сер, 9.10.2024
horki.info в Viber horki.info в Instagram horki.info в Одноклассниках horki.info в ВК horki.info в Facebook horki.info в TikTok horki.info в YouTube Новости horki.info по почте

Які ён – беларускі Новы год?

31.12.2014 – 14:00 | 1413

Самае папулярнае ў нашай краіне свята можна сустрэць у лепшых традыцыях айчыннай культуры. Газета “УзГорак” сабрала самыя цікавыя факты пра беларускі Новы год.

Ад 1362 года

Так, так, менавіта ад 1362 года (часам пішуць, што ад 1364) нашы продкі пачалі адзначаць Новы год 1 студзеня. А да гэтага беларусы лічылі пачаткам года дзень веснавога раўнадзенства, калі абуджалася прырода і пачыналася кола новага аграрнага цыкла. А вось традыцыя ставіць елку ў доме з’явілася толькі ў другой палове XIX стагоддзя. Дарэчы, у нашай усходняй братняй суседцы святкаваць Новы год 1 студзеня пачалі нашмат пазней, толькі пры Пятры І – у 1700 годзе. 

Елі ўсё

Калі зазірнуць у святочнае меню нашых продкаў, дык можна зрабіць выснову, што ў святы беларусы любілі пад’есці добра. Вядома, што тагачасны навагодні стол, які быў звязаны з каляднымі традыцыямі, патрабаваў ажно 12 розных страў. Усе яны былі сімвалічнымі. На свята падавалі каўбасу, катлеты і іншыя вырабы са свініны або ялавічыны, масла, сыр, абавязкова бліны, салёную і марынаваную агародніну, кісялі ці кампот, рыбу, грыбы. Не трэба забывацца і на куццю – кашу з ячных круп. Так што тыя з нашых чытачоў, хто захоча зрабіць сабе арыгінальны і аўтэнтычны беларускі навагодні стол, могуць браць гэтае меню за аснову.

Варажылі і прыкмячалі

Раз Каляды і Новы год у Беларусі адпачатку былі звязаныя, то і традыцыю варажбы ў гэтыя дні ніхто не адмяняў. Напрыклад, дзяўчаты ламалі хлеб і кожная давала свой кавалак сабаку. Чый кавалак з’ядаўся першым, тая першая будзе ў шлюбе ў новым годзе. Мала вядома, але былі і такія варажбіты, якія ішлі да суседзяў пад дзверы ці пад вокны падслухаць. Калі ў хаце размаўлялі спакойна – добрая прыкмета, а вось калі лаяліся або спрачаліся – жыццё абяцала быць неспакойным. 

Вядома, што перад Новым годам лепей за ўсё вярнуць усе пазыкі, не працаваць, бо тады будзеш увесь год гарбаціцца, не хварэць і не сварыцца.
Вось яшчэ што меркавалі нашы продкі: “Які першы дзень студзеня, такі і першы дзень лета”. “Калі на Новы год неба зорнае – чакай добрага ўраджаю, будзе багата ягад”.

Сямейны рытуал

У літаратуры апісваецца адзін сямейны рытуал, які можа ўзяць на ўзбраенне і любая сучасная “ячэйка грамадства”. За 15 хвілін да заканчэння старога года ўся сям’я садзілася за стол, каб аддзячыць мінулы год і разам з тым пакінуць у ім усе праблемы, беды, хваробы. Старэйшы ў сям’і браў невялікую пасудзіну, напаўняў яе вадою напалову, ставіў на сярэдзіну стала.

Усе прысутныя працягвалі левую руку і роўна хвіліну трымалі яе над гэтай пасудзінай. Пры гэтым кожны ў думках аддаваў вадзе хваробы, страты, зайздрасць, неўраджай – усё тое, што яго ў першую чаргу не задавальняла летась. Прычым калі ў сям’і былі немаўляты, то дарослыя саджалі іх да сябе на калені, бралі іх руку і трымалі над той вадой. Роўна праз хвіліну старэйшы браў рытуальны посуд і выліваў ваду з усімі бедамі праз акно. 

Як толькі надыходзіла поўнач, той жа посуд зноў напаўняўся вадой да самага краю і ставіўся на стол. Цяпер усе прысутныя працягвалі над ім правую руку і самі сабе прагаворвалі пажаданні дабра, здароўя, поспехаў, удачы, сямейнага дабрабыту. Праз хвіліну кожны па коле выпіваў глыток той вады.

Вось так нашы продкі сустракалі Новы год. Зычым і вам, дарагія чытачы, не толькі адзначыць гэтае свята весела, але і пражыць наступны год у ладзе і добрым здароўі!

Антон Валадзько

Падзяліцца

Viber Аднакласнікі УКантакце Facebook Email