Свет пабачыў новы зборнік краязнаўчых матэрыялаў БДСГА.
Любоў да Радзімы і народа пачынаецца з любові да сваіх продкаў, з ведаў гісторыі і культуры, з цікавасці да людзей і іх працы.
Каб фарміраваць інтарэс да гісторыі сваёй малой радзімы, Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей сумесна з кафедрай гісторыі і культуралогіі БДСГА з 1994 г. праводзяць раённыя краязнаўчыя канферэнцыі. Па іх выніках выдаюцца зборнікі дакладаў і паведамленняў.
У красавіку 2013 г. свет пабачыў чарговы зборнік “Бацькаўшчына”, у якім змешчаны матэрыялы дзявятай канферэнцыі. Яна адбылася летась у лістападзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі музея, выкладчыкі і студэнты акадэміі, настаўнікі СШ №2 і гімназіі №1 горада.
Артыкулы размешчаны ў зборніку па трох секцыях: гісторыя акадэміі, сельскагаспадарчай навукі і адукацыі; гісторыя, археалогія і этнаграфія Горацкага краю; літаратурныя традыцыі Горацкага краю.
Выданне прымеркавана да двух юбілеяў: 10-годдзя факультэта бізнесу і права БДСГА і 50-годдзя кафедры гісторыі і культуралогіі. Цікава і тое, што выступы на канферэнцыі рабілі не выкладчыкі, а студэнты, не абыякавыя да гісторыі свайго роду, горада, краіны.
Зборнік разлічаны на людзей рознага ўзросту і розных прафесій, на ўсіх тых, хто цікавіцца краязнаўствам.
На жаль, “Бацькаўшчына” мае невялікі наклад. Пазнаёміцца з выданнем можна ў чытальнай залі раённай бібліятэкі, горацкім музеі, у бібліятэцы акадэміі, а таксама на кафедры гісторыі і культуралогіі.
Таццяна Караеўская