў подпіс "Літаратурны гурток сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках". У лісце Мядзёлка пісала, што на фота – Н.Сапранкоў, М.Ганчарык, Ю.Гаўрук і А.Вечар. Прозвiшчы астатніх яна забылася, але абяцала аб дзейнасці гэтага гуртка даслаць успамiны. На жаль, праз некаторы час Паўліна памёрла.

Давялося шукаць іншых удзельнікаў гэтай літаратурнай суполкі. Дапамог Гаўрыла Iванавiч Гарэцкi, акадэмiк Акадэмii навук БССР, якi ведаў i сябраваў з многiмi з гэтага гуртка. Гаўрыла Iванавiч падсказаў адрасы i тэлефоны ўдзельнікаў.

Ад філіі да студыі

Першым, хто адгукнуся на мой запыт i даслаў адказ, быў Міхась Ганчарык, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, член-карэспандэнт АН БССР, выхаванец акадэміі 1924 г.

У лісце ён успамінаў, што пасля заканчэння iнстытута (так тады звалася сучасная акадэмія) быў прызначаны загадчыкам Аршанскага акруговага аддзела народнай адукацыі.

"Не памятаю дакладна, – пiсаў ён у лiсце, – але здаецца, у сакавiку 1924 г. да мяне прыехалi Кандрат Крапiва i Уладзiмiр Дубоўка. З iмi я ўжо быў знаёмы па паездках у Мiнск i па наведанні рэдакцыi газеты "Савецкая Беларусь", дзе я сустракаўся са сваiмi знаёмымi па 1918-1920 гг. З.Жылуновiчам, М.Чаротам, З.Бядулем i iншымi.

Крапiва i Дубоўка звярнулiся да мяне з прапановай – арганiзаваць фiлiю "Маладняка". Такiя фiлii ўжо былi ў некаторых акругах, i iм было даручана арганiзаваць такую ж у Оршы. У гэты час у Оршы працаваў рабфак, якiм кiраваў Акулiк, загадчыкам вучэбнай часткi быў Сташэўскi. Я звязаўся з iмi. Мы пагутарылi са студэнтамi, сярод якiх быў "знойдзены" Тодар Кляшторны i два-тры хлопцы, якiя пажадалi ўдзельнiчаць у будучым "Маладняку".

Кiраўнiцтва было сфармiравана ў складзе членаў праўлення Сташэўскага i Кляшторнага. Мяне прызначылi старшынёй фiлii. Было вырашана выдаць i першы нумар часопiса "Аршанскi маладняк".

Праз тры месяцы лiтаратурныя матэрыялы для першага нумара былi выдадзеныя за кошт сродкаў аддзела народнай адукацыi. Мной у гэтым нумары былi напiсаны нарыс "Аб творчасцi М.Багдановiча" i верш "Усмiхаючыся сонцу ў вочы" пад псеўданiмам Я.Савец. Амаль усё астатняе было напiсана Дубоўкам, акрамя байкi "Не будзе горшай" Крапiвы..."

Як бачна з дакументаў, што знаходзяцца ў Беларускiм дзяржаўным архiве-музеi лiтаратуры i мастацтва, фiлiя была арганiзавана ў маi 1925 г.

У архiве захавалася заява Мiхася Ганчарыка ў Цэнтральнае бюро "Маладняка". Прывядзём яе поўнасцю: "Згаджаючыся з агульным напрамкам той пуцявiны творчасцi, якую нясе сабой з’яднаны калектыў беларускiх паэтаў i пiсьменнiкаў "Маладняка", прашу ЦБ "Маладняка" залiчыць мяне сябрам свайго аб’яднання, каб быць адной сплачонай часцiнай у сваёй працы, новай беларускай пралетарскай творчасцi.

Азнаёмiцца з маiмi творамi можна па некаторых друкаваных вершах i апавяданнях, змешчаных: "Наша Нiва" за 1914 г. (псеўд. Ландыш), "Вольная Беларусь" за 1918 г. (псеўд. Я.Сявец), "Рунь", "Вольны сцяг", "Зоркi", "Савецкая Беларусь", "Днi нашага жыцця", "Голас рэвалюцыйнага студэнства" – псеўд. пад вершамi Я.Сявец, пад прозай М.Г.Лясун" (БДА-МЛМ РБ Ф. 225, воп. 1, сп. 18, л. 15).

У 1926 г. Мiхася Ганчарыка запрасілі на працу асістэнтам кафедры фізіялогіі раслін Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля гэтага аршанская філія "Маладняка" фактычна разбiлася на дзве часткi. Горацкая частка назывaлася – студыя.

Аб гэтай студыi пакiнуў успамiны былы яе сябар Юрка (Юры Паўлавiч) Гаўрук. Ён у 1925 г. скончыў Вышэйшы лiтаратурны iнстытут у Маскве i з 1925 па 1931 гг. працаваў дацэнтам кафедры беларусазнаўства ў Горках.

У кнiзе “Ступень адказнасці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ" Гаўрук пiша: “…апынуўся ў Горках амаль адначасова з А.Вечарaм, у далейшым доктарам бiялагiчных навук, прафесарам, заслужаным дзеячам навукі і тэхнікі БССР. Ён прыехаў вучыцца, а я выкладаў беларускую мову і літаратуру.

З 1925 па 1930 гг. пры акадэміі бесперапынна працаваў літаратурны гурток, мы нават выпусцілі некалькі нумароў часопіса "Аршанскі маладняк", з якіх апошні (№7 за 1928 г.) выглядаў вельмі грунтоўна.
Акрамя А.Вечара і мяне, актыўны ўдзел у працы гуртка прымаў Максім Гарэцкі, які кіраваў кафедрай беларусазнаўcтва.

Гурток збліжаў у асноўным студэнтаў, якія спрабавалi пісаць або цікавіліся лiтаратурай. Назаву некалькі імёнаў: Міхась Ганчарык, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў, Уладзімір Прыбыткоўскi (цудоўны паэт, загінуў у пачатку вайны на Брэстчыне), Васіль Каваль, Язэп Вір.

...Алесь Вечар прыцягваў мяне сваёй самастойнасцю, сур'ёзнасцю, унутранай стрыманасцю, уменнем кожную распачатую працу даводзiць да канца.

Ён пісаў вершы, мы іх друкавалі, прычым без усялякіх выпраўленняў, як быццам напісаны яны былі не пачаткоўцам, а дасведчаным майстрам.
...Для шостага нумара "Аршанскага маладняка" не было адпаведнага клішэ. А хацелася даць нешта арыгінальнае. І Алесь Вечар вельмі нядрэнна выразаў на лiнолiуме дрэва з лісцем, якое было надрукавана на вокладцы.

...Я мала ведаю Алеся Вечара як навукоўца, пра гэта скажуць іншыя, але магу запэўніць, што Вечар – паэт у многiм дапамог Вечару-навукоўцу".

У сваю чаргу М. Ганчарык з вялiкай удзячнасцю ўспамiнае пра актыўнага ўдзельнiка студыi, свайго сябра Юрку Гаўрука:

"Усе мы, горацкiя маладнякоўцы, паважалi Ю.Гаўрука за яго глыбокую лiтаратурную асвету, якой бракавала кожнаму з нас. Яго ўдзел у розных нашых сходках, лiтаратурных вечарах, а то i проста ў нашых размовах на лiтаратурныя тэмы быў для кожнага з нас цiкавым i павучальным" (М. Ганчарык. Праз гады i дзесяцiгоддзi // "ЛiМ", 1981, 21 жнiўня).

У 1975 г. аўтару гэтага артыкула ўдалося ў Мiнску сустрэцца з А.Вечарам, якi ўспамiнаў: "Першыя вершы я пачаў пiсаць, яшчэ калi працаваў загадчыкам хаты-чытальнi. А ўжо будучы студэнтам акадэмii, даведаўся аб тым, што ў Оршы створана суполка "Маладняка", якая плануе выпускаць часопiс, даслаў туды свае вершы".

I, як вядома, твор "Дзве думкi" пад псеўданiмам Алесь Ранiца быў надрукаваны ў першым нумары "Аршанскага маладняка" за 1926 г. Дарэчы, у гэтым годзе выйшлі тры нумары гэтага літаратуранага часопіса i ў кожным – вершы Вечара.

Да гэтага можна дадаць, што ў 1930 г. Вечар выдаў свой першы зборнік вершаў, затым у 1977 г. – другую кнiгу "Зварот да слова" i быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Праца на высокім узроўні

У Беларускiм дзяржаўным архiвe-музеi лiтаратуры i мастацтва (БДА-МЛМ) захавалaся некалькi пратаколаў горацкай студыi "Маладняка" за 1926 г.

Вывучаючы гэтыя дакументы, можна даведацца шмат цікавага пра працу арганізацыі.

Перш за ўсё варта адзначыць, што хоць частка сябраў арганізацыі жыла ў Горках і раёне, яна была фiлiяй "Аршанскага Маладняка". Аднак, сябры зноў створанай арганізацыі называлі сябе ўдзельнікамі Горацкай "студыi" "Маладняка". Вядома, што слова "студыя" мае некалькi значэнняў i ў асноўным так называюць школы, гурткi, якiя рыхтуюць мастакоў, скульптараў i акцёраў.

Назву часопіса "Аршанскi Маладняк" не змянiлi, хоць ён з трэцяга нумару пачаў выдавацца ў Горках.

З пратаколу пасяджэння №1, якое праходзiла 2 кастрычнiка 1926 г., бачна, што на першай сустрэчы прысутнiчалi: Ганчарык, Гаўрук, Вечар, Прыбыткоўскi, Герасiмовiч i Мiльячэнка.

Слухалi паведамленне Ганчарыка аб далейшай працы фiлii: улiчваючы, што "сувязь з Воршай (так у той час называлi Оршу – У.Л.) дасканала немагчыма падтрымліваць з-за недахопу сродкаў, працу рэарганiзаваць у тым сэнсе, што ў Горках утварыць самастойную фiлiю. У наступны момант гэта мае пад сабой грунт, затым што сiлы ў Горках павялiчылiся".

Аднагалосна вырашылi з аршанскай фiлii "Маладняка" выйсцi i "…утварыць дзве самастойныя фiлii: у Горках i ў Оршы, падзялiўшы ўсе сродкi пароўну".

На гэтым жа пасяджэннi прынялi праект каляндарнага плану працы на 1926-1927 гг.,  складзены А.Вечарам. Ён змяшчаў 23 пункты. Напрыклад, намячалася заслухоўваць наступныя пытаннi: "Сацыялагічны метад у вывучэнні літаратуры", "Характар і віды прозы", "Беларускі тэатр", "Стылістыка прозы", "Канструктывізм" і інш. Планавалі таксама разгляд твораў К.Чорнага, А.Дудара, А.Александровiча, А.Вольнага, А.Зарэцкага, М.Гарэцкага.

План фактычна быў праграмным дакументам студыi. Так, у iм рекaмендaвалaся "…вывучаць лiтаратуру з боку фiлёзофскага (так у той час пiсалi – У.Л.), зачым лiчыць неабходным вывучэнне той часткi матэрыалiстычай фiлёзофii, якая гаворыць аб ёй".

Планaваўся таксама разгляд твораў на нямецкай i на групе славянскiх моў з "…мэтай iх разумення i большага вывучэння, пры чым увесцi ў практыку мастацкiя пераклады з навейшых чужаземных мастацкiх твораў…"

Для стварэння сталага каляндарнага плану працы студыi была створана камiсiя ў складзе Гаўрука, Прыбыткоўскага i Вечара. (БДА-МЛМ ф. 225, воп. 1, сп.18.л.6).

Планы гэтыя паспяхова праводзiлiся ў жыццё, што пацвяждаюць даклады студыйцаў Ю.Гаўрука ("Проза i вiды прозы", А.Вечара "Аб стылiстыцы") i iнш.

Гэта дало падставу М.I.Мушынскаму адзначыць, што "на высокiм узроўнi вялася творчая, крытычная праца ў некаторых найбольш моцных фiлiях, гуртках, аб чым сведчыць дзейнасць Горацкай студыi "Маладняка" ("Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства". – Мн.: 1975.С.196).

Вядома, што на сходзе 25 лiстапада 1926 г. сябры студыi зноў звярнулiся да пытання падзелу. Пратакол сведчыць: Слухалi: "...аб падзяленнi Аршанскай фiлii "Маладняка" на дзве самастойныя фiлii Горацкую і Аршанскую". Ухвалiлi: "З пастановы АК КПБ: падзел лiчыць немагчымым".

Чаму так? У свой час М.Ганчарык паведамiў аўтару гэтага артыкула, што дакладна прычыны адказу не былi вядомы сябрам "Маладняка" з Горак. Але ў iх было меркаванне, што, па-першае, у Аршанскiм АК КПБ лічылі, што калі будуць створаны дзве філіi i пры гэтым большая частка сяброў арганізацыі aпынецца ў Горках, то Аршанская філія будзе вельмі нешматлікай і не зможа працаваць. Па-другое, АК КПБ задавальняла тое, што часопіс выдаваўся ў Горках, дзе мелася добрая друкарня акадэміі, а акрамя таго ў Оршы было складана знайсці неабходную колькасць аўтараў і рэдактара. Па-трэцяе, вiдаць, супрацоўнікам партыі было зручней кантраляваць дзейнасць сябраў фiлii і ідэйны змест публікаваных твораў у часопісе пры ўмове захавання адной арганізацыі.

З пратаколаў бачна, што ў студыю ўваходзілі Алесь Вечар, Юрка Гаўрук, Мiхась Ганчарык, Паўліна Мядзелка, Навум Сапранкоў, Уладзімір Прыбыткоўскi, Васіль Каваль, Герасiмовiч (Язэп Вір), Сяргейчык, Мурашка, Чыжанок, Шрубок, Янушка, Калядка, Сымончык,  Змушка,  Мiльячэнка, Мятко, Дземядовiч, Саулiк i iншыя.

На жаль, пра лёс многiх сяброў студыi да гэта часу нiчога не вядома. Не вядомы нават iх iмёны.

Дапамагаў Гарэцкі

Што датычыць Максіма Гарэцкага, то ён хоць афiцыйна i не ўваходзiў у Горацкую студыю "Аршанскага маладняка", аднак, як успамiнаў Ганчарык, "…аказваў заўсёды добразычлiвую i аўтарытэтную дапамогу "маладнякоўцам" фiлii… Асаблiва быў карысным ягоны ўдзел у лiтаратурных вечарах, якiя наладжвалiся маладнякоўцамi, цi пры калектыўных разглядах творчасцi паасобных сяброў фiлii." (Максiм Гарэцкi. Успамiны. Артыкулы. Дакументы. С. 69-70).

Напрыклад, з пратаколу пасяджэння ад 25 снежня 1926 г. бачна, што М.Гарэцкi прымаў удзел у абмеркаваннi дакладу Ю.Гаўрука "Аб сталiстыцы". I разам з М.Ганчарыкам i У.Прыбыткоўскiм яны адзначылi, што "…у дакладзе не зусiм яскрава было высветлена пытанне".

З гэтага можна зрабіць выснову, што пытанні абмяркоўваліся вельмі сур'ёзна і дакладчыкаў, а таксама творы крытыкавалі, не зважаючы на аўтарытэты i тое – хто выкладчык, а хто студэнт.

Вядома, што Гарэцкi пiльна сачыў за творчасцю сяброў Горацкай студыi. У яго кнiзе "Маладняк за пяць гадоў. 1923 – 1928" (Мн.: 1928) ёсць "Бiяграфiчна-крытычны слоўнiк сучасных выдатных i тыповых "маладнякоўцаў".

Там Максім Гарэцкі дае кароткiя бiяграфii i затым разглядае творы некаторых маладнякоўцаў. Сярод iх вылучаў А.Вечара: "…ён даволi самабытны паэт у сучасным складзе "Маладняка".

Надзеi, якiя Гарэцкi ўскладаў на некаторых горацкіх творцаў, з цягам часу спраўдзiлiся – выраслi добрыя пiсьменнiкi. На жаль, асноўная частка тых творцаў загiнула ў час сталінскіх рэпрэсіяў.

Цiкава, што М.Гарэцкi быў не супраць разгляду свaiх твораў. Вiдаць, яму было цiкава чуць водгукi маладых сяброў. I калi выйшла з друку кнiга "На iмперыялiстычнай вайне", сябру студыi А.Вечару 2 студзеня 1926 г. было даручана зрабiць яе крытычны агляд.

Афiцыйна не ўваходзiла ў Горацкую студыю "Аршанскага маладняка" i жонка Максіма Гарэцкага Л.Чарняўская. Аднак, як успамiнаў М.Ганчарык i А.Вечар, яна часта прыходзiла на пасяджэннi разам з Максімам Іванавічам. Гэта дало М.I.Мушынскаму падставу залiчыць яе ў сябры "Маладняка" ("Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства". – Мн.: 1975.С.198).

Крытыкавалі і сяброў

Вядома, што некаторыя пытанні, як разгляд кнігі Кузьма Чорнага "Пачуццi" абмяркоўвалі аж на двух пасяджэннях студыі (12 і 19 кастрычнiка). Тады выступілі многія ўдзельнікі суполкі. Яны былі не згодны з крытычным артыкулам Данілoвіча, апублікаваным у газеце "Савецкая Беларусь" (яна выходзiла на беларускай мове да 1933 г. – У.Л.).

Напрыклад, М.Ганчарык казаў, што не згодзен з Данiловiчам, што кнiга "…перанасычана нудою". А Ю.Гаўрук пры абмеркаваннi выказаў думку, што гэтая рэцэнзiя "...не з'яўляецца сур'ёзнай крытыкай. К.Ч. (Кузьма Чорны –У.Л.) безумоўна ўзбагаціў беларускую літаратуру тым, што яго творы з боку формы з'ўляюцца новымі і арыгiнальнымi. Нiякай яскравай нуды у іх няма". Сябры студыi вырашылi даць рэцэнзiю на кнiгу "Пацуццi" ў газету "Савецкая Беларусь".

З пратаколаў студыі бачна, што пасяджэннi адбывалiся кожны тыдзень у кабінеце кафедры беларусазнаўства. Пачыналіся яны ў 9 гадзін вечара, пасля таго як завяршаліся заняткі ў акадэміі.

Кіравала працай студыі Бюро, у якое ўваходзілі: старшыня – М.Ганчарык, сакратар – А.Вечар, сябры – Ю.Гаўрук i П.Мадзёлка.

Акрамя штотыднёвых пасяджэнняў, члены студыі праводзілі літаратурныя вечары сярод студэнтаў акадэміі і рабфака, а таксама ў школах і на прадпрыемствах города i раёна. З пратаколу ад 25 снежня бачна, што студыя прымала ўдзел у працы гуртка "Беларускай культуры" акадэміі, а таксама культкамiсii пры прафкаме.

Не парывалi сувязi горацкiя сябры студыi i з Оршай. Так, на пасяджэннi ад 10 лiстапада 1926 г. было разгледжана пытанне аб арганiзацыi маладнякоўскага вечару для дэлегатаў акруговай партыйнай канферэнцыi КПБ. Было вырашана: "Зрабiць выезд у Воршу наступным таварышам: Герасiмовiчу, Калядку, Прыбыткоўскаму i Вечару".

На гэтым жа пасяджэнні было вырашана вылучыць дакладчыка на літаратурны вечар у Горацкую школу другой ступені на тэму "Аб сутнасцi і значэннi "Маладняка". Даклад было даручана зрабiць М.Ганчарыку.

Усе свае творы, перш чым рэкамендаваць іх да друку, члены студыі абмяркоўвалі на сваіх пасяджэннях. Пры чым крытыка сяброў iншы раз была давoлi рэзкай. Так, 26 кастрычнiка 1926 г., разглядаючы вершы

Калядкi "Сонейка" i "Ленiнскай партыi", сябры студыi вырашылi: перапрацаваць. А слухаючы вершы Змушкi, пастанавiлi: лeпшыя сабраць i перапрацаваць.

(заканчэнне будзе)

Уладзiмiр Лiўшыц

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email