нядзеля, 22.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Пісьменніка з-пад Мсціслава пераклалі на нямецкую мову

29.04.2015 – 20:00 | 889

Кніга класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, які нарадзіўся ў Мсціслаўскім раёне, "Дзве душы" выйшла ў перакладзе на нямецкую мову. Усе экземпляры прададзены.

Нашто немцам “Дзве душы”? Інтэрв’ю з нямецкім выдаўцом аповесці Максіма Гарэцкага Себасціянам Гугольцам (на фота).

На Ляйпцыгскім кніжным кірмашы, які адбыўся ў сакавіку 2015 года, маладое выдавецтва Guggolz прэзентавала на стэндзе ініцыятывы Books from Belarus нямецкую версію кнігі Максіма Гарэцкага “Дзве душы”. Чаму аповесцю, якая расказвае пра дваістасць, расшчэпленасць беларускага светагляду ў часы кастрычніцкай рэвалюцыі і абвяшчэння БНР, амаль сто гадоў пасля выхаду ў свет зацікавілася замежнае выдавецтва? Чаму кніга, знакавая для беларускай культуры і думкі, прыцягнула ўвагу немцаў? Мы паразмаўлялі пра гэта з выдаўцом Себасціянам Гугольцам.

Распавядзіце, калі ласка, пра вашае выдавецтва. Чаму менавіта ў вас вышла кніга “Zwei Seelen”?

Себасціян Гугольц: Выдавецтва “Гугольц” публікуе забытыя і невядомыя кнігі з Усходняй і Паўночнай Еўропы. Яно заснаванае ў 2014 годзе і пачалося з дзвюх кніг. Мы вельмі малая ініцыятыва, друкуем чатыры кнігі на год: дзве ўвосень, дзве – увесну. Адна з іх з восеньскіх кніг – “Дзве душы” Максіма Гарэцкага.

Вядомы нямецкі перакладчык беларускай літаратуры Норберт Рандаў разам з сястрой Гундулай і яе мужам Уладзімірам Чапегам некалькі гадоў назад пераклалі гэты раман на нямецкую. Перакладчыкі планавалі апублікаваць яго ў вялікім выдавецтве. Норберт быў пэўны, што гэта адна з ключавых беларускіх кніг, і таму хацеў прыцягнуць да яе як мага больш чытачоў. Яго першы выбар было выдавецтва “Зюркамп”, адно з самых знаных, легендарных выдавецтваў Нямеччыны. На жаль да выдання не дайшло праз унутраныя праблемы ў выдавецтве. Норберд памёр у 2013 годзе. Катарына Раабе, супрацоўніца “Зюркампа”, якая адказвае за ўсходняеўрапейскую літаратуру, сустрэлася са мной і згадала пра гэты ўжо перакладзены рукапіс.

Я зацікавіўся, і Катарына неўзабаве дала мне пачытаць “Дзве душы”. Кніга мяне ўразіла.

Я звязаўся з Гундулай Чапегай і Тэдай Тод-Чапегай, удавой Норберта Рандаў. Пасля перамоваў яны пагадзіліся надрукаваць гэтую кнігу ў маім малым выдавецтве, што для мяне вялікі гонар.

Чаму вы вырашылі выдаваць Гарэцкага? Ці паўплывала тое, што гэта аўтар з Беларусі, то бок даволі невядомай для Нямеччыны краіны?

Крытэрам была якасць прозы Гарэцкага. У яго ёсць чароўныя кадры, якія вымоўна апісваюць гістарычны ландшафт і атмасферу. Уражвае кампазіцыя твора з калейдаскапічным размеркаваннем частак твору, якая дае комплексны пагляд на Беларусь і гістарычныя змены, якія адбываліся ў тыя часы.

З аповесці я пачарпнуў шмат чаго цікавага пра Беларусь. Мне захацелася падзяліцца гэтым з нямецкім чытачом, які – тут вы маеце рацыю – мае даволі такое цмянае ўяўленне пра вашу краіну.

Ці ёсць водгукі з боку прэсы? Ці зразумелі нямецкія чытачы кантэкст твору? Як прадаецца кніга?

Кніга атрымала не абы-які розгалас у Нямеччыне. Спярша панавала зацішша, але праз колькі месяцаў выйшлі выдатныя рэцэнзіі ў папулярных газецах Frankfurter Allgemeine Zeitung, BerlinerTagesspiegel і Neue Zürcher Zeitung.

Кожная рэцэнзія казала пра тое, што месца і час дзеяння аповесці невядомыя для нямецкага чытача, але разам з тым рэцэнзенты ўзносілі зграбнасць стылю Гарэцкага. Што да продажу – станоўчыя рэцэнзіі дапамаглі. Сёння першы наклад амаль разышоўся.

Якія ўражанні ад прачытання кнігі асабіста ў вас? Што закранула?

Мне даспадобы кнігі пра невядомыя часы і акалічнасці. Я няшмат чаго ведаю пра Беларусь у 1919 годзе, і я не дужа абазнаны ў беларускай гісторыі ўвогуле. Але гэта толькі адзін бок медаля. Бо ў кнізе ёсць яшчэ і плённая перспектыва, з якой Гарэцкі выбраў весці дыялог з чытачом. Тут у аднаго аўтара можна знайсці адрозныя, часам супрацьлеглыя ацэнкі гістарычнай сітуацыі і палітычных працэсаў ў тагачаснай Беларусі. І гэта не тое, што пісьменнік з вышыні сваёй пазіцыі паглядае на мінулае, калі ўсе цудоўна ведаюць, як ацэньваць тую ці іншую эпоху. Тут аповесць непасрэдна кажа пра людзей, якія згубіліся ў рэвалюцыйных падзеях.

Пра людзей, якія не ведаюць, якім чынам паводзіцца, як думаць, што казаць і за што змагацца. І Гарэцкі ўсю гэтую неадназначнасць цудоўна выяўляе.

Ці маеце вы планы на выданне іншых беларускіх кніг? Мы ведаем, што ў сям’і Рандаў у запасе яшчэ ёсць некалькі перакладаў.

Планаў выдаваць іншыя беларускія кнігі пакуль што няма, але мне бы было цікава, да прыкладу, надрукаваць кароткія апавяданні Гарэцкага. На жаль Норберт Рандаў не з намі. Але маем маладое пакаленне, такіх перакладчыкаў, як Томас Вайлер, якія ідуць па слядах Рандаў. Акрамя Гарэцкага мяне цікавяць іншыя класікі, такія напрыклад, як Якуб Колас, не вельмі вядомы ў Нямеччыне аўтар. Ёсць куды рухацца!

Гутарыла Ева Вайтоўская, lohvinau.by

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email