чцв, 26.12.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Купалле – адно з любімых свят нашых продкаў. Як і калі яго адзначалі раней?

06.07.2024 – 11:51 | 1773

Адно з галоўных паганскіх свят беларусаў зараз адзначаецца ў ноч на 7 ліпеня. Нашы продкі сустракалі Купалле яскрава і доўга ды старанна да яго рыхтаваліся. Мы вырашылі сабраць для чытачоў horki.info асноўныя факты пра традыцыі і абрады, якія тычыліся гэтага дня з даўніх часоў.

Купальская ночь.

Той і не той дзень

Адпачатку Купалле адзначалі ў ноч з 22 чэрвеня на 23 чэрвеня. Гэта было звязана з днём летняга сонцастаяння. Нашы продкі былі ўпэўнены, што ў гэты ноч прырода перажывае свой найвышэйшы росквіт і як ніколі багатая дарамі.

З прыняццем хрысціянства ўрачыстасць прымеркавалі да царкоўнага свята – Яна Прадцечы, які хрысціў Збавіцеля ў водах ракі Ярдан. Так свята паступова займела другую назву Івана (Яна) Купала. У 1918 годзе адбылася каляндарная рэформа, мы перайшлі на Грыгарыянскі каляндар, але царква захавала папярэдні, таму Іван Купала пачаў святкавацца ў ноч з 6 на 7 ліпеня, што працягваецца і па наш час.

Адкуль узялося свята?

Мяркуецца, што свята ўзнікла з паганскіх рытуалаў ачышчэння, якія праводзілі на вадаёмах у дзень летняга сонцастаяння. З надыходам цемры людзі, па традыцыі, праводзілі шматлікія абрады і варожбы, звязаныя з агнём, вадой і кветкамі.

На Купалле даўней абавязкова купаліся ў вадаёмах – па народным павер'і, пачынаючы з гэтай ночы, да 2 жніўня (Ільін дзень) усё паскуддзе пакідала сажалкі, рэкі і азёры, таму вада ў гэты перыяд мела магічную сілу і магла вылечыць ды ачысціць ад усякага зла.

У паселішчах, дзе не было вадаёма, людзі праводзілі рытуал ачышчэння ў лазні, а нарыхтаванымі на Купалле венікамі карысталіся потым цэлы год.

Якія яшчэ былі павер'і?

Па народных павер'ях агонь таксама валодаў у гэты вечар і ноч магічнай і ачышчальнай сілай. Таму на берагах рэк, азёр і вадаёмаў разводзілі вялікія вогнішчы, якія абаранялі людзей ад усялякага зла. Моладзь вадзіла вакол вогнішча карагоды, спявала купальскія абрадавыя песні і скакала праз агонь. А яшчэ – хлопцы і дзяўчаты шукалі містычную папараць-кветку, якая прыносіць багацце і шчасце ды дапамагае знайсці скарб або выканаць патаемныя жаданні.

Вогнішча падпальвалі пасля заходу сонца, а калі яно дагарала, галавешкі скідалі ў вадаём. Маці спальвалі ў вогнішчы адзенне, знятае з хворага дзіцяці.

Якія былі прыкметы?

На Купалле звычайна варажылі на лёс і суджанага. Самай распаўсюджанай была варажба па вянках, якія плялі з палявых кветак і лісця папараці. Дзяўчына кідала вянок у ваду, і калі ён плыў далей, гэта лічылася знакам доўгага і шчаслівага жыцця. А калі тануў, тое гэта абяцала хуткі разрыў з каханым або доўгую адзіноту.

Каб у поўнай меры адчуць энергетыку свята, на Купале прынята скакаць праз вогнішча, узяўшыся за рукі. Лічылася, што пару, у якой гэта атрымлівалася, чакала доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё.

У гэтую ноч стараліся не спаць да світання – гэта таксама абяцала шчасце.

У што яшчэ верылі, святкуючы Купалле?

Нашы продкі былі ўпэўнены, што кветкі і травы таксама валодалі ў ноч на Купалле магічнай і гаючай сілай, таму існавалі прыметы і варожбы, звязаныя з іх збіраннем. Траву збіралі да світання, каб яна захавала гаючыя ўласцівасці. Звычайна збіралі мацярдушку (душыцу), багун (багульнік), падбел (маці-і-мачыху), крапіву і палын.

Сабраныя расліны спачатку раскладвалі на расе, а потым сушылі і выкарыстоўвалі па неабходнасці. Гаючымі адварамі праводзілі розныя абрады, рытуалы і варожбы, а таксама рыхтавалі для хворых адвар.

Была добрая традыцыя абкурваць хату травой – яна выганяла злых духаў, а таксама прыцягвала дабрабыт і поспех у сям'ю.

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email