На "Рыцарскі фэст - 2024" прыедуць некалькі гуртоў, каб прадставіць сваю творчасць. З трыма патэнцыйнымі гасцямі свята знаёміць mstlife.by.
У суботу 3 жніўня на Замкавай гары ўпершыню выступіць музычны гурт "Без панікі". У рэпертуары – энергічныя песні, якія спалучаюць разнастайныя жанры і ствараюць унікальнае гучанне.
Гурт быў заснаваны ў 2003 годзе Аляксандрам Рудакоўскім і ягонымі сябрамі. Музыкі выконваюць брыт-поп, софт-рок, поп-рок і іхныя розныя камбінацыі. Музыка лёгкая для ўспрымання, пад яе можна танчыць. У тэкстах песень гурт імкнецца адлюстроўваць традыцыйныя і класічныя каштоўнасці, пазбягаючы банальнасцяў.
Гэты калектыў часта выступае на розных імпрэзах і святах. Нядаўна – на фестывалі "Легендарныя эпохі" ў Зэльве.
Беларускі фолк-гурт "Хмельны вiр" пагрузіць слухачоў у атмасферу сярэднявечча. Гурт быў заснаваны спантанна. Дзяніса Захарава, які ніколі раней не займаўся такой музыкай, паклікаў сябар. Пазней да іх далучыліся астатнія ўдзельнікі.
У аснове творчасці калектыву – музыка розных эпох сярэднявечча, якая выконваецца на разнастайных інструментах: беларускай дудзе, жалейцы, скрыпцы, вялікім барабане, беларускіх гуслях. Сярэдні ўзрост музычных твораў, якія выконвае калектыў, каля 400 гадоў, а самы стары сыходзіць каранямі на 800 гадоў таму – у часы высокага Сярэднявечча.
Таксама ў Мсціслаў на фэст прыедзе гурта "Trollwald". Гэта калектыў з'явіўся ў 2015 годзе пасля распаду беларускага фолк-метал гурту "Litvintroll".
"Наша музыка – магутны мікс фолк-метала з элементамі stoner, heavy і glam. Беларуская мова і гукі дуды надаюць гучанню атмасферу старажытнасці", – расказвае вакаліст Андрэй Апановіч.
Музыкі выкарыстоўваюць беларускія дуды, жалейкі, клавішы, гітары і барабаны. У тэкстах песень з гумарам расказваецца пра розныя жыццёвыя сітуацыі, таксама прысутнічаюць казачныя вобразы і павучальныя матывы.