Да канца гэтага года ў Мсціславе павінна з'явіцца мемарыяльная дошка ў гонар беларускага мовазнаўцы Янкі Бялькевіча – паведамляе райвыканкам. У 1925-1927 гадах ён быў выкладчыка і дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума.
Янка Бялькевіч нарадзіўся ў 1883 годзе на Гарадзеншчыне. Быў выкладчыкам, працаваў у Наркамаце асветы (на той час гэта Міністэрства адукацыі), быў навуковым супрацоўнікам Інбелкульта і Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук.
Вывучаў дыялекталогію і культуру беларускай літаратурнай мовы. Аўтар артыкулаў па беларускім мовазнаўстве.
Ягоная галоўная праца – "Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны" быў падрыхтаваны ў 1920-х гадах, а выдадзены толькі ў 1970 годзе. Гэта найвялікшы абласны слоўнік беларускай мовы, у ім – болей за 20 000 слоў.
17 лютага 1930 года Бялькевіч быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе. Вінаватым сябе не прызнаў. Яго саслалі на пяць гадоў у Іашкар-Алу. Там ён працаваў на лесапавале. Пасля вызвалення выехаў ва Украіну ў Данецкую вобласць, дзе працаваў выкладчыкам, бо да канца жыцця яму не дазвалялі вярнуцца ў Беларусь.
Рэабілітаваны (гэта значыць, што было прызнана, што чалавек быў незаконна асуджаны) 19 верасня 1960 года.