Горацкі ксёндз Анрэй Кеўліч рассказаў, як мясцовыя каталікі ўшанавалі ікону Маці Божай Бялыніцкай, апякункі нашай парафіі.
– Спадар Андрэй, раскажыце, калі ласка, пра свята, якое вы адзначалі 20 верасня?
– Летам гэтага года Канферэнцыя Біскупаў вызначыла гэтую дату для літургічнага ўспаміну іконы Маці Божай Бялыніцкай, яе імя носіць горацкая парафія. Можна сказаць, што ў нас атрымаліся своеасаблівыя імяніны прыходу. Адметна і тое, што гэта было першае ў Беларусі святкаванне асобнага літургічнага ўспаміну гэтай цудоўнай іконы.
Я яшчэ малады святар, таму і ў маім пастарскім жыцці гэта важная падзея, бо я ўпершыню праводзіў мерапрыемства такога рангу тут, у Горках. Прызнаюся – крыху хваляваўся. Але з дапамогай нашых парафіян ўдалося зладзіць і правесці ўсё даволі нядрэнна.
Асноўная частка мерапрыемства мусіла адбывацца на вуліцы, таму мы маліліся, каб было добрае надвор’е. Парафіяне падрыхтавалі пляцоўку, на якой праводзілася Літургія, а таксама – святочны пачастунак. Мы з ксяндзом Аляксандрам Шупенькам, душпастырам са Шклова, збудавалі крыты навес.
– Раскажыце крыху пра гісторыю іконы.
– Яна вельмі цікавая. Пасля заснавання канцлерам Львом Сапегам кляштара кармелiтаў у Бялынiчах (у 1624 г.) манахi беспаспяхова спрабавалі набыць для свайго храма абраз Мацi Божай. Аднак у тым глухiм краi на той час добрага мастака знайсцi было цяжка. І вось аднойчы прыйшоў да брамы кляштара малады пiлiгрым. Ён паабяцаў прыёру намаляваць абраз Найсвяцейшай Мацi Божай i сказаў, каб манахі спявалi лiтанiю ў той час, калі ён будзе працаваць.
Яшчэ не скончылася лiтанiя, а мастак, намаляваўшы толькi прыгожыя твары Мацi Божай i Пана Іісуса, сказаў манахам, што Мацi Божая сама сябе аздобiць у наступным годзе, і на вачах усiх дзiўным чынам знiк.
Толькі тады манахі здагадаліся, што гэта быў не просты мастак, а пасланец неба. Адбылося гэта ў 1634 г.
У 1660 г., калi ўзнікла ваенная пагроза, законнiкi вырашылi адвезцi абраз з усiм срэбрам i касцёльным начыннем у Кракаў. Аднак Бог у бясконцай сваёй дабрыні, відаць, не захацеў, каб гэты абраз з Лiтоўскага краю (так на той час называлася Беларусь – рэд.) быў аддалены. Госпад зрабiў так, што калі законнікі з абразом праязджалі міма Ляхавiцкай фартэцыі, іх затрымала невядомая сіла. Конi нiяк не маглi пайсцi далей.
Вестка пра гэты цуд дайшла да Станiслава Мiхала Юдзiцкага, генерала каманды ў Ляхавiцкай фартэцыi, якi, выйшаўшы з духавенствам, прыняў абраз i праводзiў яго да фартэцыi.
У 1761 г. ікона была каранаваная Папскімі каронамі. Гэта найвышэйшая адзнака пашаны, прызнання цудатворнасці святыні ў каталіцкім касцёле.
У першай палове XVIII ст. зафіксаваныя цудоўныя вылячэнні i выратаванні пры заступніцтве бялыніцкага абраза Маці Божай.
У 1876 г. касцёл быў пераасвечаны ў царкву на працягу адной ночы з 11 на 12 красавiка так імкліва, што каталiкi не паспелi вынесцi цудатворны абраз сваёй святыні, а 12 красавiка стала днём праваслаўнага святкавання абраза.
Няма рэальных звестак пра лёс абраза пасля рэвалюцыі 1917 года. Шату і кароны з яго новыя ўлады, безумоўна, абадралі ў 1921–1922 гг. падчас кампаніі па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў. Лічыцца, што ў 1930-я, калі царква была зачынена, абраз трапіў у Магiлёўскi абласны краязнаўчы музей і знiк адтуль у час вайны 1941–1945 гг.
Так у агульных рысах выглядае гісторыя іконы, але гэта вельмі скарочана.
– На свята сабралася даволі шмат гасцей. Пэўна, гэта былі парафіяне не толькі мясцовага прыходу?
– На свята былі запрошаныя і прыехалі, перадусім, святары амаль з усяго нашага рэгіёну. Гэта ксёндз Юры Быкаў, які распачаў нядаўна служэнне ў Магілёве. Айцец Ежы Віжхоўскі з магілёўскай парафіі Святога Антонія, які ўжо каля трынаццаці гадоў апякуецца ў нас на Магілёўшчыне. Айцец Гжэгаж з Чавусаў. Ксёндз Павел Адамовіч, які нядаўна быў прызначаны ў Крычаў. Ксёндз Аляксандр Шупенька са Шклова, які таксама абслугоўвае Фашчаўку і Княжыцы. Ксёндз Валеры Орсік, які служыць у Оршы і будуе там касцёл. А таксама мсціслаўскі святар Роберт Маціеўскі.
Разам са сваімі парафіянамі да нашага свята далучыўся святар з Вілейкі ксёндз Аляксандр Барыла. Так, нягледзячы на даволі вялікую адлегласць, адтуль да нас прыехала больш за паўсотні гасцей.
Вілейка – гэты горад для мяне знакавы і асаблівы, бо менавіта там я распачынаў сваё святарскае служэнне – два гады правёў там у якасці вікарыя. Трэба сказаць, што да гэтай пары мы з вілейскімі парафіянамі падтрымліваем сапраўдныя сяброўскія стасункі.
Таксама да нас завіталі парафіяне з Фашчаўкі.
– Распавядзіце, калі ласка, пра само свята, як яно адбывалася?
– Распачаліся ўрачыстасці з таго, што перад святой Імшой нашы парафіяне – Анастасія Матвеева і Станіслаў Пяткевіч – коратка пазнаёмілі ўсіх прысутных з гісторыяй горацкай каталіцкай парафіі.
Сама Літургія пачалася працэсіяй: святары вынеслі ікону Маці Божай Бялыніцай і ўсталявалі яе на падрыхтаванае месца такім чынам, каб абраз быў у цэнтры свята.
Па маёй просьбе галоўным цэлебрантам (кіраўніком літургічнага дзеяння) быў ксёндз Аляксандр Барыла, а казанне прамовіў ксёндз Аляксандр Шупенька. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, як у Марыі можна і трэба вучыцца трываць пры Хрысце.
Пасля Літургіі адбыліся спецыяльныя, асаблівыя малітвы перад іконай Маці Божай Бялыніцкай, а таксама быў упершыню прадэкламаваны гімн гэтай іконе, які падрыхтавала і напісала спадарыня Марыя Новікава з Мінску. Гэты гімн прагучаў тут у нас упершыню. У ім знайшлі адлюстраванне трагічныя падзеі, якія маюць дачыненне не толькі да гісторыі самой іконы, але і да гісторыі ўсёй Беларусі.
З нашымі парафіянамі мы вырашылі, што гэты гімн іконе мы будзем чытаць цяпер супольна кожны тыдзень на ўрачыстай малітве.
– А хто пісаў для Вашай парафіі гэтую ікону?
– Наша копія паўстала ў 2010 годзе. Стварылі яе студэнты Акадэміі мастацтваў з Мінска – Анастасія Бурко і каталік-кітаец Сян Шао. Восьмага снежня таго года ікона, пісаная адмыслова для нашай парафіі, была ўрачыста асвечана.
Мы спадзяёмся, што свята гэтай іконы стане яшчэ адной, няхай і невялікай, цаглінкай у аднаўленні культу Маці Божай Бялыніцкай ў Каталіцкім Касцёле на нашай зямлі. Бо ў гістарычных звестках гаворыцца, што раней слава гэтай іконы распаўсюджвалася аж да Кракава і Вільні.